Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нічыя мова


«Вось жа, адзін народ, і адна ва ўсіх мова. Добра ж, праўда? Зручна — чаго тут бунтаваць? Але: „вось што яны пачалі рабіць, вось што яны задумалі, няўдзячныя, і ня кінуць ужо таго, што пачалі...“ Ня кінуць жа, так? Па вачах бачу, што ня кінуць. Таму самы час зьмяшаць карты і пакласьці іголку ў сена. Ведаю: толькі адзін зь іхных нашчадкаў здолее супрацьстаяць мне — беластоцкі лекар, які чатыры гады будзе жыць і працаваць у Горадні на Паліцэйскай вуліцы, з жонкай і двума дзецьмі, лячыць хваробы вачэй і пісаць увечары дзіўныя словы ў таемных нататніках...»

Напрыклад, вось такія:

Malamikece de las nacjes
Kadó, kadó, jam temp está!
La tot’ homoze in familje
Konunigare so debá.

То бок хопіць нацыям варагаваць, прысьпеў час аб’яднацца ў адну сям’ю. Гэта было яшчэ не зусім тое эспэранта, што існуе цяпер, але ўжо амаль. Наіўны верш — які зрабіўся гімнам, што Людвік Лэйзэр Замэнгоф сьпяваў са сваімі сябрамі на зладжаным імі дні нараджэньня новай мовы ў 1878-м. Празь некалькі гадоў гэты варыянт новай мовы будзе ўдасканалены і будзе няспынна ўдасканальвацца далей. Замэнгоф не зьбіраўся абвяшчаць манаполіі на сваё дзецішча. Наадварот, ён разумеў, што шанцы ацалець эспэранта будзе мець толькі тады, калі правы на яго будуць належаць усім.

А як жа пастар Шляйхер зь ягоным валяпюкам? Пастар перастараўся.

Вядома, у нейкім сэнсе тое, што зрабіў Замэнгоф — гэта спроба вярнуць чалавецтва ў часы, якія папярэднічалі бабілёнскаму жарту. Вартасьць эспэранта ня толькі ў тым, што яно лёгкае для вывучэньня — гэта яшчэ і нічыя мова. Безь непазьбежных рэвэрансаў у бок нейкай пэўнай нацыянальнай культуры — гэта паклон самой культуры. І цуд, цуд узьнікненьня, паўстаньня жывога моўнага арганізму, які можна параўнаць хіба толькі з цудам зараджэньня новага жыцьця. Увогуле, якімі б матывамі ні кіраваўся гэты найвялікшы, напэўна, ідэаліст пазамінулага стагодзьдзя — мова зрабіла за яго тое, на што ня здольны чалавек. Дадумала сама сябе.

Эспэранта не старэе — як і кожная мова, як і кожная надзея. Як не састарэла Замэнгофава «малітва пад зялёным сьцягам», дзе ён кажа, што «хрысьціяне, юдэі і мусульмане — усе мы Божыя дзеці». Можа, гэтыя дзеці і не загавораць адной моваю — і ня вельмі, ведаеце, гэтага б хацелася — але калі яны змогуць і без эспэранта неяк дамовіцца паміж сабой, значыць, беластоцкі лекар узяў на сябе ролю бога не дарэмна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG