Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін зьбірае вялікую прэс-канфэрэнцыю


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін 19 сьнежня ў дзевяты раз правядзе вялікую прэсавую канфэрэнцыю для расейскіх і замежных журналістаў.

Сустрэча з журналістамі пачнецца апоўдні паводле маскоўскага часу і, як чакаецца, будзе доўжыцца больш за чатыры гадзіны. Хоць, паводле прэсавага сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, яна заўсёды плянуецца на больш кароткі час — гадзіну-паўтары.

Лейтматывам мінулагодняй прэсавай канфэрэнцыі Пуціна быў так званы «закон Дзімы Якаўлева» пра забарону на ўсынаўленьне расейскіх сірот амэрыканцамі. Ён стаў адказам Расеі на «акт Магніцкага», які абмяжоўвае ўезд у ЗША некаторым расейскім грамадзянам, вінаватым у парушэньні правоў чалавека. Журналісты задалі Пуціну не адно пытаньне на гэтую тэму і прасілі яго не падпісваць закон.

Гэтым разам тэмы, на якія варта чакаць пытаньні, таксама прадказальныя, піша газэта «Известия». Хутчэй за ўсё, Пуціна спытаюць пра падзеі ва Ўкраіне і падрабязнасьці фінансавай дапамогі афіцыйнаму Кіеву, пра сірыйскі канфлікт, амністыю да 20-годзьдзя Канстытуцыі, пэнсійную рэформу, запаволеньне эканамічнага росту ў Расеі, пра ягоныя адносіны з прэм’ер-міністрам Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

На прэсавую канфэрэнцыю акрэдытаваныя больш за 1300 расійскіх і замежных журналістаў.
XS
SM
MD
LG