Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агульнанацыянальны Дзень пікетаў супраць расейскіх вайсковых базаў у Беларусі мяркуюць правесьці прадстаўнікі Партыі БНФ падчас збору падпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Пра гэта сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Ён сказаў, што ў адзін і той жа дзень, у адзін і той жа час усе кандыдаты ў дэпутаты і сябры іх камандаў адначасова выйдуць на пікеты ў розных месцах Беларусі:

«Мы разьлічваем, што такіх пікетаў будуць сотні», — сказаў Аляксей Янукевіч.

Кіраўнік партыі дадаў, што гэта будзе акцыя ня толькі партыі і руху БНФ, а і калегаў па дэмакратычным лягеры. У прыватнасьці, з прапановай падтрымаць гэтую ініцыятыву Партыя БНФ зьвярнулася да сваіх калегаў па кааліцыі «Народны рэфэрэндум» і да іншых дэмакратычных партыяў.

Патрабаваньне не дапусьціць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых базаў абавязкова ўвойдзе ў перадвыбарчую праграму абсалютна ўсіх кандыдатаў ад Партыі БНФ, — заявіў Янукевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG