Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крок наперад» выбірае лепшае беларускамоўнае відэа


Юрась Юрчанка

Юрась Юрчанка

Сёньня распачынаецца галасаваньне за найлепшы беларускамоўны відэаролік у рамках конкурсу «Крок наперад», абвешчанага на пачатку лістапада футбалістам Юрасём Юрчанкам.

Тады ініцыятар конкурсу ў падтрымку беларускай мовы абвясьціў, што конкурс ролікаў будзе адбывацца ў трох кірунках: «А ты размаўляеш па-беларуску?», «Зрабі крок наперад» і «Зараз ці ніколі». Відэа павінна ўключаць у сябе адзін з гэтых трох слоганаў, быць на беларускай мове, насіць непалітычны і нерэлігійны характар, ня ўтрымліваць ненарматыўнай лексыкі і мець матывацыйны характар, то бок падштурхоўваць чалавека да дзеяньня.

«Даслалі 12 відэа. Усе вельмі розныя. Некаторыя прафэсійныя, некаторыя зусім аматарскія, але вельмі душэўныя. Некаторыя ўдзельнікі адмыслова складалі вершы і песьні, каб выкарыстаць іх у сваіх роліках. Магу сказаць, што я вельмі задаволены тым, што людзі адгукнуліся. Зразумела, што падрыхтоўка відэа — гэта велізарная праца, таму разьлічваць на нейкую неверагодную колькасьць дасланых ролікаў было б заведама неабгрунтавана. Усё ж тут патрабавалася ня толькі галачку паставіць ці адказаць на пытаньне, а ахвяраваць вялікую колькасьць часу на прыдумваньне і выраб відэа», — паведаміў Радыё Свабода ініцыятар конкурсу відэаролікаў на беларускай мове Юрась Юрчанка.

Паглядзець ролікі і аддаць свой голас за ўпадабаны можна на сайце конкурсу і на яго старонцы ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце».

Галасаваньне будзе ісьці да 22 сьнежня. Пасьля адбудзецца ўрачыстая імпрэза, на якой арганізатар конкурсу ўганаруе пераможцаў.
XS
SM
MD
LG