Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольгу Класкоўкую перавялі ў турму за 200 км ад Стакгольму


Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

Беларуская журналістка Вольга Класкоўская пераведзеная ў швэдзкую турму Ансат Хінсэбэрг, дзе будзе адбываць сем гадоў турэмнага зьняволеньня за спробу забойства былога мужа.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміла маці журналісткі Людміла Класкоўская з спасылкай на зьвесткі ад дачкі. Пасьля таго, як Вярхоўны суд Швэцыі адмовіўся ўзяць да разгляду справу Вольгі Класкоўскай, у сілу ўступіў прысуд апэляцыйнага суду. Турма Ансат Хінсэбэрг, куды перавезьлі Вольгу Класкоўскую зь СІЗА, знаходзіцца ў цэнтральнай Швэцыі, на адлегласьці 200 кіляметраў ад Стакгольму.

Вядома, што Вольга Класкоўская па-ранейшаму настойвае на тым, што справа супраць яе сфальсыфікавана чыноўнікамі і паліцыянтамі, якія адабралі ў яе сына Адама. Маці журналісткі Людміла Класкоўская таксама працягвае змагацца за адмену прысуду, які лічыць несправядлівым:

«Паўтаруся, што ў прысудзе шмат супярэчнасьцяў, і галоўнае, што няма пэўных доказаў віны маёй дачкі. Ня ўлічаныя яе траўмы, якія нанёс ёй муж падчас пабытовага канфлкту, а таксама не ўказаны матыў «спробы забойства». Як піша сама Вольга, яна «была шакаваная бессаромным падманам пра тое, што быццам бы прызнала суму пазову. Як і тым, што мы з адвакатам нібыта прасілі перакваліфікаваць мой артыкул у „нанясеньне цяжкіх пашкоджаньняў“. У першую чаргу мы прасілі, каб мяне апраўдалі найперш».

Людміла Класкоўская таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў прысудзе, які вынес яе дачцы швэдзкі суд, нічога не гаворыцца пра сына Вольгі Адама. «Ані дачка, ані я, бабуля, нічога ня ведаем, што далей будзе з Адамам. Фактычна яго ў нас адабралі, і мы ня бачым таго, каб швэдзкае правасудзьдзе вырашала гэтую праблему з улікам нашых правоў», — кажа Людміла Класкоўская.

Паводле Людмілы Класкоўскай, зараз яе дачка рыхтуе зварот аб разглядзе сваёй справы ў Эўрапейскі суд па правах чалавека ды іншыя міжнародныя структуры.

У 2000-х гадах Вольга Класкоўская была актывісткай «Маладога фронту», працавала ў «Народнай волі», прыцягвалася да адказнасьці за ўдзел ў апазыцыйных акцыях. Зьехала за мяжу, атрымала палітычны прытулак у Швэцыі. У 2011 годзе вярнулася ў Беларусь, каб падтрымаць, як яна заяўляла, свайго брата Аляксандра, якога асудзілі за ўдзел ў мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году. Зноў вярнулася ў Швэцыю, дзе нарадзіла сына ад швэдзкага грамадзяніна турэцкага паходжаньня. У 2013 годзе была асуджаная швэдзкім судом на 7 гадоў зьняволеньня за спробу забойства мужа. Сваёй віны не прызнала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG