Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як спартоўцаў выкарыстоўваюць для разгону апазыцыі


"Цітушкі" групуюцца каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў Кіеве ў падтрымку праўрадавага мітынгу

"Цітушкі" групуюцца каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў Кіеве ў падтрымку праўрадавага мітынгу

Днепрапятроўская спартоўцы зьнялі відэаролік сацыяльнай рэклямы з назвай «Цітушкі». Яго адрасавалі калегам, якія за грошы згаджаюцца ўдзельнічаць у сілавых акцыях на карысьць уладаў. Відэа ўжо сабрала дзясяткі тысяч праглядаў. Між тым экспэрты адзначаюць, што зьява «цітушкізм» ва Ўкраіне паўстала яшчэ дзесяцігодзьдзе таму, і пераадолець яе будзе няпроста.

Аўтар днепрапятроўскага відэароліка супраць прадажнасьці спартоўцаў і выкарыстаньня іхных цягліц у бруднай палітыцы — днепрапятровец Алег Чыстапольцаў — сам займаецца ўсходнімі адзінаборствамі. Кажа: ідэя гэтага відэа зьявілася пасьля нападу малойчыкаў спартовага целаскладу, паводле папярэдніх дадзеных, выхаванцаў аднаго са спартклюбаў гораду, на Эўрамайдан у Днепрапятроўску. Прызнаецца: яму самому прапаноўвалі ўдзельнічаць у сілавых акцыях. Ролік не «за» ці «супраць» Майдану, а супраць ганебнага абмену спартовай годнасьці на грошы, заўважае Алег.

«Мне патэлефанаваў знаёмы і прапанаваў паехаць у Кіеў, стаць „цітушкам“ за 300 грыўняў. Я, вядома, адмовіўся. Пасьля гэтага я падумаў: людзі хочуць жыць у цывілізаванай краіне, а самі тут жа прадаюцца» , — распавядае спартовец.



«Цітушкі» (укр. Тітушки) — агульная назва для маладых людзей, якія наймаюцца і негалосна выкарыстоўваюцца ва Ўкраіне урадам Партыі рэгіёнаў (пад прыкрыцьцём сілавых структур) для перашкоды дзейнасьці апазыцыйных палітычных партый і арганізацый. Такое азначэньне дае Вікіпэдыя.

Тэрмін «цітушкі» паходзіць ад прозьвішча спартоўца з г. Белая Царква Вадзіма Цітушка па мянушцы Румын, які 18 траўня 2013 году ў Кіеве ўдзельнічаў у бойцы супраць апазыцыі і разам з кампаніяй напаў на журналістаў. Напад быў засьняты фотакарэспандэнтамі, што і паслужыла асноўным доказам віны спартоўца ў судзе. Пазьней ён быў асуджаны на тры гады.

Яны вольна ходзяць па горадзе

Актывісты днепрапятроўскага Эўрамайдану ўпэўненыя: да росквіту зьявы «цітушкізму» ва Ўкраіне прывяла беспакаранасьць. Каардынатар Эўрамайдану Віктар Раманенка распавядае: Днепрапятроўск быў адным з першых гарадоў, дзе ўлада апрабавала спартоўцаў у якасьці «штурмавікоў».

8 траўня сёлета моцныя маладзёны перашкаджалі мірнаму шэсьцю апазыцыі. Тыя ж хлопцы разграмілі і днепрапятроўскі Эўрамайдан 25 лістапада, білі эўрамайданаўцаў 1 сьнежня. Віктар Раманенка адзначае: яны зьяўляюцца выхаванцамі аднаго з клюбаў дзюдо, які зьвязваюць з народным дэпутатам-рэгіяналам, іх ужо ведаюць у твар, а некаторых — нават па прозьвішчах.

«Мы правялі сваё расьсьледаваньне, высьветлілі, хто гэта такія. Гэта барцы, гэта баксёры, яны ўсё трэніруюцца ў клюбах. Яны маюць старонкі ў сацыяльных сетках. Мы прынесьлі ў міліцыю 10 фотаздымкаў, дзе іх усіх бачна, бачныя іх кіраўнікі, іх трэнэры. Бярыце іх, запрашайце, я прыйду, я апазнаю, я нікога не баюся. Скажу: так, гэта менавіта ён мяне біў. Але чамусьці гэтага не адбываецца, чамусьці яны вольна ходзяць па горадзе, яшчэ і пагражаюць нам» , — адзначае Віктар Раманенка.

Як пацукі, яны ня любяць сьвятла

Між тым днепрапятроўскі палітоляг Андрэй Залатароў заяўляе: «цітушкізм» зьявіўся ва Ўкраіне ня сёньня, яшчэ ў пачатку 2000-х: палітыкі пачалі спансіраваць клюбы адзінаборстваў з далёкасяжнай мэтай — выкарыстоўваць выхаванцаў дзеля ўласных патрэб.

«Падчас прэзыдэнцкай гонкі 2004 апазыцыя ўпершыню сутыкнулася „з наездамі“: казалі, што гэта былі бандыты, але гэта былі атрады спартоўцаў, непрафэсійнага, але вышэйшага за аматарскі, узроўню. Гэты рэсурс улады ўпершыню выкарысталі ў 2004 годзе. Цяпер зь лёгкай рукі журналістаў па прозьвішчы вядомага пэрсанажа гэтых людзей сталі называць „цітушкі“, хаця на мове калякрымінальнага сьвету гэта „быкі“ і „тарпеды“ . Іх задача — фізычнае запалохваньне альбо палітычных апанэнтаў, альбо бізнэс-канкурэнтаў, грамадзкасьці, якая, напрыклад, адстойвае зялёную зону. Гэта прыкмета дзяржавы, дзе замест сілы права кіруе права сілы. І як так думаю, у бліжэйшыя гады яны нікуды ня зьнікнуць», — сказаў у камэнтары Радыё Свабода Андрэй Залатароў.

Экспэрт упэўнены: пераадолець зьява «цітушкізму» ва Ўкраіне будзе вельмі няпроста. Паўплываць з дапамогай відэаролікаў на спартоўцаў, якія прадаюцца палітыкам, наўрад ці ўдасца.

«Тлумачальная праца на іх не падзейнічае, таму што ў гэтых людзей вельмі спэцыфічная мараль. Але, як пацукі, яны не любяць сьвятла. Таму патрабуецца публічнасьць, каб краіна ведала сваіх „герояў“. Другое пытаньне — у фэдэрацыі . Калі яе сябра ўдзельнічае ў правакацыях, то гэты чалавек павінен заставацца па-за спортам. Грамадзкасьць павінна запатрабаваць ад фэдэрацыяў выключэньня такіх людзей» , — лічыць Андрэй Залатароў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG