Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША не забыліся на менскія падзеі 2010 году


Дзярждэпартамэнт ЗША ў трэцюю гадавіну падзеяў 19 сьнежня 2010 году паўтарыў свой заклік вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў у Беларусі.

Праз тры гады пасьля таго, як беларускія ўлады прывялі ў дзеяньне мэханізм жорсткага ўціску грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і незалежных СМІ, Дзярждэпартамэнт ЗША зноў пацьвердзіў, што «павага да дэмакратыі і правоў чалавека застаецца асноўнай падставай для паляпшэньня двухбаковых адносін і мае важнае значэньне для прагрэсу Беларусі». Пра гэта гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту, прымеркаванай да гадавіны разгону мірнай маніфэстацыі ў Менску.

У заяве пацьвярджаецца, што амэрыканскі ўрад памятае пра беларускіх палітвязьняў і паўтарае свой заклік да іх неадкладнага і безумоўнага вызваленьня і аднаўленьня ў палітычных правах.

«Мы салідарныя з народам Беларусі і пацьвярджаем сваю гатоўнасьць дапамагчы яму пабудаваць дэмакратычную, квітнеючую і сапраўды незалежную эўрапейскую дзяржаву», — завяршае заяву намесьнік прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту ЗША Мэры Гарф.
XS
SM
MD
LG