Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У сеціве зьявілася кніга «Дыктатар. Неверагодная гісторыя зьвяржэньня».

Кніга прысьвечаная мітычнаму дыктатару, які носіць імя Лукаш Енкаў. Яна даступная ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце».

Адзін з наведнікаў суполкі Свабоды ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце», які пачытаў гэтую кнігу і парэкамэндаваў гэта зрабіць нам, у сваёй кароткай рэцэнзіі зазначае, што падабенства зь імем дзейнага кіраўніка Беларусі аўтарам зробленае наўмысна:

«Парадаксальнасьць таго, што Лукаш Енкаў становіцца цэнтрам міжгаляктычнай спрэчкі і мае падтрымку злой іншаплянэтнай расы, безумоўна ставіць у замяшаньне, гэта прымусіла асабіста мяне зьдзівіцца і захапіцца напісаным. Кніга трымае інтрыгу. На першы погляд ідэя падаецца дзіўнай, абсурднай, і толькі праз сэкунду (прыкладна з чацьвёртага разьдзела) чалавек разумее, што гаворка ідзе аб лягічнай зьяве і здаровым сэнсе».

У кнізе 218 старонак, яе аўтар — Віталь Ільлюк, ураджэнец Адэсы, пісьменьнік, мастак, выкладчык гісторыі і права, фітнэс-інструктар, кандыдат філязофскіх навук.

Адказваючы на пытаньні Свабоды, аўтар Віталь Ільлюк зазначыў:

«Кніга не надрукаваная. Усе пэрсанажы і падзеі прыдуманыя і адносяцца да пэрыяду 2045 году, вобраз зборны. Пытаньне свабодаў у кнізе закранаецца ўскосна! Кніга пра пазаземныя іншаплянэтныя цывілізацыі, пра духоўнасьць, пра Бога і рэінкарнацыі.

Ніхто не выключае праблему дыктатарства з кнігі. У ёй ня ўказваецца імя Лукашэнкі. Галоўны нэгатыўны герой носіць імя Лукаш Енкаў, гэта супадзеньне. Чытач сам вырашае, пра што кніга: пра іншаплянэцян ці пра тыранію».
XS
SM
MD
LG