Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за фільм. Жывы рэпартаж

У Слуцку пачаўся суд над Зінаідай Цімошак, якая 23 лістапада арганізавала ў Доме культуры вёскі Казловічы ў Слуцкім раёне прагляд фільму «40 дзён сялянскай рэспублікі», прысьвечанага падзеям Слуцкага паўстаньня.


Зінаіда Цімошак

Зінаіда Цімошак

01:02 20.12.2013

Інтэрвію з Аляксандрам Туміловічам, ужо былым дырэктарам Дому культуры ў Казловічах


17:32 19.12.2013
Алег Грузьдзіловіч
Апошні сьведка — Валянцін Пляўко, 1937 году нараджэньня. Цімошак ведае як настаўніцу, як чалавека, які добра размаўляе па-беларуску: «Я сам зь вёскі, але ужо пачаў забывацца на мову». Згадвае, што было 23 лістапада. Яму затэлефанаваў знаёмы, што будуць паказваць фільм пра паўстаньне 1920 году: «Я пазваніў Цімошак і паехаў зь ёй у клюб у Казловічы. Экран павесілі, але фільм не пачалі паказваць, бо нешта не атрымлівалася. Ніна Стужынская пачала апавядаць, як узьнікла паўстаньне, як людзі беларускія пачалі адстойваць сваю рэспубліку. І тут уварваліся міліцыянты, за старэйшым яшчэ прыйшло чалавек сем — „не разыходзіцца!“. Сядзелі доўга, не выпускалі ў прыбіральню. Я хацеў выйсьці, схапілі за рукі, нейкі капітан міліцыі. Апытвалі: ці размаўлялі вы пра сучасныя праблемы?». «Не, толькі пра 20-я гады».

Судзьдзя: «У нас ёсьць пратакол вашага допыту, дзе напісана, што вам пазваніла і запрасіла сама Цімошак. Усё так?». Сьведка пацьвердзіў.

Судзьдзя абвясьціла перапынак да 23 сьнежня. Працяг разгляду справы — а 14:10.
17:08 19.12.2013
Сьведка Андрэй Карп’юк, удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, інвалід: «Ведаю Цімошак, яна мне дапамагала». Таксама быў у Казловічах, яго запрасіў сябар: «Пасядзелі хвілін дзесяць, як прышлі міліцыянты і сказалі ўсім сядзець і не разыходзіцца. Я спалохаўся.»

Цімошак: «Ці адчувалі вы, што удзельнічалі ў нечым забароненым?».

Карп’юк: «Не, такога не адчуваў».

Цімошак: «А як на вас падзейнічаў прыход міліцыі?».

Карп’юк: «Дрэнна. У мяне раней быў інсульт, мне стала горш» (сьведка вымаўляе зь цяжкасьцю).

Судзьдзя дазволіла Цімошак выйсьці і праводзіць сьведку Карп’юка, бо ў таго слабое здароўе.

Тым часам пачаўся допыт сьведкі Пятра Марчанкі. Цімошак вярнулася на паседжаньне. Сьведка кажа па-беларуску. Ад людзей у горадзе даведаўся, што ў Казловічах будуць паказваць кіно пра Слуцкае паўстаньне, яму гэта цікава, таму паехаў на аўтамабілі ў Казловічы на прагляд. Падняўся разам зь іншымі на трэці паверх. Пакуль наладжвалі тэхніку, Ніна Стужынская пачала апавядаць пра тое, як вяла дасьледаваньне гэтай тэмы, і пра само кіно. Сьведка згадаў: калі ён сказаў міліцыянтам, што гэтак нельга рабіць, то адзін зь іх заявіў: мы з табой асобна разьбярэмся. «Я ў гэтым пачуў пагрозу, — сказаў Марчанка і абурана дадаў: — Што я зрабіў, што мяне трымалі некалькі гадзінаў і нічога не тлумачылі?»

Судзьдзя: «Вы гэта ў каго пытаецеся?». З залі гучна: «У Лукашэнкі!».
16:50 19.12.2013
Стужынская нагадала, што фільм увашоў у дваццатку найлепшых дакумэнтальных стужак па выніках мінулага году.

Сьведка Анатоль Волась з Слуцку расказаў, што ведае Цімошак даўно, яна яму дапамагала пісаць скаргі. Ён быў сярод тых, хто прыехаў у Казловічы: «Прайшло хвілін пяць, яшчэ да фільму не дайшло, а заходзіць міліцыянт — такі самадавольны — і кажа, што тут незаконнае мерапрыемства, нікому не разыходзіцца, будзем, маўляў, з усімі зараз разьбірацца».

Удакладняе на просьбу адваката, што фільм глядзець не пачалі, гісторык толькі дала тлумачэньне. А фільм, паводле ягоных словаў, быў бы дазволены. Абураецца, што людзі ня ведаюць гісторыі і ім не даюць пра гэта нават даведацца, што беларускамоўным не дазваляюць зьбірацца і размаўляць на роднай мове. Сьведка: «Мяне таксама абурыла, што чалавека не пускалі ў прыбіральню. Я прасіў, сказалі — нельга. Тады сказаў: трэба суправадзіць. І павялі пад канвоем».

Загрузіць яшчэ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG