Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧС па хакеі і спартовае жыцьцё зэкаў


Наша чытачка, жонка асуджанага Тамара піша, што распарадак, які існуе ў беларускіх месцах зьняволеньня, не дазваляе вязьням заставацца здаровымі і робіць зь іх інвалідаў.

Муж Тамары Аляксей — у мінулым спартовец, паводле першай адукацыі — выкладчык фізкультуры. Заўзятар гульнявых відаў спорту, у тым ліку і хакею. У свой час шчыра вітаў тое, каб у гарадах будаваліся пляцоўкі са штучным лёдам, каб у краіне было больш хакейных клюбаў і дзяцей вучылі гэтай гульні... Радаваўся і таму, што ў крaаіне пройдзе чэмпіянат сьвету па хакеі — найлепшая прапаганда гэтага віду спорту... Аднак, адседзеўшы два гады на нарах, а наперадзе яшчэ столькі, Аляксей памяняў пазыцыю. Справа ня толькі ў тым, — лічыць ён, — што пабудаваныя на бюджэтныя сродкі хакейныя палацы ды пяцізоркавыя гатэлі ў далейшым будуць нікому не патрэбныя... З-за непразрыстасьці ўкладаньняў у гэты праект прапаганда хакею сярод насельніцтва становіцца антыпрапагандай.


«У турмах баяцца, што натрэніраваныя зэкі могуць аказаць эфэктыўны супраціў»


«Будучы ЧС рыкашэтам б’е па ўсім, з чаго складаецца ўзровень і якасьць жыцьця звычайных грамадзянаў, — адзначае ў сваім лісьце Тамара. — Калі зь імі ня лічацца, то што казаць пра тых, хто аднойчы аступіўся і ўтрымліваецца за кратамі? Ясна, хай ратуюцца самі. Многія і спрабуюць ратавацца, каб выйсьці на волю больш-менш здаровымі людзьмі. Зэкі — народ непатрабавальны, але вынаходлівы. Для падтрыманьня здароўя ім не патрэбныя ні лядовыя палацы, ні басэйны, ні тэнісныя корты... Яны могуць абысьціся самымі элемэнтарнымі прыладамі ў самых элемэнтарных умовах.
Практыкаваньні лічацца забароненымі, бо яны сьведчаць пра «схільнасьць вязьня да ўцёкаў»

Падчас сьледзтва, якое можа цягнуцца і месяцы, і гады, яны выкарыстоўваюць шконкі ў якасьці гімнастычных брусоў, адціскаюцца ад падлогі, проста прысядаюць і гэтак далей. Іншымі словамі, спрабуюць рабіць практыкаваньні ў цеснай перапоўненай людзьмі вільготнай камэры, дзе частка насельнікаў бясконца курыць. Аднак нават такі спорт магчымы ў тыя рэдкія моманты, калі кантралёр не глядзіць у вочка. Падобныя дзеяньні лічацца забароненымі, бо яны сьведчаць пра «схільнасьць вязьня да ўцёкаў», а таксама могуць быць траўманебясьпечнымі... Адзіны легальны сродак ад нерухомасьці і атрафаваньня цягліцаў — штодзённыя гадзінныя шпацыры... Ці дастаткова гэта для нармальнага чалавека, тым больш калі ў такіх умовах элемэнтарна падчапіць інфэкцыю ды захварэць?

Здавалася б, на зоне павінна быць лепш, бо тут у адпаведнасьці з правіламі ўнутранага распарадку існуе штодзённая 15-хвілінная зарадка на вуліцы. Але інакш як поўным ідыятызмам мой муж яе не называе. Праз мэгафон гарланіць музыка, мянты ходзяць і глядзяць, каб усе зэкі махалі рукамі. Практыкаваньні паказваюць таксама зэкі. Магчыма, калі б іх паказаў сам трэніраваны міліцыянт, гэта б не выглядала настолькі камічна-фармальным і выклікала б нашмат больш павагі да вертухаяў. У любым выпадку назваць гэта клопатам пэнітэнцыярнай сыстэмы аб здароўі сядзельцаў ніяк нельга. Асабліва на фоне тых рэгулярных шмонаў, калі людзей у лёгкай вопратцы выганяюць на некалькі гадзін на вуліцу, нягледзячы на халады, дажджы ды сьнег...
Добра, калі ўдаецца паставіць недзе шухер, нагрэць вады ды абліцца пасьля заняткаў

На лягерны стадыён можна трапіць толькі паводле запісу ды з дазволу адміністрацыі — калі ў цябе нейкія праблемы з атраднікам, могуць і не пусьціць. У адрозьненьне ад суседняй Расеі, дзе праводзяцца міжзанальныя спаборніцтвы па тым жа футболе, настольным тэнісе, у Беларусі ў лепшым выпадку спаборніцтвы міжатрадныя... Адміністрацыя не зацікаўленая ў тым, каб зэкі кантактавалі паміж сабой нават у межах адной калёніі... Апошнім часам спартовыя пляцоўкі папраўчых устаноў пачалі абсталёўваць розным жалезам. Кажуць — хадзі качайся колькі хочаш. Гэта пры тым што лазьня ўсяго толькі раз на тыдзень... Добра, калі ўдаецца паставіць недзе шухер, нагрэць вады ды абліцца пасьля заняткаў... Выснова з усяго толькі адна: здаровыя зэкі не патрэбныя пэнітэнцыярнай сыстэме. Найперш у гэтым не зацікаўленыя самі міліцыянты, Далёка ня ўсе зь іх, як ні дзіўна, адзначаюцца добрай фізычнай падрыхтоўкай, а таму баяцца, каб натрэніраваныя зэкі не аказалі ім эфэктыўнага супраціву», — заканчвае допіс жонка асуджанага.

«Ці варта адміністрацыі турмаў і калёніяў заахвочваць сярод зэкаў заняткі спортам?» — апытаньне на гэтую тэму наша праграма правяла сярод мінакоў на вуліцах Магілёва.



«Добра ўяўляю сабе ўмовы, у якіх цяпер утрымліваецца Статкевіч»


Былы палітвязень Сяргей Скрабец, які мае вышэйшую тэхнічную ды юрыдычную адукацыю, праседзеў у няволі паўтара года (2005–2006 гг.), зь іх 9 месяцаў у розных СІЗА Беларусі. За час адседкі страціў каля 30 кг. Лічыць, што ўратавала яго галоўным чынам усходняя гімнастыка, якой пачаў займацца ў турэмнай камэры...

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

«Я гэта практыкаваў, калі да суду сядзеў у самых розных СІЗА — у Берасьці, Менску, Баранавічах — мяне ж вазілі па краіне — і паўсюль там было вельмі кепска. Я добра ўяўляю сабе ўмовы, у якіх цяпер утрымліваецца Мікола Статкевіч. Гэта табе даюць адну гадзіну, каб прагуляцца па дворыку памерам 2×3. Вось і ўвесь спорт. Таму трэба самому нейкую гімнастыку рабіць, нейкія практыкаваньні. Я Мікалаю перадаў розныя кнігі, кшталту таго ж Бандажэўскага. Каб займаўся і духоўнай практыкай, і фізычнай. Думаю, што ў яго атрымліваецца. Зыходзячы з таго, што ён піша. Ён гэтым займаецца, бо інакш у тых умовах, у якіх знаходзіцца ён, можа вельмі хутка „паехаць дах“... Я 9 месяцаў пратрымаўся, і тое вельмі цяжка было. Гэта ж не на зоне, дзе можна выйсьці, пахадзіць, падыхаць чыстым паветрам».

У нашым архіве захавалася інтэрвію Міколы Статкевіча, якое палітык, кандыдат на прэзыдэнта даў нашай праграме незадоўга да выбараў 2010 году і свайго арышту. Тады Статкевіч узгадаў сваю першую адседку ў 2005–2006 гадах і тое, як дапамог яму спорт.



Але вернемся да размовы зь сябрам і аднапартыйцам Статкевіча — Сяргеем Скрабцом. Узгадваючы сваю адседку на «Віцьбе», былы палітвязень адзначае, што на той час адміністрацыя вельмі насьцярожана ставілася да розных спартовых спаборніцтваў паміж атрадамі...

Скрабец: «На маёй памяці было толькі адно спаборніцтва па шахматах, якое мы з Казуліным выйгралі. І ўсё. Тамтэйшая адміністрацыя апасалася, каб зэкі не распаўсюджвалі інфармацыю з адной лякалкі ў іншую, хоць тая інфармацыя там ходзіць і гуляе як хоча. Гэта не віталася, асабліва з улікам таго, што ў калёніі ўтрымліваліся палітвязьні...»

Карэспандэнтка: «Але кажуць, што на Віцьбе — адна з найлепшых спартовых базаў сярод ПК, добры стадыён...»

Скрабец: «Так, стадыён там ёсьць, дарэчы, добры. Але гэта ня тое, што ты захацеў ды выйшаў на яго. Для таго каб пагуляць у футбол, адну гадзіну на тыдзень дадуць. І тое трэба прасіць. Да таго ж патрэбны мяч. Праўда, мне яго перадалі з волі, і ўся зона ім карысталася. Гуляць можна было ў адзін з выходных, бо ў астатні час людзі працуюць. Гэта калі такую магчымасьць дадуць. А могуць і ня даць. Проста скажуць: а вы дрэнна сябе паводзілі! Але такое ня толькі на „Віцьбе“ было. Тыя хлопцы, зь якімі даводзілася кантактаваць зь іншых зонаў, — ніхто не пацьвердзіў, што там вельмі добра займацца спортам. Можа, аднак, нешта і зьмянілася за апошні час. Можа, як у той жа Аўстраліі, у нашых турмах цяпер басэйны будуюць. На зонах можна ж і паплаваць. Можа, увогуле цяпер там чырвоную рыбу зэкам падаюць.Усё ж бывае (сьмяецца)».


«У спаборніцтвах паміж зэкамі ды міліцыянтамі зэкі былі мацнейшыя»


Кандыдат тэхнічных навук, у мінулым дацэнт Віцебскага тэхналягічнага інстытуту Міхаіл Жамчужны адседзеў за кратамі 5 гадоў, зь іх 2,5 года ў СІЗА, а астатні час — у папраўчых установах Віцебску і Наваполацку. Выйшаў на волю летась.

Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

Чырвонай рыбы з часу, што прайшоў пасьля адседкі Сяргея Скрабца, усё яшчэ не даюць, басэйнаў таксама няма. Аднак сёе-тое прынамсі ў віцебскай папраўчай установе, паводле словаў Міхаіла, зьмянілася. Праўда, няшмат.

ПК-3 у Віцебску сёньня лічыцца адной зь лепшых калёніяў у краіне па спартова-масавай рабоце. Розныя спаборніцтвы ўнутры зоны паміж атрадамі праводзяцца больш-менш рэгулярна. Аднак каб проста патрэніравацца на стадыёне, то гэта ўсё з дазволу адміністрацыі. Для кожнага атраду ўзгадняецца пэўны дзень і час, бо адміністрацыя па-ранейшаму клапоціцца, каб паміж зэкамі не было абмену інфармацыяй.

Самыя вялікія дасягненьні ў спартовым жыцьці „тройкі“ — гэта залатыя мэдалі ды дыплёмы асуджаных у міжнародных спаборніцтвах па гіравым спорце. Удзел у гэтых спаборніцтвах быў завочны».

Гэта было ў 2010 годзе, калі ў калёнію запрасілі вядомага гіравіка-беларуса з Расеі. Падчас сустрэчы ён паказаў зэкам фільм пра свае выступы на міжнародных спаборніцтвах, а потым, даведаўшыся, што сярод аўдыторыі ёсьць нямала выдатных спартоўцаў, прапанаваў хлопцам завочна паўдзельнічаць у першынстве сьвету. На чэмпіянат у калёнію прыехалі прадстаўнікі міжнароднай судзейскай брыгады. Спаборніцтвы праводзіліся ў актавай залі.

Міхаіл Жамчужны: «Уладальнікамі „золата“ сталі тыя, хто пачаў трэніравацца непасрэдна ў зоне. Пастаўлена ў нас гэта было даволі някепска. Сярод асуджаных нямала высокакваліфікаваных спэцыялістаў. Ян паказвалі, трэніравалі... Ну, і потым — такія высокія вынікі».

Сам Міхаіл быў сьведкам правядзеньня першынства, аднак у ім ня ўдзельнічаў. Бо ягоным спортам на зоне былі гімнастыка ды армрэстлінг (барацьба на руках). У гэтых відах ён заняў на чэмпіянаце зоны 2–3 месцы.

Жамчужны: «Гэта былі спаборніцтвы паміж зэкамі і міліцыянтамі. Натуральна, зэкі выйгралі. Мы трэніраваліся, асабліва па армрэстлінгу, штодня, а кантралёры, зразумела, менш. Таму зэкі былі мацнейшыя. Усё гэта зафіксавана ў адпаведных дыплёмах, якія вісяць у калёніі».

Міхаіл цалкам падзяляе меркаваньне, што ў зьняволеньні альтэрнатывы фізычнай нагрузцы няма. Немагчыма працяглы час ляжаць на шконцы — ляцяць суставы, фактычна, усе. Гэта разумеюць многія. Нават тыя, хто лянуецца рабіць нейкія практыкаваньні. Цяжэй за ўсё падтрымліваць форму ў турэмнай камэры, дзе шмат курцоў. Але ж...

Жамчужны: «Калі я ўтрымліваўся ў СІЗА, то нам, прыхільнікам здаровага ладу жыцьця, удалося дамовіцца з курцамі пра штодзённы гадзінны мараторый на цыгарэты. Інакш займацца нейкімі практыкаваньнямі ў цеснай камэры — немагчыма. Зразумела, кантралёры адсочваюць, каб людзі ў камэры спортам не займаліся. Па-першае, яны бачаць у гэтым схільнасьць зэкаў да ўцёкаў, а па-другое, нікому не патрэбны нейкі траўматызм, які магчымы пры любых занятках спортам.Таму розныя фізычныя практыкаваньні робяцца, калі вочка ў камэру зачыненае. Гэта розныя прысяданьні, практыкаваньні на расьцяжку, на ўсе суставы, якія неабходна грунтоўна разьмяць. Калі вочка камэры адчыняецца, то ўсе зэкі пачынаюць рабіць выгляд, што кураць.Такая маскіроўка. Часам ставяць здаровага мужыка, каб прыкрываў вочка. Асабліва прасунутыя зэкі са стажам, якія сядзяць не ўпершыню, — яны практыкуюць усе гэтыя мэтады выжываньня і раяць рабіць гэта першаходам. Бо ў выніку працяглай нерухомасьці чалавек дэградуе як фізычна, так і маральна Я там правёў 2,5 года, і калі б гэтым не займаўся, стаў бы калекам».


Пра спартовае жыцьцё расейскіх зэкаў


А цяпер пра спартова-масавую працу ў папраўчых установах суседняй Расеі. З таго часу, як Сочы абвясьцілі сталіцай Алімпійскіх гульняў, у расейскіх калёніях пачалі шырыцца розныя міжзанальныя спартакіяды. Удзел у адной зь іх апісаў у сваёй кнізе «Закладнік. Гісторыя мэнэджэра ЮКОСа» Ўладзімер Пераверзін.

Уладзімер Пераверзін

Уладзімер Пераверзін

«Нас чакала чарговая маштабная падзея. Набліжалася спартакіяда асуджаных калёніяў Уладзіміршчыны. Футбол, валейбол і настольны тэніс — вось тры дысцыпліны, у якіх спаборнічаюць вязьні. Права прымаць у сябе ўдзельнікаў спаборніцтваў атрымала калёнія строгага рэжыму ў Мелехаве, дзе мне перад гэтым давялося сядзець тры гады. Узяць удзел у спартакіядзе — справа абавязковая і адказная. У нашай калёніі сьпешна набіраюцца каманды. У валейбол я не гуляў ані разу ў жыцьці. Капітан каманды, заўгас трэцяга атраду Анатоль Рэзаны падбадзёрвае мяне: «Галоўнае — выйсьці на поле, проста дзеля птушачкі».

Добраахвотнікаў, гатовых выйсьці на поле дзеля птушачкі, набіраецца сем чалавек. Акрамя валейбалістаў, знаходзяцца і футбалісты, і тэнісісты... Раніцай, пасьля добрага, спэцыяльна прыгатаванага для нас сьняданку, мы шчыльна трамбуемся ў аўтазаку і пад наглядам канваіра, узброенага аўтаматам, і сабакі накіроўваемся ў іншую зону. Разьмяшчаемся ў клетках. Машына ледзь едзе, раз-пораз спыняючыся: то сьвятлафор, то корак, то проста глухне рухавік. Да месца прызначэньня дабіраемся за чатыры гадзіны. Аўтазак заяжджае на тэрыторыю калёніі, у шлюз, і мы па чарзе выскокваем з машыны. З гумовымі дубінкамі ў руках нас сустракае мясцовая міліцыя.

Акрамя нас, у Мелехава прыехалі каманды з калёніяў строгага рэжыму ў Вязьніках ды Пакіне. Усяго камандаў чатыры. Маштабнае і дзіўнае мерапрыемства грунтоўна асьвятляецца прэсай. Шматлікія журналісты акупавалі стадыён. Спартакіяда пачынаецца валейбольнымі баталіямі.

Напярэдадні я зусім не хваляваўся, нават не задумваўся пра гульню. Правілы мне патлумачылі перад самым матчам. Мне здавалася, што гуляць у валейбол значна прасьцей. Аднак пасьля выхаду на пляцоўку я зразумеў, што справа значна больш сур’ёзная, чым я меркаваў. Адбіць мяч я здолею адзін раз, дый тое выпадкова. Мяч, праскочыўшы міма маіх рук, стукнецца аб мае грудзі, пасьля чаго выпадковым чынам адскочыць на бок суперніка, дзе будзе прыняты і адбіты.

У тыя хвіліны ад сораму мне хацелася зьнікнуць, растварыцца ў паветры.

Я з радасьцю падлічваў прайграныя ачкі, бо яны набліжалі нас да заканчэньня ганьбы. Гуляў я, аднак, не нашмат горш за іншых чальцоў каманды, якія ані разу не змаглі прыняць падачу суперніка. У паветры павісьлі словы супрацоўніка ўпраўленьня ФСВП Уладзімірскай вобласьці, адказнага за выхаваўчую працу з асуджанымі.

«Нафіг ты гэтых прыдуркаў сюды прывёз!» — абхапіўшы галаву рукамі, крычаў ён зампаліту, які прывёз нас.

Адзін мой знаёмы зь мясцовых асуджаных даведаўся пра маё прыбыцьцё ў Мелехава са словаў іншага зэка:

«Іваныч прыехаў! Якія дзівацтвы выдае на полі!»

Навіна хутка разьнеслася па ўсёй калёніі. Ужо празь некалькі хвілін пасьля прайгранага матчу я дзяліўся ўражаньнямі са сваімі старымі знаёмымі. На пляцоўку прыйшлося выйсьці яшчэ раз, каб біцца за заслужанае апошняе месца...

З футболам і настольным тэнісам справы былі значна лепшыя. Ва Ўладзімірскай вобласьці не знайшлося роўных нашым спартоўцам, якія занялі першыя месцы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG