Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макаеў: Улады дзеляць гісторыю Беларусі на правільную і «ідэалягічна шкодную»


23 сьнежня ў судзе Маскоўскага раёну Менску адбудзецца суд над прадпрымальнікам Алесем Макаевым, якому інкрымінуюць арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу ў мястэчку Грозава Капыльскага раёну, дзе ў лістападзе грамадзкія актывісты ўшаноўвалі памяць слуцкіх паўстанцаў.

Пачатак судовага пасяджэньня ў 14.30.

Перад пачаткам суду прадпрымальнік і грамадзкі дзеяч заявіў у інтэрвію Свабодзе:

«Ні пра якую цывілізаванасьць гаворка ня йдзе, бо ўлады адпачатку не павінны замінаць акцыям па ўшанаваньні памяці, якія людзі арганізоўваюць самі, не чакаючы дзяржаўнай падтрымкі. Тым больш калі гэта тычыцца гістарычных падзеяў, герояў Беларусі, змагароў за незалежнасьць нашай краіны. Калі ўжо на тое пайшло, то сёньняшнія ўлады Беларусі атрымліваюць дывідэнды ад сувэрэнітэту, закладзенага нашымі продкамі. Таму цалкам зразумела, што падобны перасьлед — цалкам нецывілізаваны. І артыкул 137 нашай Канстытуцыі сьведчыць: любыя ўказы, дэкрэты, законы, якія супярэчаць Канстытуцыі (паводле Асноўнага закону людзі маюць права ня тое што ўшаноўваць памяць, а і выказваць альтэрнатыўныя думкі), яны ня дзейнічаюць. Дзейнічае перадусім Канстытуцыя. На жаль, пра гэта нашы чыноўнікі чамусьці ніколі ня памятаюць».

Паводле спадара Макаева, гісторыя ў Беларусі высілкамі ўладаў дагэтуль падзяляецца на ідэалягічна правільныя і няправільныя старонкі, у адрозьненьне ад краін-суседзяў:

«Так, і гэта ёсьць падзел беларусаў, падзел грамадзтва, штучнае прыхоўваньне слаўных старонак нашай гісторыі. Бо відавочна, што імпэрская палітыка Масквы аднолькава распаўсюджваецца і на Беларусь, і на Ўкраіну. Але ва Ўкраіне справы на парадак лепшыя — прынамсі, там не замінаюць ушаноўваць памяць герояў самых розных, скажам так, лягераў: і герояў Другой усясьветнай вайны, і герояў за незалежнасьць Украіны, якіх нашы ўлады называюць бандэраўцамі і хлусяць, што тыя палілі беларускія вёскі. Таму ў той жа Ўкраіне з ушаноўваньнем выбітных асобаў і падзеяў дастаткова проста. Я ўжо не кажу пра іншых нашых суседзяў».

24 лістапада дэмакратычныя актывісты, у ліку іх і Алесь Макаеў, былі затрыманыя ў мястэчку Грозава Капыльскага раёну, калі сьпявалі гімн «Магутны Божа». Нягледзячы на тое, што акцыя памяці, прысьвечаная Слуцкаму збройнаму чыну, была дазволеная ўладамі, Макаева як адказнага за мерапрыемства прыцягнулі да адказнасьці.

Аляксандар Макаеў — намесьнік старшыні руху салідарнасьці «Разам». Год таму, у сьнежні 2012 году, ён быў асуджаны за арганізацыю мітынгу памяці герояў у той жа вёсцы Грозава да штрафу ў 5 мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG