Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 21 сьнежня: Калядныя вечары, згадкі пра Багдановіча


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У Цэнтральным батанічным садзе ў Менску — вечар перад Калядамі і навагодні кірмаш цудаў. Ад 14-й гадзіны сустрэча з этнакультуролягам Іванам Круком, які раскажа пра сымболіку расьлінаў у традыцыях продкаў. У праграме таксама канцэрты, экскурсія ў ліманарый, зёлкавая гарбата.

У цэнтры Белэкспа будзе працаваць выстава—кірмаш «Млын», дзе можна набыць падарункі і сувэніры ад майстроў ручной працы.

У рок-бары «Крылы» па вуліцы Даўгабродзкай у Менску праграма гурту «Нельга забыць» на словы Максіма Багдановіча. Пачатак а 19-й. Грамадзкія дзеячы і пісьменьнік па-ранейшаму заклікаюць а 18-й вечара прыходзіць чытаць вершы Багдановіча ля яго музэю у знак пратэсту супраць паніжэньня статусу ўстановы.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1846 — шатляндзкі хірург Робэрт Лістан правёў першую ў Эўропе апэрацыю з анэстэзіяй.

1898 — П’ер і Мар’я Кюры адкрылі радыюм.

1913 — у нью-ёрскай газэце надрукавалі першую ў гісторыі крыжаванку.

1918 — на загад Рады дзяржаўнай абароны Літвы быў утвораны Першы гарадзенскі беларускі полк.

1958 — Шарля дэ Голя абралі прэзыдэнтам Францускай Рэспублікі.

1991 — была падпісаная Алма-Ацінская дэклярацыя, якая абвясьціла аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.

2007 — да Шэнгенскага пагадненьня далучылася 9 краінаў Эўразьвязу — Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Чэхія, Славаччына, Славенія, Вугоршчына і Мальта.

У гэты дзень нарадзіліся:

1796 — Тамаш Зан, паэт, удзельнік вызвольнага руху, сябра Таварыства філяматаў.

1879 — Ёсіф Сталін, савецкі палітык, дыктатар.

1890 — Мікалай Аладаў, кампазытар, пэдагог, адзін з арганізатараў і першых выкладчыкаў Беларускай кансэрваторыі і Беларускага музычнага тэхнікуму.

1917 — Гайнрых Бёль, нямецкі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры 1972 году.

1934 — Іван Чыгрынаў, беларускі празаік, драматург, перакладчык, публіцыст. У 1994-м Чыгрынаву была нададзеная годнасьць народнага пісьменьніка Беларусі.

1967 — Міхаіл Саакашвілі, прэзыдэнт Грузіі з 2003 году.

1971 — Аляксандар Памідораў, беларускі музыка, тэле- і радыёвядоўца, шоўмэн.

У гэты дзень памерлі:

1375 — Джаваньні Бакачча, італьянскі пісьменьнік, аўтар «Дэкамэрону».

1940 — Фрэнсіс Скот Фіцджэралд, амэрыканскі пісьменьнік.

1981 — Міхась Забэйда-Суміцкі, беларускі сьпявак, пэдагог.

1989 — Сэм’юэл Бэкет, ірляндзкі пісьменьнік, адзін з заснавальнікаў тэатру абсурду, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1969 году.

2006 — Сапармурат Ніязаў, першы прэзыдэнт Туркмэністану.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Зімой

Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі сьнег!
Мяцель ня вее, сьціхнуў вецер,
І волен лёгкіх санак бег.

Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць.
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.

Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, сьветлы стоўп спусьціў
І рызай срэбнаю раздольле
Сьнягоў сінеючых пакрыў.

Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Зьвіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзёх пачала кроў кіпець.


Максім Багдановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG