Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 19 сьнежня: трэцяя гадавіна разгону Плошчы і першы авіярэйс Менск-Вільня-Менск


Менск, 19 сьнежня 2010 году
Менск, 19 сьнежня 2010 году

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, у гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

А 13-й гадзіне на Майдане незалежнасьці ў Кіеве плянуюць расьцягнуць вялікі нацыянальны сьцяг Беларусі ў памяць пра брутальны разгон пасьлявыбарчага пратэсту ў Менску 19 сьнежня 2010 году. Сотні людзей былі арыштаваныя і зьбітыя.

У залі афіцыйных дэлегацый Нацыянальнага аэрапорту «Менск» адбудзецца прэзэнтацыя першага авіярэйсу Менск-Вільня-Менск. Пачатак а 7-й гадзіне.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей наведае Выканаўчы камітэт СНД у Менску, у сувязі з тым, што Беларусь завяршае старшынёўства ў гэтай арганізацыі.

Офіс правоў людзей з інваліднасьцю праводзіць у Менску круглы стол у праблеме дзеяздольнасьці. Экспэрты і юрысты адкажуць на пытаньні: што такое пазбаўленьне дзеяздольнасьці, як гэта адбываецца на практыцы і г.д. Сустрэча адбудзецца на вул. Варанянскага, дом 50, корпус 4, актавая заля. Пачатак аб 11-й гадзіне.

У офісе Партыі БНФ у Менску (вул. Чарнышэўскага, 3) адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя, прысьвечаная пачатку кампаніі выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Пачатак а 12-й гадзіне.

У бары «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37-а) у межах праекту «Эўрапейскае кафэ: адкрытая прастора Эўропы» адбудзецца публічная лекцыя Натальлі Арлаўскайце «Архіўная фатаграфія і (эўрапейскія) катаклізмы ХХ стагодзьдзя». Пачатак а 16-й гадзіне. Уваход вольны.

У кнігарні «ЛогвінаЎ» музыка Сяргей Пукст аўтограф-сэсіяй і бясплатным акустычным міні-канцэртам адзначыць выхад дыска «Последний альбом». Увесь наклад CD музыка вырабіў і аформіў уручную. Пачатак а 19-й гадзіне.

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасьці дзяцей і моладзі (Менск, вул. Кірава, 16) адкрыецца выстава-конкурс творчасьці навучэнцаў «Калядная зорка». Пачатак а 16-й гадзіне.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1969 – адкрытыя першыя ў Беларусі радовішчы бурага вугалю каля гораду Жыткавічы.

1978 – з канвэеру віцебскага ВА «Віцязь» сышоў першы тэлепрымач.

2010 – на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ЦВК зноў абвясьціў перамогу Аляксандра Лукашэнкі, за якога, паводле ЦВК, прагаласавалі 79,67% выбаршчыкаў. Апазыцыя заявіла пра фальсыфікацыі і наладзіла масавую акцыю пратэсту, у выніку якой сотні людзей былі арыштаваныя і зьбітыя.

У гэты дзень нарадзіліся:

1296 – Альгерд, вялікі князь літоўскі.

1906 – Леанід Брэжнеў, генэральны сакратар ЦК КПСС, кіраўнік СССР ад кастрычніка 1964 да лістапада 1982.

1907 – Мікалай Дворнікаў, беларуска-савецкі дзяяч Заходняй Беларусі. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Гішпаніі.

1915 – Эдзіт Піяф, француская сьпявачка, шансанье.

1935 – Валянцiна Лемцюгова, доктар філялягічных навук, прафэсар у галіне мовазнаўства.

1964 – Арвідас Сабоніс, савецкі і літоўскі баскетбаліст.

У гэты дзень памерлі:

1370 – Урбан V (нар. 1310), папа рымскі.

1915 – Алёіс Альцгаймэр (нар. 1864), нямецкі псыхіятар і нэўроляг, імем якога названы прэсынільны псыхоз.

1996 – Марчэла Мастраяні (нар. 1924), італьянскі кінаактор

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Дзень Міколы-Цудатворца

Міжнародны дзень дапамогі бедным

Міжнародны дзень забесьпячэнца

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Наша войска міру зьяўляецца апірышчам міру ва ўсім сьвеце, калі наша войска міру знаходзіцца ва ўсім сьвеце, справа міру трыюмфуе мірна.

Леанід Брэжнеў, з дакладу XXVI зьезду КПСС, 1981 год
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG