Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясятка «вірусных» відэа 2013 году


Крыс Гэдфілд
Крыс Гэдфілд

Радыё Свабода склала сьпіс сьмешных, дзіўных і часам скандальных відэа з усяго сьвету, які зрабіліся «віруснымі» і прыцягнулі вялікую ўвагу публікі за гэты год.

А якое відэа сёлета ўразіла вас? Дадайце свае спасылкі ў камэнтарах.

10) Астранаўт Крыс Гэдфілд сьпявае ў космасе песьню Дэйвіда Боўі

Камандуючага Міжнароднай касьмічнай станцыяй канадца Крыса Гэдфілда называюць самым дасьведчаным у сацыяльных мэдыях касманаўтам. Ягоныя допісы з арбіты сабралі больш за мільён чытачоў у Твітэры, і ён шмат расказаў карыстальнікам сацыяльных сетак пра цуды космасу. Але найбольшую папулярнасьць атрымаў ягоны запіс на касьмічнай станцыі песьні Дэйвіда Боўі «Space Oddity» (Касьмічнае дзівацтва):



9) У Сібіры прызямляецца велічэзны мэтэарыт

Калі Крыс Гэдфілд зноў прабудзіў у публікі зацікаўленьне космасам, дык здымкі Чалябінскага мэтэарыта дадалі імпэту гэтаму зацікаўленьню.

Але некаторыя людзі ўспрынялі падзеньне мэтэарыта без асаблівага зьдзіўленьня:



8) Найбуйнейшы ў сьвеце карабель на паветранай падушцы заяжджае на расейскі пляж

Папярэдняе відэа было жартаўлівым мантажам, але мільёны людзей па ўсім сьвеце палічылі яго сапраўдным — магчыма таму, што кіроўца адпавядаў рэпутацыі расейцаў, якія нібыта заўсёды спакойна рэагуюць на патэнцыйны катаклізм.

Гэтая рэпутацыя атрымала сапраўднае пацьверджаньне ў відэа, на якім найбуйнейшы ў сьвеце карабель на паветранай падушцы заяжджае на пляж у Калінінградзе. Верагодна, што наведнікі пляжа ў Флорыдзе ці ў Малазе адрэагавалі б на такое больш эмацыйна:



7) Стыў Кардынал робіць пародыю на песьню Майлі Сайрус

Песьня поп-зоркі Майлі Сайрус «Wrecking Ball» стала адным з хітоў 2013 году, часткова дзякуючы скандальнаму відэа, якое выклікала вялікую дыскусію наконт эксплюатацыі і аб’ектыфікацыі жаночага цела. Але незалежна ад таго, на якім вы баку ў гэтай дыскусіі, цяжка стрымаць сьмех ад парадыйнай вэрсіі коміка Стыва Кардынала:



6) Джымі Самэрвіл робіць сюрпрыз вулічнаму сьпеваку

Вулічны музыка ў Бэрліне выконваў «Smalltown Boy» — старую песьню гурту Bronski Beat. Выглядае, што якраз у гэты час сьпявак гурту Джымі Самэрвіл непадалёк выгульваў свайго сабаку. Вось што з гэтага атрымалася:



5) Як загарэлася «Кэйтлін Гелер»

Яшчэ да кліпу, дзе яна гайдалася голай на цяжкім мэталёвым шары, Майлі Сайрус выклікала скандал сваім выступленьнем на цырымоніі ўручэньня ўзнагародаў MTV. Яе дуэт з Робінам Тыке, як і папулярнае «віруснае» відэа Harlem Shake, дапамог зрабіць адным з найбольш модных словаў году ў ангельскай мове «twerking», і выклікаў хвалю перайманьняў гэтага руху сьцёгнамі. Пазьней высьветлілася, што «Кэйтлін Гелер» каскадэрка, а яе відэа было добра падтрыхванае:



4) Хор расейскай паліцыі выконвае песьню гурту Daft Punk

Як і песьня Майлі Сайрус «Wrecking Ball», песьня гурту Daft Punk «Get Lucky» зрабілася шалёна папулярнай улетку 2013 году і выклікала сэрыю пераробак і пародый. Гэтая вэрсія ў выкананьні хору Міністэрства ўнутраных спраў Расеі сабрала на партале YouTube больш за тры мільёны праглядаў.



3) Як ядуць жывёлы

Незалежна ад таго, чым лічыць гэтае відэа — геніяльнай камэдыяй ці тупым падлеткавым гумарам — яго папулярнасьць уражвае, бо каля 100 мільёнаў чалавек паглядзелі коміка MisterEpicMann, які паказвае, як ядуць розныя жывёлы:



2) Тэлекінэтыка ў кавярні

Як заўсёды, жарты, зьнятыя схаванай камэрай, мелі вялікую папулярнасьць і сёлета. Людзі, якія рыхтавалі прэм’еру новай вэрсіі клясычнага фільму жахаў «Кэры», вырашылі з дапамогай тэхнічных прыстасаваньняў і актораў пажартаваць для рэклямы над наведнікамі невялікай кавярні:



1) Нічога асабліва цікавага: проста кот у касьцюме акулы чысьціць падлогу

Бадай самым папулярным «вірусным» відэа году стала песьня «What Does the Fox Say?» (Што кажа лісіца?) нарвэскага дуэту Ylvis.

Але калі ўжо абіраць у якасьці галоўнага «віруснага» відэа сапраўды просьценькі кліп, дык варта намінаваць гэтага ката ў касьцюме акулы, які спакойна езьдзіць пра кухоннай падлозе на робаце-пыласосе. Гэтае відэа сабрала ўжо больш за 6 мільёнаў праглядаў на YouTube, што сьведчыць пра любоў чалавека да абсурду. Альбо гэта сьведчыць пра тое, што людзі з радасьцю будуць глядзець што заўгодна — абы там быў коцік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG