Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малчанаву пагражае працяг прэвэнтыўнага нагляду


Былы палітвязень Аляксандар Малчанаў даведаўся, што Барысаўскі РАУС падаў у суд хадайніцтва аб працягу ў дачыненьні да яго прэвэнтыўнага нагляду, які на дадзены момант павінен скончыцца ў студзені

«Размаўляў з супрацоўнікамі міліцыі. Яны кажуць, што ўжо пададзена хадайніцтва на працяг прафіляктычнага нагляду ў лепшым выпадку да ліпеня 2014 году. Паводле прэвэнтыўнага нагляду, пад якім я знаходжуся, я мушу двойчы на месяц — у першую і трэцюю серады — прыходзіць у крымінальную інспэкцыю Барысава і адзначацца там. Вось у першую сераду сьнежня я забыўся прыйсьці і адзначыцца. За такое парушэньне прадугледжваецца суд, на якім я атрымаю штраф у памеры да 1,3 мільёна рублёў. Але затым будзе другі суд, паводле хадайніцтва міліцыянтаў, які вырашыць, ці працягваць прэвэнтыўны нагляд і на які тэрмін. Ніякіх ілюзіяў наконт вынікаў суду я ня маю. Хутчэй за ўсё, тое, што я забыўся адзначыцца, а таксама хадайніцтва міліцыянтаў згуляюць на тое, што прэвэнтыўны нагляд будзе працягнуты», — сказаў Аляксандар Малчанаў Радыё Свабода.

Былы палітвязень адзначыў, што рашэньне пра падачу хадайніцтва не парушае дзейнага заканадаўства, але разам з тым міліцыянты маюць права і не падаваць такое хадайніцтва.

У 2011 годзе Аляксандра Малчанава асудзілі на 4 гады зьняволеньня за ўдзел у мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году. Празь некалькі месяцаў ён быў памілаваны і выйшаў на волю. У 2012 годзе былы палітвязень зноў апынуўся ў калёніі на паўтара года паводле абвінавачаньня ў крадзяжы мэталалому. Сёлета ўлетку Аляксандар Малчанаў выйшаў на волю з калёніі ў Навасадах.
XS
SM
MD
LG