Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Урад вырашыў «прадаць» завод напярэдадні перамоваў па нафце


Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

Прэсавая служба беларускага ўраду паведаміла, што пакет акцыяў Менскага заводу колавых цягачоў будзе прададзены расейскаму інвэстару. Ці выпадкова гэтая інфармацыя зьявілася зараз, напярэдадні перамоваў у Маскве па нафтавым балянсе? Наколькі стратэгічна важным для беларускай прамысловасьці зьяўляецца завод колавых цягачоў? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальніца газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

— Як можна ацаніць рашэньне аб продажы пакета акцыяў МЗКЦ расейскаму інвэстару? Пры тым, што яшчэ 6 сьнежня Аляксандар Лукашэнка нэгатыўна выказаўся пра магчымы продаж заводу.

— Зьвярну ўвагу, што ніякага канчатковага рашэньня пакуль няма. Гэта толькі намер ураду, і тут варта мець на ўвазе, што беларускія прадпрыемствы прадаюцца толькі з дазволу Аляксандра Лукашэнкі.

Відавочна, што гэтае паведамленьне ўраду прынята акурат перад тым, як заўтра, 19 сьнежня, беларуская дэлегацыя на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам паедзе ў Маскву на перамовы наконт нафтавага балянсу на наступны год. Беларусь просіць 23 мільёны тонаў, Расея пакуль не пагаджаецца. Менск таксама хацеў бы падпісаць балянс на ўвесь год, а не на кожны квартал, як сёлета.

Паводле маіх крыніцаў, дакладна вядома, што расейскі бок падчас гэтых перамоваў запатрабаваў, каб адначасова з падпісаньнем нафтавага балянсу былі падпісаныя праекты аб стварэньні сумесных прадпрыемстваў з расейскімі кампаніямі. Гэта тыя самыя «пяць праектаў», якія абмяркоўваюцца цягам году. Таму беларускі ўрад зрабіў усё магчымае, каб стварыць лепшую глебу для сваіх перамоваў. А Лукашэнка тым часам паехаў у Сочы…
Беларусь будзе вымушана «здаць» адзін ці два заводы ў найбліжэйшы час

Расея неаднаразова заяўляла, што, пастаўляючы больш танную нафту, яна нясе грашовыя ахвяры. І каб іх кампэнсаваць, Беларусь будзе вымушана «здаць» адзін ці два заводы ў найбліжэйшы час.

— А што можна сказаць пра значэньне менавіта МЗКЦ? Ён працуе пераважна на абарону, беларуская абарона цесна зьвязаная з расейскай, і Расея зьяўляецца галоўным пакупніком прадукцыі заводу. З гэтага пункту гледжаньня ягоны продаж выглядае ў пэўным сэнсе лягічна?

— Так, цалкам лягічна, бо галоўны спажывец прадукцыі заводу — гэта Расея. Але Лукашэнка якраз і гаварыў пра тое, што спажыўцу якраз і нельга прадаваць — напэўна, баяцца, што расейскае прадпрыемства паглыне МЗКЦ.

Таму відавочна, што схема і ўмовы продажу яшчэ будуць абмяркоўвацца. І тут варта зьвярнуць увагу, што беларускі ўрад прапанаваў іншую схему продажу — праз выпуск дадатковай эмісіі акцыяў заводу. Хаця раней абмяркоўвалася магчымасьць продажу 75 акцыяў па рынкавым кошце. Яшчэ невядома, ці згодзіцца расейскі пакупнік з такой прапановай. Але ж відавочна, што акрамя расейскіх кампаніяў, МЗКЦ наўрад ці будзе патрэбны нейкаму пакупніку з іншай краіны.
XS
SM
MD
LG