Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне праходзяць антыкарупцыйныя мітынгі


Студэнты ў часе масавых пратэстаў у Стамбуле.
Студэнты ў часе масавых пратэстаў у Стамбуле.

У гарадах Стамбуле, Кайсеры, Карсе, Ізьміры і іншых гарадах Турэччыны адбываюцца шматтысячныя антыўрадавыя мітынгі з удзелам апазыцыі, моладзі і прафсаюзаў.

Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода, удзельнікі акцый патрабуюць датэрміновай адстаўкі Рэджэпа Эрдагана - цяперашняга прэм'ер-міністра Турэччыны і лідэра кіруючай Партыі справядлівасьці, якая, паводле дэманстрантаў, датычная да маштабнай карупцыі.

Лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай Народна-Рэспубліканскай партыі Кемаль Кылычдароглу заявіў: "Турэччына коціцца ў прорву. Бліжэйшае асяродзьдзе Эрдагана загразла ў крадзяжы і карупцыі. Узначаленая ім кіруючая партыя ў мэтах узбагачэньня ператварыла краіну ў сваю вотчыну. Чыноўнікі разбэсьціліся да мяжы, яны цалкам ігнаруюць законы і больш не павінны кіраваць краінай".

Акцыі праходзяць таксама ў іншых гарадах краіны - каля аддзяленьняў найбуйнейшага дзяржаўнага банка, кіраўніцтва якога абвінавачваюць у нелегальных пастаўках золата ў Ірак.

Усяго па справе аб карупцыі, пачынаючы з 17 сьнежня, былі арыштаваныя пяцьдзясят два чалавекі, сярод якіх сыны двух міністраў - унутраных спраў і эканомікі, якіх абвінавачваюць у атрыманьні мільённых хабараў за пасярэдніцтва пры правядзеньні буйных дзяржаўных тэндэраў. У ліку абвінавачаных - кіраўнік раённага муніцыпалітэта Стамбула, уладальнікі найбуйнейшых будаўнічых холдынгаў, якія нібыта незаконна атрымлівалі па заніжаных цэнах дзяржаўныя землі для забудовы.

Кіруючая ў Турэччыне Партыя справядлівасьці, у сваю чаргу, сьцьвярджае, што арышты былі арганізаваныя з мэтай падрыву яе рэпутацыі напярэдадні усеагульных выбараў у наступным годзе. Рэджэп Эрдаган ўжо адхіліў ад працы некалькі высокапастаўленых паліцыянтаў, якія вядуць расьследаваньне гэтай справы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG