Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё пасьля раку. Анатоль Глушчанка


На пэнсіі Анатоль Глушчанка перажыў дзьве анкалягічныя апэрацыі.

Хто хоць аднойчы вырваўся з абдымкаў раку, можа лічыць, што яму неймаверна пашанцавала. Але сяго-таго лёс выпрабоўвае другім наваратам. Да іх ліку належыць і мянчук Анатоль Глушчанка: не пасьпеўшы адыйсьці ад першай апэрацыі, быў вымушаны класьціся на паўторную, ужо зь іншым дыягназам. Тым ня меней, дзякуючы ўласнаму жаданьню і падтрымцы родных, ён зноў вярнуўся да паўнавартаснага жыцьця.

За апошнія сем гадоў Анатоль Глушчанка двойчы пабываў на апэрацыйным стале ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалёгіі ў Бараўлянах пад Менскам. У 2006-м прычынай апэрацыйнага ўмяшаньня стала злаякасная пухліна на нырцы, у 2010-м быў канстатаваны рак прастаты. За гэты адрэзак часу Анатоль Аляксеевіч сутыкнуўся зь дзясяткамі пацыентаў, якія з розным посьпехам супрацьстаялі страшнаму дыягназу. Але кажа, што назаўсёды запомніць, як два дзясяткі гадоў таму ўпершыню сутыкнуўся з анкалёгіяй — у росквіце сіл захварэў сусед, таленавіты опэрны сьпявак Юры Зорын:

«Практычна з ракам я сутыкнуўся першы раз, калі яшчэ жыў у Фаніпалі. Быў у мяне цудоўны сусед, дырэктар музычнай школы. Галасішча быў непаўторны — як казалі, на той час найлепшы бас у Беларусі. Ён скончыў кансэрваторыю, спрабаваў сябе ў опэры, нібыта нармальна ўсё ішло, але вымушаны быў кінуць дзеля сямейных абставін. Вось і працаваў у музыкалцы. Ня ведаю, ці на гэтай дэпрэсіўнай глебе, ці на іншай, але — захварэў. І вось тады я ўпершыню сутыкнуўся і з Бараўлянамі, і з анкалёгіяй, і з усімі спадарожнымі справамі. Карацей, ён за год, груба кажучы, згарэў. У 42 гады, у росквіце сіл. Дыягнаставалі рак страўніка, зрабілі апэрацыю ў Бараўлянах. Але нягледзячы на тое, што яго асабіста курыраваў прафэсар, адзін са сьвяцілаў сваёй справы, відаць, ужо было занадта позна. Карацей, разрэзалі, зашылі і сказалі чакаць. Але не атрымалася. Цяжка было паверыць, бо такі здаваўся здаровы мужык! Памятаю, адзін мой дзень нараджэньня ў рэстаране адзначалі, дык ён як засьпяваў, аж артысты з аркестру пачалі прасіць: мужчына, зрабіце паўзу, а то нас не чуваць, нават з апаратурай».

На радзіме, бераг Дону

На радзіме, бераг Дону


Анатоль Глушчанка нарадзіўся ў Растоўскай вобласьці ў 1946 годзе. Пасьля школы працаваў на мэблевай фабрыцы, а адслужыўшы ў войску, уладкаваўся на ваенны завод. Неўзабаве паступіў на факультэт матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня Інстытуту народнай гаспадаркі ў Растове. Падчас вучобы ажаніўся, а ўжо пасьля заканчэньня інстытуту разам з жонкай Валянцінай быў разьмеркаваны ў Беларусь. Як выявілася, назаўсёды. Тут нарадзілася дачка Насьця, а 10 гадоў таму зьявіўся на сьвет унук Косьця.

З жонкай Валянцінай і ўнукам Косьцем

З жонкай Валянцінай і ўнукам Косьцем


Спадар Анатоль кажа, што пакуль працаваў, то не было ні часу, ні імпэту пра лекараў нават згадваць. Але незаўважна падкралася пэнсія, і ў нейкі момант адчуў, што пачаў сябе некамфортна адчуваць. Пазьнейшы аналіз паказаў: трэба рыхтавацца да апэрацыі на нырцы:

«Сапраўды, пакуль працаваў, апроч прастуды нічога мяне не трывожыла, у паліклінікі амаль не хадзіў. А пайшоў на пэнсію — раптам пачаў разумець, што неяк няўтульна сябе адчуваю, нешта пастаянна ные ў баку. Тады жонка, Валянціна Фёдараўна, кажа: у цябе што, пэнсіянэра, часу мала? Вазьмі ды схадзі на УЗІ. Зьвярнуўся ў камэрцыйны мэдцэнтар. Запісаўся, прыйшоў, пачалі мяне глядзець. Яшчэ пажартаваў: ну што, напэўна, не знаходзіць органаў? Гэта ў маёй жонкі быў тэрапэўт, які яе агледзеў і выдаў: ну што ты галаву дурыш, тут органаў няма! Гумар не ацанілі, і лекарка кажа: нібыта ўсё нармальна, але зь левай ныркай трэба ісьці да ўроляга. Прыходжу ў паліклініку. Нават ня гледзячы, не правяраючы, адсылаюць у дыспансэр, у анкалёгію першага шпіталя. Відаць, перастрахаваліся па здымку, бо пухліна была бачная, але па УЗІ не маглі вызначыць, дабраякасная яна ці злаякасная. Пайшоў, там адразу накіравалі на аналізы. Мінуў літаральна тыдзень, і выносяць вэрдыкт: рэзаць. То бок — проста ставяць перад фактам. Але я падумаў, што ўсё ж недастаткова мяне, як кажуць, «пракруцілі».

З жонкай і дачкой на экскурсіі ў Ленінградзе, канец 1970-х

З жонкай і дачкой на экскурсіі ў Ленінградзе, канец 1970-х


Тым часам пачаў кансультавацца зь людзьмі, якім быў пастаўлены аналягічны дыягназ і якія не скарыліся, упарта змагаліся за жыцьцё. Аказалася, што такіх нямала было нават сярод блізкіх знаёмых. Многія прызнаваліся, што фактычна вылечваліся дзякуючы ўжываньню народных сродкаў — гэта так званыя яды, настоі і г.д. Выйшаў на адмыслоўцаў, якія гатуюць рознае «варыва». І яшчэ да апэрацыі прапіў першы курс:

«Пакуль лекары прысьпешвалі, я падумаў, што ня буду асабліва дрыгацца. Карацей, у першым шпіталі адмовіўся, сказаў, што да іх не прыйду, а выправіўся ў Бараўляны. У гэты час там ляжала мая цешча, Марыя Мікалаеўна. У яе таксама была анкалёгія па ўралягічнай частцы. Празь ейнага лекара наладзіў сувязі, яна крыху на яго паўзьдзейнічала. І ў выніку сказалі, каб прыяжджаў. Так я трапіў у Бараўляны. Мяне першым чынам абсьледавалі і знайшлі гэтую палачку, як гавораць. Апэрыравалі, адрэзалі кавалак. Рэзэкцыя называецца — ня цалкам нырку выдалілі, а частку. Хірург тады папярэдзіў: выдаляць цалкам ці часткова — будзе зразумела толькі тады, калі разрэжам. То бок, ускрыем кліента — паглядзім. Натуральна, пасьля апэрацыі я ня ведаў, чым усё скончыцца. А перад гэтым быў такі момант, што цягам месяца, яшчэ да апэрацыі, я піў лекі. Чаму, у тым ліку, і адмовіўся ад апэрацыі ў шпіталі. Ну, і атрымалася, што ўрэшце не знайшлі нічога, што выклікала б заклапочанасьць. Лекар сказаў: вось бачыце, што значыць рана зьвярнуцца. А я думаю, што і тыя яды, магчыма, таксама дапамаглі. Дарэчы, швы дагэтуль пабольваюць. Як потым казаў хірург, напэўна, спайкі. Калі надвор’е зьмяняецца, калі нешта падыму, швы да гэтага часу цягне. Але гэта, мабыць, усе пасьляапэрацыйнікі адчуваюць».


Спадар Анатоль не выключае, што адным са штуршкоў для разьвіцьця анкалягічнай хваробы сталі частыя камандзіроўкі ў забруджаныя раёны Гомельшчыны — адразу пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ён курыраваў пастаўкі матэрыялаў пад будоўлю жыльля. Ніякіх сродкаў радыяцыйнай засьцярогі і заваду не было.

Тым ня меней разуменьне таго, што ўдалося адносна лёгка перанесьці складаную апэрацыю, цешыла. Пасьля выпіскі стаў на ўлік у анкадыспансэр, дзе падчас візытаў здаваў цэлы набор абавязковых аналізаў. Спачатку туды наведваўся кожныя тры месяцы, а потым, як не было рэцыдыву, тэрмін павялічылі. Паколькі сядзець бяз справы не хацелася, уладкаваўся на працу — у структуру аховы. Але праз чатыры гады, у 2010-м, зноў адчуў дыскамфорт. Новы дыягназ ашаламіў — рак прастаты:

«Другі выпадак здарыўся гэтак жа нечакана. Узьнікла, скажам так, мужчынская праблема. Забалела раз, другі, я туды-сюды. Два дні цярпеў, потым зноў жонка кажа: што ты цярпіш? Ідзі на абсьледаваньне. Мяне лекар паглядзеў, кажа: у вас узьнікла пухліна. Выпісаў мне адно, другое, трэцяе. Трэба сказаць, з увагай падышоў, прайшоў я ўсе аналізы. Але паступова неяк усё заціхла, і я бяз задняй думкі жыву далей. Як кажуць, прайшло-праехала, і добра. Лекар толькі папярэдзіў, каб праз год прыйшоў здаць аналізы ПСА (пухлінны маркер „прастатычны спэцыфічны антыген“ — РС), бо кажуць, што лепш усё рабіць на раньняй стадыі. Прыйшоў праз год, а ў мяне ўжо дзясятку паказвае, пры норме чатыры. Ён зноў: давайце туды, у першы шпіталь. Думаю, туды ўжо не пайду, паеду адразу ў Бараўляны. Як такое пачалося, званю, мне лекар і кажа: прыяжджайце, праверым. Зноў здаў на ПСА, бо яны там нікому ня вераць, правяраюць ад самага пачатку. Карацей, аналізы здаў, ПСА пацьвердзіўся. Таксама ўзяў у мяне пункцыю. І дзесьці дні праз тры тэлефануе: трэба рэзаць. Але на дварэ лета, горача. Пачаў прасіць крыху пацягнуць. Ён і пагадзіўся: добра, пацерпім. Карацей, пачалося ў мяне ўсё ў ліпені, а апэрацыю зрабілі ў кастрычніку».

Падчас камандзіроўкі ў ЗША

Падчас камандзіроўкі ў ЗША


І гэтым разам Анатоль Глушчанка таксама налягаў на народную «самадзейнасьць». Паралельна з настоем грыба вясёлкі і ядамі піў травы — за прыкладам сябра, які пасьля канстатацыі чацьвёртай ступені раку пражыў 10 гадоў і нават працаваў. Пры тым, што лекары разьвялі рукамі: разрэзалі, зашылі і выправілі дадому. Але надышоў час апэрацыі:

«Абсьледавалі мяне яшчэ раз, зрабілі апэрацыю. У палаце нас такіх былі тры пацыенты. Цяпер я ўжо ня ведаю іх лёс, але з адным зь іх ляжаў спачатку ў агульнай палаце, потым ляжалі побач пасьля апэрацыі. Нам апэрацыю літаральна аднаму за адным рабілі: спачатку зрабілі мне, а потым яму, літаральна 5 хвілін было паміж апэрацыямі. Я ня ў курсе пра ягоны лёс, але сутнасьць у тым, што ў яго злаякасныя рэшткі знайшлі, а ў мяне — не. У мяне чамусьці вельмі доўга рабілі аналіз: яго выпісалі, а мяне яшчэ два дні трымалі, чакалі, калі будзе канчатковы вынік. Але ў такім выпадку, зразумела, лепш пацярпець, чым сьпяшацца. Нават мой лекар прыходзіць і кажа: зноў, Толя, табе падфарціла, зноў у цябе ўсё чыста. Урэшце я выпісаўся, нібыта ўсё сапраўды нармалізавалася. Зноў хаджу на ўсе заплянаваныя мерапрыемствы, правяраюся. Спачатку хадзіў праз тры месяцы, потым праз паўгода, а цяпер ужо ўвогуле праз год».

У замежнай вандроўцы

У замежнай вандроўцы


Спадар Анатоль кажа, што дагэтуль, нават праз тры гады пасьля апошняй апэрацыі, дзеля прафіляктыкі п’е настой вясёлкі. Хоць афіцыйная мэдыцына і глядзіць на такія захапленьні скептычна, але сам ён перакананы, што прынамсі горш ад гэтага ня будзе:

«У зьвязку з гэтым я шмат гаварыў ня толькі з рознымі народнымі лекарамі, але і з мэдыкамі. Прыкладам, мой хірург збольшага нармальна рэагаваў. Я яму казаў і пра вясёлку, і пра яды, і пра настоі. Ён, вядома, хмыкнуў сабе пад нос, сказаў: у прынцыпе ня веру ў тое, што такім чынам можна вылечыцца, але наўрад ці гэта і зашкодзіць. У гэтай сытуацыі, кажа, найперш імунітэт трэба падтрымліваць арганізму. І калі гэта дасягаецца, то добра. Дарэчы, я потым пачаў корпацца ў інтэрнэце, і аказалася, што гэты самы настой вясёлкі — адзіны, скажам так, народны прэпарат, які Міністэрствам аховы здароўя быў ня тое што рэкамэндаваны, але прынамсі дазволены да ўжываньня».

Анатоль Глушчанка працягвае весьці актыўны лад жыцьця

Анатоль Глушчанка працягвае весьці актыўны лад жыцьця


Карэспандэнт: «Чаму з усіх варыянтаў выбралі менавіта вясёлку?»

«Калі шчыра сказаць, я траўніку, зь якім мяне зьвялі, на нейкім адрэзку проста перастаў верыць. Ён у сваёй галіне чалавек вядомы, прынамсі ў Менску. Кніга ў яго ёсьць, іншыя працы. Але я чамусьці расчараваўся. Можа, таму, што ў яго гэта цяпер больш бізнэс, чым лячэньне. На маю думку, якраз асноўнае, што перашкаджае лячэбнаму працэсу, палягае ў наступным: людзі, якія маюць да гэтага адносіны, зь цягам часу пераўвасабляюцца. Як кажуць, залатое цяля на многіх робіць адваротны эфэкт. Ня я адзін гэта заўважыў, многія насьцярожваюцца. Гэта нядобра і ў тым сэнсе, што людзі паступова пачынаюць займацца самалячэньнем без патрэбных ведаў. Просты прыклад: мы езьдзілі, набывалі ў людзей вясёлку. Для цешчы настой мы цягам васьмі гадоў набывалі ў аднаго дзеда. Потым ужо пачалі рабіць самастойна — куплялі на рынку гэтыя грыбы, самі настойвалі, у мяне і цяпер яшчэ пару трохлітровых слоікаў стаяць. Дык вось, тое, што я цяпер сам настойваю, зусім іншы смак мае. Відаць, ужо дзесьці парушаю ці рэцэптуру, ці тэхналёгію. А можа, гарэлку ня тую лью (сьмяецца). То бок важная першакрыніца, але таксама важна не старацца зарабіць на апошнім шанцы».


Як сталы кліент Бараўлянаў Анатоль Глушчанка высока ацэньвае лекараў, якія абралі сабе такі надзвычай складаны ўчастак працы. Але пры гэтым лічыць, што так званая раньняя стадыя дыягнаставаньня анкалягічных захворваньняў пакуль застаецца не рэальнасьцю, а толькі жаданьнем:

«Я вось пакруціўся ў гэтай сыстэме, і што тычыцца раньняй дыягностыкі, то лічу так: цяперашняя сыстэма аховы здароўя канкрэтна ў галіне анкалёгіі папросту няздольная рабіць раньнюю дыягностыку. Гэта хутчэй удача, чым нейкая заканамернасьць. Што да майго выпадку, то, яшчэ раз кажу, ня выключана, што якраз паспрыяла народная мэдыцына. Ня ведаю, што мне дапамагло больш. Але тое, што я стараўся рабіць усё, што мне прапаноўвалі, гэта факт. Перадусім, сам шукаў, што толькі можна, рознымі выпадкамі аздараўленьня цікавіўся. Цяжка сказаць, як гэта склалася, але за сем гадоў перажыў ужо дзьве апэрацыі. І хаджу, працую — і на дачы, і ўсюды. Вядома, пэрыядычна УЗІ праходжу, цукар, кроў — усё, што патрэбна. Цалкам усе аналізы: і агульны, і біяаналіз. Шчыра кажучы, я сабе сказаў: як будзе, так будзе. Прынамсі, буду старацца ўхапіцца за шанец. А як насамрэч здарыцца — ніхто нічога ня можа прагназаваць. Тым больш, самі лекары ніякіх не даюць гарантыяў. А за свае два заходы ў Бараўляны ўсяго нагледзеўся, якіх толькі людзей не было. Там проста канвэер. Яны ж ня лечаць, груба кажучы. Разразаюць і глядзяць: ёсьць — на хіміятэрапію, няма — дадому».

Зь любімым унукам

Зь любімым унукам


Паводле суразмоўцы, беларускія хірургі паводле сваёй кваліфікацыі наўрад ці каму ў сьвеце саступаюць. Аднак сама сыстэма, якая склалася ў мэдычным асяродзьдзі, не прадугледжвае, каб іхнія высілкі выходзілі за стандартныя рамкі:

«Тыя, каго я ведаю з „разакоў-хірургаў“, — яны, па вялікім рахунку, высокакваліфікаваныя людзі. У асноўным усе як з інстытуту прыйшлі, яны там усе і ёсьць, засталіся. І кваліфікацыю сваю з году ў год мацуюць, і мэтодыкі адмысловыя распрацоўваюць. Усё гэта ёсьць, без пытаньняў. Ніяк ня скажаш, што тут нечага не хапае. Можа, яны б і ў пасьляапэрацыйным аднаўленьні дапамаглі, але бяда ў тым, што ў іх гэтая сыстэма склалася, зацьвярдзела і працуе папросту па інэрцыі. Адна мая знаёмая, якая якраз займалася аднаўленчымі мэтодыкамі, нават апавядала, што ёй так і сказалі: чаго ты лезеш, хочаш адарваць нечы кавалак хлеба? Ну, а потым сыстэма яе ў нас існуе? Важная колькасьць апэрацыяў, сыстэма аплаты і г.д. Вынікі недзе ідуць прычэпам. Безумоўна, яны ўсе апэрацыі сумленна робяць, і кваліфікавана, і з хворымі нармальна. Але нечага не хапае. Найперш, ужо пасьля таго, як выразалі і зашылі. Вядома, неспэцыялісту цяжка на гэтую тэму разважаць. Але тое, што недапрацоўкі ёсьць — гэта факт».

Нягледзячы на дзьве анкалягічныя апэрацыі, Анатоль Глушчанка так і не аформіў сабе інваліднасьць. Кажа, што яму прапаноўвалі непрацоўную групу, але пасьля кароткіх ваганьняў адмовіўся ад «прывілеяў» на карысьць працы. Дадатковы заробак дазваляе весьці актыўны лад жыцьця, з жонкай і ўнукам часта выбіраюцца ў вандроўкі па Беларусі і за яе межы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG