Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя спрабуе прыйсьці да ўлады праз рэфэрэндум


Удзельнікі кааліцыі «Народны рэфэрэндум» 20 сьнежня прадставілі журналістам шэсьць пытаньняў, якія яны прапануюць вынесьці на народнае галасаваньне.

На думку палітыкаў, людзей найбольш цікавяць пытаньні даступнасьці адукацыі і аховы здароўя, разьмяшчэньне ў Беларусі замежных вайсковых базаў і тое, ці можа адна і тая ж асоба займаць пасаду прэзыдэнта больш чым два тэрміны запар. У кааліцыю ўваходзяць грамадзянская кампанія «Гавары праўду», рух «За свабоду», БНФ, БСДП(Г), аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу і больш за 40 рэгіянальных няўрадавых арганізацыяў.

Ад пасьпяховасьці кампаніі «Народны рэфэрэндум» залежыць наш посьпех на мясцовых і прэзыдэнцкіх выбарах — заявіў сёньня адзін з удзельнікаў кааліцыі «Народны рэфэрэндум,» лідэр руху «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў.

«Лепшага інструмэнта за рэфэрэндум мы не знайшлі, бо гэта наўпроставая праца зь людзьмі, — сказаў Уладзімер Някляеў. Някляеў перакананы, што на мінулых выбарах дзейны прэзыдэнт не набраў большасьці галасоў, а за апошнія тры гады людзей, незадаволеных уладай, толькі паболела:

«Мы сфармуем з гэтых людзей большасьць», — заяўляе экс-кандыдат у прэзыдэнты.

Падчас сустрэчаў з тым самым народам былі сфармуляваныя пытаньні, які яму рупяць, а пазьней зь іх выбралі шэсьць самых важных. Для палітыкаў было дзівам, кажа Аляксандар Мілінкевіч, што людзі прапаноўвалі для абмеркаваньня ня толькі сацыяльна-эканамічныя, але і палітычныя тэмы.

На першым месцы апынуліся адукацыя і ахова здароўя. Прычым, паводле ўдзельнікаў кааліцыі, найперш цікавіць людзей ня якасьць гэтых паслугаў, а іх цана.

«Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі для грамадзян Беларусі павінны аказвацца бясплатна?» — такое першае пытаньне «Народнага рэфэрэндуму».

З шасьці прадстаўленых пытаньняў да сацыяльнай сфэры можна аднесьці хіба яшчэ адно: «Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад заплянаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсьці на кампэнсацыю ўкладаў, страчаных падчас дэвальвацыі 2011 году, і стварэньне працоўных месцаў?»

Астатнія чатыры пытаньні маюць выразна палітычны характар:

«Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласьцей павінны абірацца прамым галасаваньнем грамадзян?»

«Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэньне бязьвізавай прасторы з Эўрапейскім Зьвязам?»

«Ці згодныя вы, што дзеля забесьпячэньня нэўтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена разьмяшчэньне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несьці службу за мяжой?»

і нарэшце:

«Ці згодныя вы, што адна і тая асоба ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны»?

Слоган «Народнага рэфэрэндуму» гучыць проста «ТАК!», не пакідаючы сумневаў у тым, якога менавіта адказу чакаюць удзельнікі кааліцыі на пытаньні «Народнага рэфэрэндуму».

Са словаў Аляксандра Мілінкевіча можна зрабіць выснову, што «Народны рэфэрэндум» для апазыцыі — гэта найперш чарговая спроба стаць «бліжэй да народу».

«Галоўная мэта — гэта ўзьдзеяньне на грамадзтва. І на ўладу, вядома, але на грамадзтва — найперш. Нам вельмі важна інфармаваць грамадзтва і паказаць, што людзі дэмакратычнай супольнасьці думаюць гэтаксама, як яны, і жывуць у той самай краіне», — кажа яшчэ адзін экс-кандыдат у прэзыдэнты.
Галоўная мэта — гэта ўзьдзеяньне на грамадзтва. І на ўладу, вядома

Пастаўленая перад кааліцыяй мэта — 450 тысяч подпісаў. Палітыкі, якія ўваходзяць у кааліцыю — а апроч Мілінкевіча і Някляева, на прэс-канферэнцыі прысутнічалі Аляксей Янукевіч (БНФ), Юрась Губарэвіч («За свабоду»), Андрэй Дзьмітрыеў («Гавары праўду») і генэрал Валер Фралоў, — ня надта разьлічваюць, што ідэя рэфэрэндуму ажыцьцявіцца хутка. Сабраць 450 тысяч подпісаў — задача цяжкая, але выканальная — кажуць яны.

Хоць прыступаць да збору подпісаў плянуецца ўжо цяпер, у мясцовую выбарчую кампанію, ёсьць асьцярога, што ўсе 450 тысяч не пасьпеюць сабраць і да кампаніі прэзыдэнцкай. «Мы разьлічваем, што адзін чалавек зьбірае 200 подпісаў. Калі мы хочам сабраць 500 000 подпісаў, мы разьлічваем, што адзін чалавек зьбірае 200 подпісаў. І, такім чынам, 2,5 тысячы актывістаў 10 дзён будуць зьбіраць гэтыя подпісы», — кажа Андрэй Дзьмітрыеў.

Але магчыма, што збор подпісаў зацягнецца. «Падчас кампаніі мясцовых выбараў мы плянуем сабраць 50 тысяч подпісаў, — тлумачыць Аляксей Янукевіч. Час да прэзыдэнцкай кампаніі (а гэта жнівень 2015 году) плянуецца скарыстаць на стварэньне дарожнай мапы дзеяньняў па кожным з пытаньняў.

«Усе тыя пытаньні, якія людзі называлі, якія не ўвайшлі сюды, у гэты пералік, ня будуць намі адкінутыя. Па кожным з гэтых пытаньняў будуць працаваць экспэрты „Народнай праграмы“. Па кожным з пытаньняў будуць складзеныя дэталёвыя „дарожныя мапы“ і прапановы таго, як павінна разьвівацца краіна ў тых сфэрах, якія закранутыя пытаньнямі, і гэтыя адказы мы таксама прапануем людзям».

Наколькі актуальнымі за гэты час застануцца пытаньні пра дэвальвацыю 2011 году, застаецца няясным.

«Толькі як крок у электаральнай стратэгіі ці электаральным працэсе гэтая ініцыятыва можа мець права на існаваньне, — лічыць палітоляг Уладзімер Мацкевіч. — Ніякага практычнага значэньня ані сам „Народны рэфэрэндум“, ані пытаньні, якія на яго прапануюцца, ня мае».

«Я ня веру ані ў посьпех, ані ў адэкватнасьць гэтай ідэі, — працягвае Мацкевіч. — Вельмі малая колькасьць людзей у рэгіёнах узяла ўдзел у сходах гэтай ініцыятывы. Вельмі мала людзей прапаноўвалі пытаньні. Настолькі нязначны адсотак людзей ад агульнай колькасьці выбарцаў прымае ў гэтым удзел, што разглядаць гэта сур’ёзна проста немагчыма».

Пры гэтым сам факт удзелу ў беларускіх выбарах Мацкевіч лічыць амаральным.

Лідэры кааліцыі ў сваіх выступах ня раз зьвяртаюцца да падзеяў Майдана. На іх агульную думку, варта «запаліць людзей» праз ідэю «Народнага рэфэрэндуму» — і ў Беларусі такое таксама магчыма.

«Я чакаў папулізму, але там цалкам нармальна зададзеныя пытаньні, — аналізуе ідэю „Народнага рэфэрэндуму“ палітоляг Сяргей Нікалюк. — Іншая справа, што ў дадзены момант нашае грамадзтва сьпіць. Як бы правільна вы ні паставілі пытаньне, горш ад гэтага ня будзе, але і пераменаў чакаць ня варта».
«Ва ўмовах кансалідаванай улады масавыя пратэсты немагчымыя

«Ва ўмовах кансалідаванай улады масавыя пратэсты немагчымыя. А ў Беларусі мы маем кансалідаваны аўтарытарны рэжым, — працягвае Нікалюк. — І гэта галоўнае адрозьненьне. А ва Ўкраіне ідзе суцэльная барацьба элітаў. Яна і ўзбуджае грамадзтва. Сілавікі ня могуць прымаць адэкватныя меры, каб рэгуляваць грамадзянскую актыўнасьць. Таму ва Ўкраіне адбываецца тое, што адбываецца, а ў нас — тое, што адбываецца ў нас».

Паводле палітоляга, спадзявацца на грамадзкае абуджэньне пакуль што не выпадае.

«Ленін жа амаль 20 гадоў чакаў, — жартуе Сяргей Нікалюк. — Вы ж памятаеце прыкметы рэвалюцыйнай сытуацыі: вярхі ня могуць, а нізы ня хочуць. І да гэтага ўсё ідзе. І вось гэты год сканчаецца вельмі цікава. Улада абвясьціла яго годам мадэрнізацыі — і ўсё, за што яна бралася, скончылася стратамі. Улада ня можа кіраваць. Яна ня можа выканаць аніводнага свайго рашэньня, зьвязанага з разьвіцьцём».

Журналіст расейскага выданьня Gazeta.ru задаў пытаньне: ці не асьцерагаюцца лідэры кааліцыі, што Аляксандар Лукашэнка скарыстае іхнюю прыдумку і сам правядзе рэфэрэндум па такіх жа пытаньнях, каб прадэманстраваць сваю «дэмакратычнасьць»? «Гэта самае лепшае разьвіцьцё гэтага сцэнару», — адказвае Ўладзімер Някляеў.

«Калі б улада ўключыла гэтыя пытаньні, я лічыў бы гэта першай перамогай, — кажа Аляксандар Мілінкевіч. — Але толькі ў тым выпадку, калі нашыя прадстаўнікі будуць удзельнічаць у падліках».

Пры гэтым падчас прэс-канфэрэнцыі ўдзельнікі ня раз заяўлялі, што ў краіне няма выбараў і гэта ня таямніца, у тым ліку і для выбарцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG