Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урады Расеі і Беларусі дамовіліся пра тое, што цягам першага паўгодзьдзя 2014 году ў Беларусь будзе даслана 11,5 мільёна тон сырой нафты. Паведамленьне пра гэта 21 сьнежня зьявілася на афіцыйным сайце ўраду Расеі.

Дамоўленасьць стала вынікам перамоваў, якія правялі ў Маскве першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка і віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч.

У афіцыйным паведамленьні гаворыцца, што суразмоўцы абмеркавалі пляны-графікі рэалізацыі пяці супольных праектаў, сярод якіх МАЗ-КамАЗ ды іншыя.

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы так пракамэнтаваў Свабодзе гэту падзею:

«Расея вельмі хацела прывязаць графікі пастаўкі нафты ў Беларусь з прагрэсам у пяці інтэграцыйных праектах. Перамовы пра гэта ішлі. Але беларускаму боку вельмі хацелася іх завяршыць, натуральна, у гэтыя дні, да Новага году. Таму Менск пачаў раздаваць вельмі многа абяцанак. Маўляў, пытаньне МАЗа і КамАЗа можа быць вырашанае ў першым квартале, пра „Гродна-Азот“ — у першым паўгодзьдзі і г. д. Карацей, усё абяцалі скончыць у першым паўгодзьдзі.

Як мне падаецца, расейцы разважалі так: калі апошні тэрмін — гэта сярэдзіна году, то і балянс па нафце падпішам на гэты тэрмін. І паглядзім, як усё будзе рэалізоўвацца».
XS
SM
MD
LG