Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея не спыняе намаганьняў, каб забараніць сваёй былой спартоўцы Анастасіі Каліне выступаць за зборную Беларусі па біятлёне.

Ня так даўно Каліна атрымала беларускае грамадзянства і пераехала ў Менск, дзе пачала падрыхтоўку да сэзону разам з новымі калегамі.

Тым часам Саюз біятляністаў Расеі рыхтуе адмысловую апэляцыю ў арбітражны суд Міжнароднага саюзу біятляністаў, у якой патрабуе забараніць сваёй «перабежчыцы» абараняць колеры беларускай зборнай ня толькі на этапах Кубку сьвету, але і на галоўных стартах чатырохгодзьдзя — зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 году ў Сочы.

У Саюзе біятляністаў Расеі пацьвердзілі, што да справы пераходу ў каманду Беларусі Анастасіі Каліны далучаныя вядучыя юрысты ў галіне права. Уласна апэляцыю складаюць эўрапейскія юрысты, якія маюць вялікі досьвед у справах, зьвязаных са зьменай спартоўцамі грамадзянства. Апроч таго, кіраўніцтва саюзу зьвярнулася ў Алімпійскі камітэт Расеі, каб той, у сваю чаргу, гэтаксама пасадзейнічаў з падачай хадайніцтва ў Міжнародны алімпійскі камітэт, каб той са свайго боку таксама забараніў Каліне ўдзельнічаць у сочынскай Алімпіядзе.

Чаму столькі шуму вакол спартоўкі, якая не была нават заяўлена ў асноўнай камандзе Расейскай Фэдэрацыі?

Як лічаць адмыслоўцы, цяперашняя гісторыя папросту стала апошняй кропляй — за кароткі тэрмін Беларусь і Ўкраіна перацягнулі да сябе паўтара дзясятка біятляністак, якія за расейскую каманду хоць і не раскрыліся, але пры разумным падыходзе маюць патэнцыял.

Меркаваньне выказвае аглядальнік газэты «Прессбол» Барыс Тасман: «Насамрэч, у асноўным складзе яна не была, але тут ёсьць такі момант. Там, дзе моцныя каманды, звычайна з боку ад калектыву, як кажуць, пад плотам стаіць цэлая група прэтэндэнтаў, у якіх нейкія таленты не адразу можна разгледзець. І калі даць некаму шанец, ня выключана, што хтосьці сябе паступова праявіць, „выстраліць“. Аднак такі шанец атрымліваюць нямногія. Таму яны і клююць на рознага кшталту прапановы. Прыкладам, Надзея Скардзіна ніколі ў Расеі не „засьвяцілася“ б, яна павольная. А тут паступова, пры ўмове найбольшага спрыяньня, глядзіш, і ўзнялася дзяўчына на нейкі нядрэнны ўзровень. Відаць, сама спартоўка дысцыплінаваная, добрасумленная; працуюць зь ёй, укладаюць грошы ў яе. Вось і пэўны ёсьць вынік. Так і зь іншымі можа быць, з Калінай той жа, разумееце? Кожны чалавек, калі яму аказаць увагу, укласьці ў яго грошы, зможа раскрыцца».

Тым ня меней, расейцы працягваюць абвінавачваць 24-гадовую спартоўку, якая ўжо атрымала беларускі пашпарт, а таксама беларускіх функцыянэраў у «закуліснай змове». Ня гледзячы на прэтэнзіі з боку былой каманды, напачатку сьнежня Анастасія Каліна дэбютавала за Беларусь падчас чарговага этапу ў аўстрыйскім Хохфільцэне. Праўда, паказаныя ёй вынікі пакуль далёкія ад аптымізму — на фініш яна нязьменна прыходзіла ў ліку апошніх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG