Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін памілуе Міхаіла Хадаркоўскага


Міхаіл Хадаркоўскі

Міхаіл Хадаркоўскі

Кіраўнік Расеі заявіў на сваёй вялікай прэсавай канфэрэнцыі, што экс-кіраўнік «ЮКАСУ» напісаў прашэньне аб памілаваньні. Указ аб вызваленьні прадпрымальніка будзе падпісаны ў бліжэйшы час.

«Што тычыцца Хадаркоўскага, я ўжо пра гэта казаў, Міхаіл Барысавіч павінен быў у адпаведнасьці з законам напісаць адпаведную паперу, ён гэтага не рабіў, але цяпер зусім нядаўна ён напісаў такую паперу, і зьвярнуўся да мяне з прашэньнем аб памілаваньні. Ён ужо правёў у месцах пазбаўленьня волі больш за 10 гадоў, гэта сур’ёзнае пакараньне, ён спасылаецца на абставіны гуманітарнага характару, у яго хворая маці, і я лічу, што можна прыняць рашэньне, і ў бліжэйшы час будзе падпісаны ўказ аб яго памілаваньні», — сказаў кіраўнік Расеі.

На прэс-канфэрэнцыі Ўладзімер Пуцін заявіў, што ня бачыць пэрспэктыў у так званай «трэцяй справе «ЮКАСу». «Я ўвогуле не разумею, дзе там гэтую справу. Я чуў, што пра гэта кажуць, але пакуль там ніякіх пагроз я ні для каго ня бачу», — заявіў прэзыдэнт.

Міхаіл Хадаркоўскі знаходзіцца ў зьняволеньні з 2003 году. У траўні 2005 году Хадаркоўскага і экс-старшыні рады дырэктараў групы «Менатэп» Платона Лебедзева прысудзілі да дзевяці гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў махлярстве і нявыплаце падаткаў. Пазьней Маскоўскі гарадзкі суд зьнізіў пакараньне да васьмі гадоў. Аб другой крымінальнай справе ў дачыненьні да Хадаркоўскага стала вядома, калі завяршаўся першы судовы працэс.

У сьнежні 2010 году Міхаіл Хадаркоўскі і Лебедзеў атрымалі 14 гадоў па «другой справе ЮКАСу» — аб буйным крадзяжы нафты ў даччыных прадпрыемстваў «ЮКОСу» і адмываньні сродкаў, выручаных ад яе продажу. Прадпрымальнікі атрымалі 14 гадоў, затым гэты прысуд быў скарочаны да 11 гадоў.

Абодва павінны былі выйсьці на волю ў наступным годзе. Ці прасіў аб памілаваньні Лебедзеў, пакуль не вядома.

Упаўнаважаны правоў чалавека ў Расеі Ўладзімер Лукін станоўча адрэагаваў на хуткае вызваленьне экс -кіраўніка «ЮКАСу». «Я проста вельмі радуюся, што гэтая эпапея, хваравітая і трагічная, падыходзіць да канца. Я ўдзячны ўсім тым, хто гэтаму спрыяе», — заявіў амбудсмэн.

Пра гэта інфармуе Інтэрфакс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG