Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ну праўда: можа ж чалавек мець нейкае захапленьне?.. Маленькае, інтымнае хобі, якое нікому не замінае, але цешыць душу цёмнымі і халоднымі зімовымі вечарамі, калі на душы так сьцюдзёна, калі памерлы муж скрабецца ў дзьверы спальні, а па сьценах поўзаюць зьмеі, якіх ніхто, апрача цябе, ня бачыць?

Пагатоў калі чалавек гэты — кабета яшчэ не старая, яшчэ не звар’яцелая, яшчэ здольная некаму падабацца; калі ў яе, гэтай кабеты, некалькі замкаў, гаспадарка якіх вымагае штодзённага клопату, калі вакол адно лянівыя, брудныя сяляне, якія нічога ня могуць зрабіць бяз вокрыку, бяз поўхі, ды суседзі, сквапныя, зайздросьлівыя і жорсткія?

Графіня Эржэбэт Батары такое захапленьне мела.

Дзяўчат яна рэзала ножычкам, а потым садзіла голымі на мурашнік. Ёй падабалася глядзець, як зьдзіўленыя мурашы хутка асвойваюць новыя тэрыторыі. Гэта ўлетку, а ўзімку яна праводзіла практычныя заняткі па загартоўцы цела: загадвала разьдзяваць асобінаў жаночага полу і абліваць іх халоднай вадой, пакуль тыя не ператвараліся ў статуі — прыгожыя статуі, нерухомая пекната, якая так слаўна блішчыць на сонцы, славацка-вугорскі батары-арт. Яна адразала сялянкам вушы, насы, рукі, грудзі, вусны, геніталіі і прымушала іх зьядаць уласныя органы. З дапамогай слуг яна зьдзірала з жывых скуру, расчляняла целы, ламала косткі, заганяла іголкі пад пазногці, палівала кіпучым алеем, а адной дзяўчыне, кажуць, затаўкла ў рот распалены прас. Яна прымала ванны, напоўненыя чалавечай крывёй, і не баялася ні СНІДу, ні дрэнных сноў. Нават калі яна бывала ў Вене, дзе жыла на вуліцы Блютэнштрасэ, дык заваблівала ў дом жабрачак, каб было ў чым памыцца.

У графіні Батары было маленькае хобі, пра якое ведалі ўсе, але ніхто не ўспрымаў яго сур’ёзна: толькі сваякі часам вялі зь ёй нудныя выхаваўчыя размовы, хвілінак на пяць: ну нельга ж так, Ліза, ну, мы разумеем, ну дзесяць сялянак прыбіць, ну дваццаць замучыць, гэта ладна, але семдзесят за год — гэта ўжо перабор. І не закопвай ты іх так блізка ад калодзежаў, вада сапсуецца, мілая Ліза, захварэеш яшчэ!.. І не кідай, дзеля ўсяго сьвятога, трупы ў раку! Падумай пра славацкую экалёгію!

У багіні Батары быў свой сьвет, у якім яна магла рабіць усё, што захоча. Вось толькі па-за гэтым сьветам існавалі іншыя, дзе забойства людзей неяк не прынята было выстаўляць напаказ. Дый сваякі ўрэшце ня вытрымалі.

29 сьнежня 1610 году, адзначыўшы Раство, у замак графіні наведаўся граф Турза зь перагарам і атрадам жаўнераў. І маленькаму хобі прыйшоў канец. Паляцелі галовы слугаў, паляцелі па ўсім каралеўстве чуткі пра крывавую графіню, паляцелі ў неба вызваленыя душы. Засталіся доўгія зімовыя вечары, засталіся зьмеі, засталіся халодныя сьцены ў пакоі бяз вокнаў і дзьвярэй, з адной толькі шчылінай, празь якую ёй перадавалі ежу. Ну не паміраць жа было такой знакамітай жанчыне?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG