Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 сьнежня — апошні дзень першага этапу мясцовых выбараў: заканчваецца вылучэньне кандыдатаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Усяго такіх камісіяў, паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, будзе 1331.

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі падзяляюцца на абласныя, гарадзкія, раённыя, пасялковыя і сельскія. Тут, у адрозьненьне ад участковых камісіяў, непасрэдна ня лічаць галасы выбарцаў. І гэтая адметнасьць тэрытарыяльных камісіяў для некаторых дэмакратычных структураў стала вызначальнай. Напрыклад, намесьнік кіраўніка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў так патлумачыў Свабодзе даволі абыякавае стаўленьне да вылучэньня ў тэрытарыяльныя камісіі:

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«Мы спэцыяльна абмяркоўвалі гэтае пытаньне на паседжаньні нашай рэспубліканскай рады. І вырашылі рабіць асноўны націск на ўчастковыя камісіі, паколькі менавіта там робяцца фальсыфікацыі. А тэрытарыяльныя камісіі мы пакінулі на адказнасьць рэгіёнаў. Там, дзе рэгіёны палічаць гэта неабходным, няхай вылучаюць. Там, дзе не, — не.

У тэрытарыяльных камісіях праца, як мы ведаем з досьведу, хутчэй фармальная. Ходзіш на гэтыя паседжаньні, нешта зацьвярджаеш. Але рэальная праца там не вядзецца».

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Стрыманае стаўленьне да тэрытарыяльных камісіяў і ў руху «За свабоду», — адзначае першы намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч:

«Мы на гэта стаўку ня робім. Пераважна арыентуемся на назіраньне. Такую інфармацыю мы даносілі да сваіх структураў. Тыя, хто жадае комплексна падысьці да кампаніі дэпутата, будуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў і ў тэрытарыяльныя камісіі, і пасьля — ва ўчастковыя. Гэта тычыцца найперш тых акругаў, дзе будзе весьціся паўнавартасная кампанія кандыдатаў».

Больш актыўна ставяцца да вылучэньня апазыцыйныя палітычныя партыі. Так, партыя БНФ накіравала ў Менскую гарадзкую камісію намесьніка старшыні Ігара Лялькова, АГП у Гомельскую гарадзкую — першую ў незалежнай Беларусі старшыню Гомельскага гарсавету Сьвятлану Гальдадэ. Як і ў мінулую мясцовую кампанію, найбольшую колькасьць кандыдатаў у тэрытарыяльныя камісіі зьбіраецца вылучыць партыя «Справядлівы сьвет». Намесьнік партыйнага лідэра Валеры Ўхналёў кажа:

Валеры Ўхналёў

Валеры Ўхналёў

«Мы так вырашылі, што вылучаем кандыдатаў ва ўсе абласныя і менскую гарадзкую камісіі. А таксама ва ўсе тэрытарыяльныя камісіі, дзе ў нас ёсьць афіцыйна зарэгістраваныя гарадзкія і раённыя партыйныя структуры. Бо толькі яны маюць права вылучаць у адпаведную тэрытарыяльную камісію сваіх прадстаўнікоў.

Аднак гэта ня ўсё. Там, дзе ў нас ёсьць людзі, але няма зарэгістраваных структураў, мы праводзім вылучэньне праз збор подпісаў. Гэта невялікая праблема — сабраць 10 подпісаў грамадзянаў. І сябры нашай партыі гэта могуць зрабіць».

Утварэньне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў павінна завяршыцца не пазьней за 27 сьнежня ўключна. Выбары заплянаваныя на 23 сакавіка 2014 году.
XS
SM
MD
LG