Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад электроннай пэтыцыяйна імя міністра фінансаў Андрэя Харкаўца з патрабаваньнем адмяніць дзяржпошліну на аўтамабілі ўжо падпісалася больш за 75 000 чалавек.

АГП зьбірае аналягічныя подпісы ў рэгіёнах, пераважна сярод тых, хто не карыстаецца Інтэрнэтам. А на форумах невядомыя заклікаюць да ўдзелу ў аўта-акцыі пратэсту 20 сьнежня а 18.00 на праспэкце Незалежнасьці.

Якая рэакцыя з боку грамадзтва можа прывесьці калі не да адмены законапраекту пра аўтапабор, то хаця б да яго перагляду?

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька перакананы, што ягоная партыя даволі апэратыўна адрэагавала на прыняцьцё Палатай прадстаўнікоў закону аб дзяржпошліне, які пачне дзейнічаць з 2014 году:

«Учора мы зьбіралі подпісы ў Магілёве, у асноўным сярод тых, хто не карыстаецца інтэрнэтам і ня ведае нічога пра электронную пэтыцыю. Гэтыя фізычныя подпісы — грунтоўны дадатак да таго, што цяпер адбываецца ў сацыяльных сетках. Выхад да людзей — гэта ж яшчэ і мясцовая сацыялёгія і баромэтар адчуваньняў настрояў у грамадзтве. Агулам ужо ёсьць зь дзесятак гарадоў, дзе мы зьбіраем подпісы. Адзінае, што мы гэты збор подпісаў падмацоўваем патрабаваньнем адстаўкі ініцыятара законапраекту — гэта значыць, ураду. Заплянаваная таксама і інфармацыйная кампанія што да аўтапабору: будуць улёткі і спэцвыпуск нашага бюлетэня», — паведаміў Радыё Свабода палітык.

Што да заклікаў у інтэрнэце правесьці аўта-акцыю пратэсту 20 сьнежня, то Анатоль Лябедзька лічыць, што калі такая ініцыятыва будзе паходзіць ад звычайных аўтаўладальнікаў, яна можа быць больш-менш эфэктыўнай.

«Трэба спрабаваць усе мэтады: збор подпісаў пад электроннай пэтыцыяй, збор подпісаў на паперы, выезд на аўтамабілях. Усё гэта будзе працаваць у адну капілку», — падсумаваў лідэр АГП.

Лідэр грамадзкай арганізацыі «За аўто» Арцём Шаркоў паведаміў Радыё Свабода, што гэтым разам ня мае дачыненьня да арганізацыі пратэстных дзеяньняў што да ўвядзеньня падатку на допуск аўтамабіляў да дарожнага руху.

Ацэньваючы збор подпісаў, які наладзілі Алесь Цямляк на сайце www.change.org і АГП у рэгіёнах, Арцём Шаркоў сказаў: паколькі законапраект быў ініцыяваны адміністрацыяй прэзыдэнта, зьбіраць подпісы трэба на імя менавіта гэтага органа:

«Акцыя кшталту „Стоп-падатак“ можа прынесьці пэўны плён, як гэта было з акцыяй „Стоп-бэнзін“, але гэта здарыцца толькі тады, калі беларусы змогуць самаарганізавацца. Але мне ў гэта слаба верыцца. Супрацьстаяць супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў вельмі складана. Таксама варта зразумець, што гэты падатак будзе ў любым разе. Гэтыя грошы дзяржава ўжо вырашыла ўзяць у людзей. Іншая справа, што пакуль невядома, якім чынам яго будуць браць. Вось гэты аспэкт можна было б і перагледзець. Калі грошы, атрыманыя ў выніку збору дзяржпошліны, пойдуць на рамонт дарог, гэта добра. Але няма гарантыі, што за гэтыя сродкі ня будуць павялічаныя тыя ж заробкі супрацоўнікам дзяржсэктару. Гэта ж таксама закладзена ў новапрынятым бюджэце», — сказаў Арцём Шаркоў.

Арганізатар акцыяў «Стоп-бэнзін» лічыць, што было б нашмат больш справядліва закласьці пошліну, неабходную на рамонт дарог, у кошт паліва — тады б кожны плаціў адпаведна таму, колькі езьдзіць:

«У нас зарэгістравана 4 мільёны аўтамабіляў, паўтара мільёна — гэта камэрцыйны транспарт. З 2,5 мільёнаў асабістага транспарту палова ня езьдзіць штодня. Таму пошліна ў тым выглядзе, у якім яна прынятая цяпер, — незразумелая. Нашмат прасьцей было б закласьці яе праз цану на бэнзін, тады б атрымалася, што людзі плацілі б прапарцыйна колькасьці наежджаных кілямэтраў».
XS
SM
MD
LG