Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «Стоп-падатак» — у вязьніцу

У судах Ленінскага і Цэнтральнага раёна Менску 23 сьнежня праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў затрыманых падчас акцыі «Стоп-падатак». Іх вінавацяць у непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі (арт. 23.4. КаАП РБ).


21:10 23.12.2013
Іна Студзінская

Прысуды за «Стоп-пададак»: ад 12 сутак арышту да апраўданьня


У панядзелак у судах Ленінскага і Цэнтральнага раёнаў Менска судзілі затрыманых падчас акцыі «Стоп-падатак», што адбылася ў сталіцы 20 сьнежня. Былы палітвязень Аляксандар Францкевіч асуджаны на 12 сутак арышту, кіроўца аўтамабіля Канстанцін Глушко — на 5 сутак, ягоны пасажыр Андрэй Самохін апраўданы, Наста Кухта і Наста Шатэрнік, якія абаранялі Францкевіча, аштрафаваныя адпаведна на 650 тысяч і 1 мільён 300 тысяч рублёў.

Усіх пяцярых затрыманых падчас акцыі «Стоп-падатак» абвінавацілі ў непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі (артыкул 23.4. Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях).

Аляксандра Францкевіча затрымалі каля плошчы Перамогі з боку Дома-музэя РСДРП каля 18:30. Да Аляксандра падышлі невядомыя асобы ў цывільным без апазнавальных бэйджыкаў, калі пабачылі, што актывіст здымае на тэлефон супрацоўнікаў міліцыі. За Францкевіча спрабавалі заступіцца Анастасія Кухта і Анастасія Шатэрнік, у выніку чаго ўсе ўтраіх больш за двое з паловай сутак правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. З раніцы родныя і сябры чакалі пачатку суду, але ў Цэнтральны суд іх прывезьлі а 14-й. Жонка палітвязьня Мікалая Дзядка Валерыя Хоціна кажа:

«Толькі а 15-й гадзіне пачаліся працэсы, прычым яны праходзілі паралельна. Я прысутнічала на судзе Аляксандра Францкевіча. Судзьдзя — Вікторыя Шабуня. Усіх абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі, быццам бы яны сядалі на падлогу, чаплялі міліцыянтаў за форму. Гэта ўсё няпраўда, таму што Сашу затрымалі за тое, што ён здымаў акцыю на мабільнік. Аляксандар сказаў, што тыя АМАПаўцы, якія выступалі сьведкамі затрыманьня, знаходзіліся ў аўтазаку, куды яго завалаклі. Судзьдзя перад абвяшчэньнем рашэньня адсутнічала хвілін 40. У выніку дала яму 12 сутак, і выйдзе ён толькі 1 студзеня ўвечары».

Справу Анастасіі Кухта разглядаў судзьдзя Аляксандр Якунчыхін. Ён аштрафаваў дзяўчыну на 650 тысяч, а Насту Шатэрнік — на 1 мільён 300 тысяч.

У судзе Ленінскага раёну судзілі Канстанціна Глушко і Андрэя Самохіна. Адвакат Канстанціна Глушко заявіла хадайніцтва аб выкліку сьведак з боку абвінавачваньня, якое было задаволенае. Абаронца таксама прасіла адправіць пратакол на дапрацоўку, аднак гэтае хадайніцтва было адхіленае. Пра акалічнасьці справы расказвае праваабаронца Наста Лойка:

«Адзін быў кіроўца, другі — пасажыр. Машыну спыніў супрацоўнік ДАІ і склаў пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Але калі можна яшчэ ўявіць, што кіроўца не падпарадкоўваецца, а вось пасажыр не падпарадкоўваецца — невядома як. У выніку судзьдзя падтрымаў абаронцу ў тым, што няма складу правапарушэньня, і справу супраць пасажыра спыніў і вызваліў Андрэя Самохіна. А кіроўцу Глушко асудзіў на 5 сутак арышту».

Але пры гэтым апраўданы судом Андрэй Самохін, а таксама аштрафаваныя Наста Кухта і Наста Шатэрнік ужо адседзелі па двое з паловай сутак на Акрэсьціна. А Аляксандар Францкевіч чацьвёрты Новы год сустрэне за кратамі.
17:34 23.12.2013
Іна Студзінская
Аляксандра Францкевіча асудзілі на 12 сутак. Судзьдзя — Вікторыя Шабуня. Такім чынам, Новы год ён сустрэне ў турме.
17:06 23.12.2013
У судзе Ленінскага раёну з Андрэя Самохіна зьнялі абвінавачваньні і вызвалілі. Амаль трое сутак хлопец правёў у ізалятары на Акрэсьціна.
16:53 23.12.2013
У судзе Цэнтральнага раёну Насту Кухту аштрафавалі на 650 тысяч (5 базавых велічыняў), Насту Шатэрнік — на 1,3 мільёна (10 базавых). Да таго ж, дзяўчаты зь вечара пятніцы да раніцы панядзелка ўтрымліваліся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

Загрузіць яшчэ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG