Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пакараюць забойцу гомельскай студэнткі расстрэлам, стане вядома 24 сьнежня


Аляксандар Груноў

Аляксандар Груноў

23 сьнежня ў Гомельскім абласным судзе, дзе пераглядаецца крымінальная справа Аляксандра Грунова пра забойства з асаблівай жорсткасьцю студэнткі Наташы Емяльянчыкавай, адбыліся спрэчкі, а заўтра будзе абвешчаны вырак.

Дзяржаўны абвінаваўца — Тацяна Жызьнеўская з абласной пракуратуры. У сваёй прамове яна заявіла, што на рахунку Аляксандра Грунова ўжо два жыцьці — сужыцеля сваёй маці, які памёр ад жорсткага зьбіцьця, і студэнткі Наташы Емяльянчыкавай, забітай ім 20 верасьня 2012 году. За абразьлівае слова Груноў нанёс ёй ня менш як 102 нажавыя раненьні, душыў яе й зламаў рэбры. Студэнтка ў муках сканала ля свайго дому ад вялікай страты крыві.

Жызьнеўская: «З улікам асобы абвінавачанага, характару ўчыненага ім злачынства, якое адносіцца да катэгорыі асабліва цяжкіх, наступстваў злачынства, а таксама меркаваньня пацярпелай — маці загінулай Натальлі, якая страціла ня толькі роднага чалавека, але й апірышча й радасьць у будучым, лічу, што пакараньне павінна быць прызначана максымальна магчымае. Я як прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачваньня прашу на падставе санкцыяў пункту 6 часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прымяніць да Грунова Аляксандра Маратавіча выключную меру пакараньня ў выглядзе сьмяротнай кары — расстрэл».

Улетку Гомельскі абласны суд прысуджаў ужо Грунову сьмяротнае пакараньне. Аднак у кастрычніку Вярхоўны суд адмяніў вырак і накіраваў справу назад у Гомель на новы разгляд у іншым складзе суду.

14 лістапада кіраўнік дзяржавы, прымаючы генэральнага пракурора Аляксандра Канюка пасьля адмены Вярхоўным судом сьмяротнага пакараньня Грунову, так заявіў пра рэзананснае забойства ў Гомелі:

«Калі ты нягоднік і падонак і ня першы раз учыняеш злачынства, забіваеш чалавека, дык якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакараньне павінны быць адпаведнымі. Вазьміце гэта на кантроль. У іншым выпадку мы ніколі не навядзём парадак і ніколі не панізім гэтую тэмпэратуру ў грамадзтве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты — адказвай на ўсю катушку».

Словы кіраўніка дзяржавы маці забітай студэнткі Ірына Емяльянчыкава нагадала падчас выступу ў судзе. Яна паведаміла таксама, што цела дачкі, каб не развалілася ад мноства ранаў, перад пахаваньнем даводзілася змацоўваць скотчам і наносіць грым ажно пяць разоў. Ірына Леанідаўна падтрымала пазыцыю пракурора ў тым, што яўкі з павіннай у Грунова не было. Ён напісаў прызнаньне, калі ўжо быў дастаўлены ў міліцыю й калі ў апэратыўнікаў было дастаткова падставаў, каб затрымаць яго.
Я лічу, што павінна быць справядліва. І яны павінны прыслухацца да слоў прэзыдэнта ў такіх справах

Ірына Емяльянчыкава: «Як мы бачым з дадатковых судовых разбораў, Груноў не пасьпеў выйсьці зь месцаў пазбаўленьня волі, як зноў да паўсьмерці зьбівае сяброўку сваёй маці, потым зьбівае сваю сужыцельку. І сам дае паказаньні, што стараўся біць у галаву і жывот — так страшней і больш балюча. І вось, як сказала пракурор, калі б супрацоўнікі міліцыі, калі пабітыя падалі заявы, працавалі належным чынам і паводле закону, то, магчыма, забойства маёй дачкі і не было б».

Сапраўды, як вынікае з матэрыялаў справы, міліцыя палічыла зьбіцьцё сужыцелькі побытавым канфліктам, а сяброўка маці ўрэшце заявіла, што Аляксандар яе ня біў, а яна сама ўпала й пакалечылася. Крымінальную справу не заводзілі, абставіны «падзеньня» не дасьледавалі. Наступнай ахвярай 24-гадовага Грунова стала студэнтка.

Ірына Емяльянчыкава мяркуе, што суд будзе прыслухоўвацца да публічнага выказваньня кіраўніка дзяржавы: «Я лічу, што павінна быць справядліва. І яны павінны прыслухацца да слоў прэзыдэнта ў такіх справах».

У сваю чаргу Вольга Грунова, маці абвінавачанага, лічыць, што дзяржаўны абвінаваўца ставіцца да ейнага сына перадузята, несправядліва. Сын, вядома, вінаваты, але не настолькі, каб пазбаўляць яго жыцьця:

«Ён вінаваты — ва ўсім вінаваты. Тут ніякай размовы ня можа быць. Але пракурор вядзе сябе непрыгожа. Я супраць такіх пракурораў, бо з-за такіх і нараджаюцца злачынцы. Існуе несправядлівасьць».

Адвакат Грунова Сяргей Красноў нагадаў суду, што паводле заканадаўства яўка з павіннай лічыцца, калі яна напісана да вынясеньня пастановы пра затрыманьне ў якасьці падазронага ў забойстве. Менавіта так і было ў выпадку зь ягоным падабаронным. Таксама адвакат зьвярнуў увагу суду, што раскрыцьцё забойства студэнткі адбылося акурат на аснове паказаньняў Аляксандра Грунова, які добраахвотна назваў матывы забойства, паказаў месца, дзе выкінуў у вадаём нож — прыладу забойства. Апрача таго, абаронца падсуднага прасіў улічыць, што ранейшыя злачынствы ўчыняліся Аляксандрам, калі ён не дасягнуў яшчэ паўналецьця. Грунова выхоўвала вуліца, бо ягонага бацьку забілі, калі Аляксандар быў падлеткам — і забойцу не знайшлі.

Сам падсудны Груноў у апошнім слове папрасіў прабачэньня ў маці забітай студэнткі. Як такое здарылася — кажа, і сам ня ведае. І дадаў пры канцы звыклым ціхім голасам: «Ня ведаю, што яшчэ сказаць».

Судзьдзя Анатоль Тозік, які старшынюе, абвясьціў, што вырак Аляксандру Грунову па крымінальнай справе пра забойства Натальлі Емяльянчыкавай будзе абвешчаны заўтра, 24 сьнежня.
XS
SM
MD
LG