Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёс, абыякавы да чалавечых грахоў, не даруе хібаў...» У 1938 годзе, акурат на Раство, дробны службовец муніцыпальнай бібліятэкі на ўскраіне Буэнас-Айрэсу Хорхе Луіс Борхес, у якога нядаўна памёр бацька і які штодня чытае ў трамваі па дарозе на працу Дантэ, каб вывучыць італійскую, моцна ўдараецца галавой аб аконную раму і трапляе ў шпіталь.

Бо здарылася так, што... Зрэшты, тут лепш будзе зьвярнуцца да невялікай навэлы пад назваю «Поўдзень», пэрсанаж якой, нехта Дальман, перажывае вельмі падобную прыгоду.

«Лёс, абыякавы да чалавечых грахоў, не даруе хібаў. У той вечар Дальману ўдалося знайсьці растрапаны асобнік „Тысячы і адной ночы“ Вайля. Сьпяшаючыся разгледзець свой набытак, ён ня стаў чакаць ліфт і пабег па сходах; у цемры нешта кранула ягоны лоб — птушка, кажан? На твары жанчыны, якая адчыніла дзьверы, ён пабачыў жах; рука, якой ён правёў па лобе, была ўся ў крыві. Ён парэзаўся аб край толькі што пафарбаваных дзьвярэй, якія пакінулі адчыненымі. Дальман здолеў заснуць, але на досьвітку прачнуўся, і з гэтай хвіліны ўсё навокал зрабілася невыносным. Яго мучыла гарачка, а ілюстрацыі да „Тысячы і адной ночы“ перапляталіся з кашмарам. Сябры і сваякі, якія наведвалі яго, са змушанымі ўсьмешкамі паўтаралі, што ён цудоўна выглядае. Дальман разгублена слухаў іх, не разумеючы, як яны не заўважаюць, што ён у пекле...»

У ягонай палаце кожны дзень сядзіць маці і чытае Борхесу раман К.С. Льюіса «З маўклівай плянэты». Ён уважліва слухае — і задумвае тэкст пад назвай «П’ер Мэнар, аўтар Дон Кіхота». Чаму? Успомнім Мэнара: «Дон Кіхот» — кніга выпадковая, «Дон Кіхот» зусім ня так ужо неабходны..."

Гэта быў сэпсыс. Выпадковы, як Дон Кіхот — і гэткі самы абраны лёсам. Часьцінкі фарбы ўвайшлі ў аўтараву кроў, і сьветлыя агні Раства ператварыліся ў ліхтары ў бальнічным акне. Са шпіталя выйдзе іншы Борхес.

«У гэтыя дні Дальман пранікнуўся нянавісьцю да сваёй асобы, ён узьненавідзеў свае цялесныя патрэбы, сваё прыніжэньне, шчэць, якая прабівалася са шчок і калола яму твар. Дальман стаічна пераносіў усе працэдуры, вельмі балючыя, але, даведаўшыся ад хірурга, што ён ледзь не памёр ад заражэньня крыві, расплакаўся ад пачуцьця шкадаваньня да сябе...»

Дальмана пераводзяць далечвацца ў нейкую сядзібу за горадам, на поўдні. Ці то ў сьне, ці на яве ён трапляе ў карчму, альмасэн — дзе на яго нечакана нападаюць мясцовыя. І тады адзін стары гаўча кідае Дальману пад ногі кінжал.

«Нагнуўшыся па яго, Дальман зразумеў дзьве рэчы... Што гэты міжвольны рух абавязвае яго біцца... Што зброя ў ягонай руцэ паслужыць не абаронай яму, а апраўданьнем яго забойцу... Ён падумаў, што памерці ў нажавым двубоі пад адкрытым небам, імгненна, было б для яго вызваленьнем, шчасьцем і сьвятам у тую першую ноч у шпіталі, калі ў яго ўвагналі іголку. Адчуў, што калі б тады ён мог выбраць ці прыдумаць сабе такую сьмерць, ён выбраў бы ці прыдумаў менавіта такую».

Борхес сядае ў трамвай. Дальман моцна сьціскае нож, якім наўрад ці здолее скарыстацца, і выходзіць у даліну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG