Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскi: «Шмат за што прыходзіцца каяцца»


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

На сайце svaboda.org прайшла онлайн-канфэрэнцыя з былым кандыдатам у прэзыдэнты, сустаршынём Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталем Рымашэўскім.

19 сьнежня споўнілася тры гады з дня апошніх прэзыдэнцкіх выбараў і гвалтоўнага разгону Плошчы — акцыі пратэсту. Але на многія пытаньні грамадзкасьць так і не атрымала вычарпальных адказаў. Ці быў у апазыцыйных кандыдатаў агульны плян на Плошчу? Чым тлумачацца паводзіны розных кандыдатаў пасьля разгрому Плошчы? Якія ўрокі далі выбары 2010 году? Як выглядаюць пэрспэктывы?


Вось урыўкі зь некаторых адказаў Віталя Рымашэўскага


Пра выбары 2015 году

«БХД можа вылучыць свайго кандыдата ў 2015 годзе. Але ж дзеля адзінства дэмакратычных сілаў мы гатовыя адмовіцца ад вылучэньня партыйнага кандыдата на карысьць адзінага».

«Што тычыцца мяне асабіста, яшчэ 2 гады — па дзеючых законах, рэжымам мне забаронена балятавацца на „выбарах“ любога ўзроўню, паколькі зь мяне ня зьнятая судзімасьць».

«БХД прапануе абраць адзінага як мага раней. Дзеля гэтага сумясьціць 2 асноўныя працэдуры, што ёсьць сёньня — праймэрыз і правядзеньне ўсебеларускага сходу.

Ці здолее апазыцыя выбраць — залежыць таксама ад вас, ад усяго беларускага грамадзтва. Будзьце больш актыўнымі, выказвайце свае прапановы, далучайцеся да працы па вылучэньні адзінага».

«Наша прапанова па аб’яднаньні дэмакратычных сілаў перад 2015 годам сьцісла гучыць так: адна стратэгія (праграма) — адна каманда — адзіны кандыдат.

Апроч абраньня адзінага, павінна быць прынятая стратэгія дзейнасьці. У гэтай стратэгіі асноўным пунктам стане — абарона незалежнасьці краіны, мовы, культуры. Таму папросту немагчыма, каб адзіным стаў прамаскоўскі палітык. Адзіны кандыдат павінен будзе прытрымлівацца прынятай стратэгіі».


Пра мясцовыя выбары

«БХД ня ўдзельнічае ў спэктаклі Ярмошынай пад назвай „выбары“. Мы яшчэ ў верасьні 2013 году далі ацэнку наступнаму спэктаклю як нелегітымнаму і недэмакратычнаму, мы не прызнаем вынікі наступных „выбараў“, бо няма ўмоў для іх дэмакратычнага правядзеньня. Прапанавалі далучыцца да гэтай ацэнкі іншым палітычным сілам (пакуль ні ад кога адказу не было).

Але мы будзем выкарыстоўваць выбарчую кампанію, каб стварыць альтэрнатыўныя — народныя самакіраваньні, каб бараніць беларусаў ад гвалту з боку ўлады, каб сабраць юрыдычныя доказы адсутнасьці выбараў у краіне і не дапусьціць прызнаньня іх легітымнасьці».


Пра дзейнасьць БХД

«Кампаніяй «за сямейныя каштоўнасьці» мы дамагліся скасаваньня 7 сацыяльных паказчыкаў для правядзеньня абортаў на позьніх тэрмінах. Дзякуючы гэтаму многія дзеці застануцца жыць, іх маці ня страцяць здароўе. Што на гэтай зямлі можа быць большага за жыцьцё чалавека?

Таксама важная кампанія ў абарону права на свабоду сумленьня, у абарону палітвязьняў, кампанія «Пакаяньне».

«Мы не праводзім антыабортную кампанію. Мы праводзім кампанію ў абарону жыцьця ад самага яго пачатку. Гэта сутнасна розныя рэчы, хоць адна з мэтаў кампаніі — забарона масавых забойстваў дзетак ва ўлоньні маці.
Мы не праводзім антыабортную кампанію. Мы праводзім кампанію ў абарону жыцьця ад самага яго пачатку

За 2013 год нам удалося прымусіць уладу пайсьці на некаторыя зьмены ў заканадаўстве адносна гэтай праблемы, аднак далёка ня ўсе.

Беларускі рэжым лічыць нормай забойства ўсіх без разбору — і дарослых, і дзяцей. Прызначаныя Лукашэнкам „дэпутаты“ адмовіліся нават увесьці „час цішыні“ — некалькі дзён, за якія жанчына магла б перадумаць... Бюджэту такія зьмены нічога б не каштавалі. Ды, пэўна, вырашылі не адступаць ад прынцыпу: „гвалт і забойства — як норма і як права“. Выснова адна — пры рэжыме Лукашэнкі аборты ніколі ня будуць забароненыя...»


Пра гомасэксуалізм

Таксама, як хрысьціянін, лічу, што гомасэксуалізм — не хвароба, а разбэшчанасьць.

На шчасьце, апроч названых вамі прыкладаў, ёсьць яшчэ прыклад Польшчы, Славаччыны, Нямеччыны — дзе не прызнаюцца гомасэксуальныя шлюбы, ёсьць мільённыя дэманстрацыі ў Францыі за сямейныя каштоўнасьці.

Вядомыя і іншыя ініцыятывы — у Галяндыі за легалізацыю пэдафіліі, у Нарвэгіі за палігамію. БХД, безумоўна, супольна з нашымі эўрапейскімі калегамі пасьлядоўна выступае супраць падобных рэчаў.


БХД — за сямейныя каштоўнасьці, супраць разбэшчанасьці

БХД — таксама супраць дыскрымінацыі. Вядома, што нацысты, сярод іншых катэгорыяў насельніцтва, кідалі ў канцлягеры гомасэксуалаў. Цяпер назіраюцца адваротныя тэндэнцыі — калі толькі за тое, што людзі вызнаюць сябе хрысьціянамі, прыхільнікамі традыцыйнай сям’і, іх абвяшчаюць «парушальнікамі правоў чалавека», цкуюць у прэсе, гатовыя кідаць за краты... Так можна дайсьці да часоў, калі ў канцлягеры будуць кідаць тых, хто не прызнае гомасэксуальныя сужыцьці шлюбам.
Так можна дайсьці да часоў, калі ў канцлягеры будуць кідаць тых, хто не прызнае гомасэксуальныя сужыцьці шлюбам

Гэта трэба бачыць і разумець, што павага да перакананьняў, да веры іншага чалавека — таксама нед’емная частка дэмакратыі.


Пра прашэньне на імя Лукашэнкі пасьля 19 сьнежня 2010 году

Было па сутнасьці 2 пункты, прывожу амаль даслоўна:

1) У гвалтоўных дзеяньнях па захопу будынку Дому ўраду ўдзелу не прымаў, прашу пасадзейнічаць майму вызваленьню.

2) Прашу неадкладна вызваліць усіх арыштаваных за падзеі 19 сьнежня. Іх утрыманьне за кратамі ізалюе Беларусь ад дэмакратычных краін.

Гэты ліст быў кампрамісам, на які я быў вымушаны пайсьці, зыходзячы з усіх абставінаў таго часу.


Пра свае дзеяньні 19 сьнежня

У мяне асабіста і ў каманды БХД быў плян правядзеньня мірнай дэманстрацыі, якая павінна была перайсьці ў доўгатэрміновую акцыю пратэсту. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб узгадніць нашы дзеяньні з камандамі іншых кандыдатаў. На жаль, гэтага не ўдалося зрабіць не па віне БХД.

Дружына ў БХД была. Найперш, яна ахоўвала трыбуну, каб кандыдаты мелі магчымасьць камунікаваць зь людзьмі. І гэтыя мужныя людзі знаходзіліся там да канца. АМАПу не ўдалося адразу захапіць трыбуну. Гукаўзмацняльная апаратура працавала да таго маманту, пакуль на Плошчы яшчэ заставаліся пратэстоўцы.

Таксама нам удалося спыніць біцьцё шкла ў Доме ўраду і спробы туды ўвайсьці. (Можаце пераглядзець відэа з Плошчы — пабачыце, што мне дапамагалі адводзіць людзей ад дзьвярэй.) Зьвяртаю ўвагу на тое, што першы разгон і зьбіцьцё дэманстрантаў перад Домам ураду пачаўся пасьля таго, як мы спынілі правакацыі. І гэта яскрава кажа пра тое, што рэжым плянаваў правакацыі і яго мэтай не было іх спыніць, але проста знайсьці нагоду дзеля гвалту і масавых рэпрэсіяў.

На жаль, сілы дружыны БХД не хапіла, каб цалкам спыніць правакацыі. Віну за гэта пэрсанальна бяру на сябе.

Адказы Віталя Рымашэўскага на пытаньні наведнікаў сайту чытаць тут

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG