Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода — у шорт-лісьце «Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці»


23 сьнежня Асамблея НДА пяты раз абвесьціць пераможцаў штогадовай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці».

Прэміяй уганаруюць выбітных асобаў, арганізацыі і падзеі, якія былі знакавымі і значнымі для разьвіцьця беларускага трэцяга сэктару за 2013 год.

Сёлета сьпіс намінацыяў быў зьменены. Выкрасьлілі традыцыйныя «Рэгістрацыю году» і «Адмову году». Сярод новых намінацыяў варта адзначыць «Лапаць году», які ўручаць за нэгатыўныя дзеяньні ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і іх прадстаўнікоў, а таксама «СМІ году», каб адзначыць мас-мэдыя, якое найбольш грунтоўна і рознабакова асьвятляла грамадзкую дзейнасьць.

Радыё Свабода прысутнічае ў шорт-лісьце намінацыі «СМІ году» за цыкл рэпартажаў «Сталкеры Свабоды» пра грамадзкіх і культурных актывістаў у Менску і рэгіёнах.

Таксама Радыё Свабода наўпрост спрычынілася да таго, каб друкарскі цэнтар «Карандаш» трапіў у сьпіс намінантаў на атрыманьне званьня «Лапаць году».

Усяго прэміі сёлета будуць уручаныя ў 9 намінацыях: «Грамадзкі лідэр году», «Кампанія году», «Новая ініцыятыва», «Рэгіянальная падзея», «Месца году», «Крэатыў году», «Лапаць году», «СМІ году» і «Найлепшы сайт НДА».

За званьне «Грамадзкі лідэр году» змагаюцца старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, лідэр Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Улад Вялічка, Сяргей Міхалок з гурту «Ляпіс Трубяцкі», старшыня Беларускай антыядзернай кампаніі Тацяна Новікава, кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова, а таксама лідэр Беларускага незалежнага прафсаюзу на ААТ «Мазырскі НПЗ» Юры Швец.

Сярод прэтэндэнтаў на антыпрэмію «Лапаць году» — адмова ў правядзеньні грамадзкіх слуханьняў па законе аб некамэрцыйных арганізацыях, пазбаўленьне 256 НДА льготаў па арэнднай плаце, штраф арганізатарам велапрабегу «Стылягі на роварах», увядзеньне адміністратыўнай адказнасьці за парушэньне парадку правядзеньня апытаньняў грамадзкай думкі, скандал вакол друкарскага цэнтру «Карандаш», дэкрэт № 2 ад 24 студзеня 2013 году, а таксама затрыманьне аўтобуса зь беларусамі, якія ехалі на Эўрамайдан у Кіеў.

У шорт-ліст на атрыманьне прэміі «СМІ году» трапілі інфармацыйны партал Naviny.BY, Радыё Свабода, БЕЛСАТ і інтэрнэт-тэлебачаньне TUT.BY.
XS
SM
MD
LG