Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Іх знайшлі яшчэ на пачатку сьнежня 1972-га году каля Інвалідэнштрасэ. Два шкілеты, што, быццам у фільме жахаў, нечакана ўхапіліся сваімі канцавінамі за коўш экскаватара, якім кіраваў заходнебэрлінскі будаўнік Вілі Штайн. Штопраўда, Вілі зусім не спужаўся і паклікаў свайго памочніка Енса, каб той папрасіў шкілеты не замінаць працы і закапацца ў зямлю на больш прыстойную глыбіню. Маўляў, тут будзе праходзіць труба водаправоду, дык ці не маглі б вы крыху пасунуцца?.. Шкілетамі ў Бэрліне, што ў Заходнім, што ва Ўсходнім, нават у сямідзясятыя людзей усё яшчэ цяжка было зьдзівіць. Бо рэха вайны — ня кот на ганку, яго так проста не адгоніш і «акыш» яно не разумее. Дый шмат каму хацелася, каб мінулае, якім бы яно ні было, ляжала сабе пад зямлёй і не варушылася.

І толькі потым, калі шкілеты паслухмяна зьніклі, рабочым прыйшло ў галаву, што, напэўна, пра гэтае здарэньне варта распавесьці паліцыі. Так парэшткам асабістага лекара Гітлера, а зь ім і намесьніка фюрэра Марціна Бормана давялося ўсё ж пазнаёміцца з сусьветнай грамадзкасьцю, журналістамі і, вядома ж — судмэдэкспэртамі.

Ідэнтыфікаваць лекара аказалася няцяжка. З Франкфурту-на-Майне прыйшлі здымкі ягоных сківіцаў, якія цалкам адпавядалі сківіцам аднаго з чарапоў, знойдзеных рабочымі. А вось з Борманам давялося папацець. Здымкаў ягоных зубоў у архівах не было. Быў толькі малюнак прафэсара Блашке, дантыста, які лячыў Гітлера і Бормана. Другі з чарапоў меў зубны мост, дакладна такі, як на малюнку, але на іншай сківіцы. Сам Блашке памёр яшчэ ў пяцідзясятых і забраў з сабой у магілу сваю таямніцу разам з усімі гнілымі зубамі і іншымі таямніцамі самых важных ротавых поласьцяў райху. Затое зубны тэхнік Гітлера, Бормана і Эвы Браўн у магілу пакуль не зьбіраўся. 28 сьнежня ён прыбыў у Бэрлін і, толькі зірнуўшы на раскладзеныя перад ім косткі, радасна і горда сказаў: «Мая работа!»

Знайшлі і яшчэ аднаго сьведку, аднаго бэрлінскага паштара. Той, аднак, мог расказаць толькі, што ў траўні 1945 году п’яныя савецкія салдаты загадалі яму прыбраць з Інвалідэнштрасэ і закапаць два трупы, каб не сьмярдзелі. Пры адным быў аўсвайс на імя лекара Гітлера, а вось другі дакумэнтаў пры сабе ня меў.

Дык Борман гэта быў ці ня Борман? Такое вечнае пытаньне задавалі сабе нямецкія экспэрты, пазіруючы журналістам зь безыменным чэрапам у руках. Паміж зубоў абодвух шкілетаў адшукалі шкло. Пакрысе, аднак, тое-сёе пачало высьвятляцца.

8 траўня лекар Гітлера і Борман спрабавалі ўпотай пакінуць Бэрлін. Каля Інвалідэнштрасэ іх затрымаў патруль. Ні лекара, ні Бормана ніхто не пазнаў, іх нават пачаставалі цыгарэтамі. Але абодва ўсё адно вырашылі ўцякаць. Пры ўцёках яны раскусілі ампулы з атрутай. Магчыма, што менавіта так і скончыў жыцьцё Марцін Борман — ваенны злачынца, правая рука зямнога бога-няўдахі, сын паштара, закапаны ў зямлю паштаром.

А можа, і ня так. Дзесяцігодзьдзямі Бормана бачылі то там, то сям. Яго бачылі нават у Беларусі, дзе ён служыў прапаршчыкам СА у адным з палескіх гарнізонаў, цкаваў навабранцаў-яўрэяў і праводзіў заняткі па палітпадрыхтоўцы. Толькі ў канцы дзевяностых было канчаткова ўстаноўлена: так, Борман. Той самы. Нарэшце мёртвы. Зямля змагла ўздыхнуць спакойна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG