Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маргарыта Касымава: «Беларускія фільмы павінны быць беларускамоўнымі»


На экранах беларускіх кінатэатраў не пабачыш беларускамоўных фільмаў. На тэлебачаньні, калі іх і паказваюць, то зрэдку. У айчынай фільматэцы беларускамоўная прадукцыя прадстаўленая пераважна стужкамі, зьнятымі ў савецкі час. Фільмаў сучасных — няма. Чаму? Пра беларускую мову ў беларускім кінэматографе разважае кінарэжысэр Маргарыта Касымава і навучэнцы Беларускай акадэміі мастацтваў Тацяна Дубецкая і Андрэй Грынько.

Маргарыта Касымава сама з Таджыкістана. Там яна пасьпела стала першай жанчынай-кінарэжысэрам ува ўсёй Сярэдняй Азіі. Там зрабіла больш за дзясятак фільмаў. У 1992 годзе яна з маці, ратуючыся ад вайны на радзіме, прыяжджае ў Беларусь. Пра нашу краіну яна кажа кранальна — зь цеплынёю. Згадвае з удзячнасьцю свайго сябра, беларускага кінарэжысэра Віктара Турава.

Маргарыта Касымава наведаліся ў Магілёў на прэзэнтацыю стужак сваіх выхаванцаў з акадэмічнага курсу мастацкага кіно. Прэзэнтацыя мела назву «Кіна-арт па-беларуску». Паколькі нячаста назвы магілёўскіх кінаімпрэзаў падаюцца па беларуску, то гэта і прадвызначыла тэму для гутаркі з гасьцямі.

Карэспандэнт: «Я спрабаваў прыгадаць беларускамоўныя стужкі, якія глядзеў апошнім часам, і згадаў толькі „Чорную бярозу“ і „Плач перапёлкі“...»

Маргарыта Касымава: «І „Людзі на балоце“ Віценькі Турава. І я на беларускай мове рабіла сваю першую працу ў Беларусі — „Аз ваздам“ пра Лышчынскага».
Нячаста на магілёўскіх кінаімпрэзах пабачыш беларускамоўныя назвы
Нячаста на магілёўскіх кінаімпрэзах пабачыш беларускамоўныя назвы

Карэспандэнт: «Сытуацыя зь беларускай мовай на экранах якая, на вашу думку?»

Маргарыта Касымава: «Кепская! Дужа мала на „Беларусьфільме“ сапраўдных беларускіх рэжысэраў, якія ведаюць беларускую мову і якія хочуць працаваць на беларускай мове. Калі я прыехала з Таджыкістана, першае, што рабіла, — у бібліятэцы вывучала гісторыю Беларусі. І калі я прыйшла на студыю, то мяне ўразіла, што там ніхто не размаўляе на беларускай мове. І я спыталася тады ў Віці Турава: „Чаму не гавораць на беларускай мове?“. Ён адказаў: „Рытуля, а хто будзе размаўляць, калі ніхто ня ведае беларускай мовы?“».

Пра сваю пазыцыю адносна беларускай мовы ў беларускім кінэматографе Маргарыта Касымава заяўляе ўпэўнена і бяз боязі. Чаму, пытаю, вы рабілі свой першы фільм у Беларусі па-беларуску, а не як іншыя — па расейску:

«Калі я прыехала на Беларусь і пачала здымаць „Аз ваздам“, бо памёр рэжысэр, і Віця Тураў сказаў: вазьміся — дарабі фільм. Я тады адказала: „Гэта нацыянальная беларуская кінастудыя, і фільм буду здымаць на беларускай мове, якую, да жалю, ня ведаю“. Я запрасіла дачку Кузьмы Чорнага і майго знаёмага з Акадэміі навук, які добра размаўляў па-беларуску, і яны мне пераклалі тэкст на беларускую мову. І першы варыянт фільму выйшаў на беларускай мове. Калі беларуская кінэматаграфія адносіцца да „Беларусьфільму“, да дзяржаўнай студыі — яна павінна таксама першы варыянт фільмаў выпускаць на беларускай мове».

Маргарыта Касымава прызнае, што сытуацыя зь беларускай мовай не мяняецца. Паводле яе, «Беларусьфільм» зусім ня робіць беларускамоўных стужак:

«Чаму, я ня ведаю. Я цяпер сышла ў Акадэмію мастацтваў. Я выкладаю. Вось мае навучэнцы. Я хачу, каб яны выйшлі з акадэміі і першыя фільмы рабілі пра беларускія праблемы і на беларускай мове. І досыць нам гэтых бандыцка-міліцэйскіх сэрыялаў».
На «Тыдзень кіно» ў Магілёве запрашаюць па-расейску
На «Тыдзень кіно» ў Магілёве запрашаюць па-расейску

Карэспандэнт: «Але яны карыстаюцца попытам. Іх глядзяць...»

Маргарыта Касымава: «Глядзяць, бо ня бачаць добрай беларускай прадукцыі, якая б закранула ня толькі інтарэс, але і сэрца».

Дык чаму няма беларускамоўнага кіно, і ў чым карані бязмоўя бальшыні беларусаў, пытаюся ў рэжысэра-пачаткоўца Тацяны Дубецкай:

«Як нас вучаць, у любой стужцы павінна быць праўда. Цяпер моладзь не размаўляе на беларускай мове, зусім не размаўляе. Калі я ў сваёй працы зраблю, што яны будуць размаўляць — гэта ня будзе праўдай. А калі я захачу зрабіць казку, то гэта будзе зусім іншая справа. Я зь вялікім задавальненьнем буду рабіць казку на беларускай мове, бо гэта абгрунтавана. Калі я, напрыклад, размаўляю па-беларуску, то разумею, што ў мяне прабіваюцца расейскія словы, і я камплексую. Усё ідзе з навучальных устаноў. Трэба там выкладаць усё па-беларуску. Тады і мы будзем размаўляць па-беларуску».
Госьці магілёўскага «Тыдня кіно» (зьлева направа) — Андрэй Грынько, Маргарыта Касымава і Тацяна Дубецкая
Госьці магілёўскага «Тыдня кіно» (зьлева направа) — Андрэй Грынько, Маргарыта Касымава і Тацяна Дубецкая

Андрэй Грынько заўважае, што праблема няведаньня беларусамі сваёй мовы можа стаць тэмай для беларускага кіно, і яно будзе праўдзівым. У ёй будзе драматургія і гісторыя. Глядач убачыць, кажа ён, што яго не падманваюць, а хочуць сказаць пра лёс нацыянальнай мовы беларусаў, каб яны задумаліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG