Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Слодыч»: «Наша дырэктарка дзейнічала ў інтарэсах прадпрыемства»


Дырэктарку фабрыкі «Слодыч» Тацяну Селіх падазраюць у незаконным праслухоўваньні падначаленых, якое нібыта нанесла страты ў асабліва вялікім памеры. Між тым на самой фабрыцы кажуць, што дырэктарка дзейнічала ў інтарэсах прадпрыемства.

Пракуратура Менску высьветліла, што на загад дырэктаркі фабрыкі «Слодыч» Тацяны Селіх за кошт прадпрыемства было набытае і ўсталяванае спэцабсталяваньне для праслухоўваньня і гуказапісу размоваў супрацоўнікаў фабрыкі. Справу расьсьледуе ўправа Сьледчага камітэту па Менску. Дзеяньні дырэктаркі «Слодычы» расцэненыя як злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі ў асабістых інтарэсах, з нанясеньнем прадпрыемству шкоды ў асабліва буйным памеры — больш за 202 млн рублёў. Тацяну Селіх затрымалі, цяпер яна ў сьледчым ізалятары.

«Але пакуль яшчэ не пацьверджана, што ў нас стаіць такое абсталяваньне», — заявіла Свабодзе намесьніца дырэктара па ідэалёгіі Сьвятлана Купцова. Ці ведала намесьніца дырэктара раней пра абсталяваньне для праслухоўваньня на фабрыцы? Сьвятлана Купцова адмовілася адказваць на гэтае пытаньне. Пры гэтым пра праслухоўваньне яна выказваецца як пра факт:

Купцова: «Ня маю ўяўленьня, дзеля чаго, што і хто гэта зрабіў. Там яшчэ ідуць сьледчыя мерапрыемствы, і хто ды што — нічога не вядома».

Карэспандэнт: «Гэта магла быць абарона камэрцыйных інтарэсаў?»

Купцова: «Магло быць і гэтак. Мяркую, яна дзейнічала ў інтарэсах прадпрыемства».

Карэспандэнт: «А магчыма, што галоўная мэта такога праслухоўваньня — ідэалягічны кантроль за супрацоўнікамі прадпрыемства?»

Купцова: «Гэта наўрад ці».
У вытворчым цэху «Слодыча», архіўнае фота
У вытворчым цэху «Слодыча», архіўнае фота

Сьвятлана Купцова паведаміла карэспандэнту Свабоды, што ў памяшканьнях фабрыкі ўсталяваныя відэакамэры, празь якія сочаць за сытуацыяй на прадпрыемстве. Асноўная мэта гэтых захадаў — прадухіліць крадзяжы ды іншыя злачынныя дзеяньні. У сыстэму бясьпекі на прадпрыемстве апаратура для праслухоўваньня, пра якую кажуць сьледчыя, не ўваходзіла, запэўніла Сьвятлана Купцова.

Васіль Шлындзікаў быў дырэктарам канцэрну «Амкадор» у 1990-х гадах. Былы дырэктар зьдзіўляецца, чаму кіраўнікі прадпрыемстваў сёньня так захапляюцца захадамі бясьпекі. На яго думку, гэта неапраўданыя выдаткі, якія кладуцца на сабекошт беларускіх тавараў:
Цяпер паўсюль нейкія службы пастваралі, ахову ўвялі на расейскі ўзор. У той ахове зьбіраюцца адстаўныя сілавікі, і ўсё гэта квітнее

«У мой час такіх вялікіх службаў бясьпекі не было. Было некалькі ахоўнікаў на прахадной, агароджа ахоўвалася — ды ўсё. А цяпер паўсюль нейкія службы пастваралі, ахову ўвялі на расейскі ўзор. У той ахове зьбіраюцца адстаўныя сілавікі, і ўсё гэта квітнее. Чаму гэта нікога не турбуе? Хоць у нас няма нейкіх мафіяў, няма рэйдэрскіх захопаў. І нікога з дырэктараў, якія ўтрымліваюць гэтыя службы бясьпекі, не пасадзілі за растраты. Хоць там дзясяткі чалавек ходзяць і нічога ня робяць».

Супрацоўніца Берасьцейскага хлебакамбінату ў размове з карэспандэнтам Свабоды выказала меркаваньне, што захады бясьпекі на прадпрыемстве залежаць найперш ад асобы кіраўніка:

«Гэта, відаць, найперш залежыць ад кіраўніка. Як ён вырашыць. У нас у цэху, у экспэдыцыі таксама стаяць відэакамэры, каб бачыць, што і як. Дзе хлеб робяць, паўсюль стаяць. Каб пабачыць і тое, чым хто заняты. Але не праслухоўваньне. У нас, ва ўсякім разе, такога няма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG