Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе абмяркоўваюць: што паабяцаў Януковіч Пуціну за беспрэцэдэнтныя «падарункі» ў выглядзе зьніжак на газ на траціну і фактычнага крэдыту ў 15 мільярдаў даляраў? «Лёг пад Расею» — асноўны матыў камэнтароў, якія гучаць ад апанэнтаў украінскага прэзыдэнта.

А я зусім не зьдзіўлюся, калі высьветліцца, што нічога асаблівага Януковіч і не паабяцаў. Нешта падобнае пастаянна адбываецца ў беларуска-расейскіх адносінах, калі пасьля зьяўленьня інфармацыі пра чарговую порцыю прэфэрэнцыяў з боку Масквы кожны раз пачынаюцца бурлівыя разважаньні на тэму: што «здаў» Лукашэнка? Празь нейкі час высьвятляецца, што нічога асабліва і ня «здаў», ва ўсялякім разе — нашмат менш, чым каштуюць расейскія льготы. Але гісторыя ўвесь час паўтараецца.

Ніяк мы ня можам прызнаць той просты факт, што Расея — не звычайная дзяржава, якія кіруецца нармальнай лёгікай нацыянальнага інтарэсу, прагматычным падыходам, які можа вылічыць у грашах. Справа ў тым, што Расея — імпэрыя. А лёгіка вонкавай палітыкі імпэрыі зусім іншая. Яна гатовая плаціць за сам імпэрскі статус, за магчымасьць геапалітычнага кантролю, напрыклад, над суседзямі.

Больш за тое, Расея — не звычайная імпэрыя, якая імкнецца кантраляваць нейкія тэрыторыі (калёніі) дзеля атрыманьня эканамічнага прыбытку. У гэтым сэнсе яна не падобная да ангельскай ці францускай каляніяльных імпэрыяў. У імпэрскай палітыцы Расеі дамінуе палітыка-ідэалягічны чыньнік. Адсюль канструкцыі кшталту «Масква — трэці Рым» ці — цэнтар усясьветнага камуністычнага руху ў часы СССР. Без разуменьня гэтай акалічнасьці цяжка растлумачыць некаторыя дзеяньні Расеі ў замежнай палітыцы. Напрыклад, яна ўступіла ў кровапралітную Першую ўсясьветную вайну, каб абараніць Сэрбію і тым самым пацьвердзіць статус абаронцы і заступніцы ўсіх славян. Ці вось другі прыклад: СССР аказваў значную эканамічную дапамогу сатэлітам, краінам з ідэалягічна блізкімі рэжымамі, за кошт уласнага насельніцтва.
Пуціна цалкам задаволіць абяцаньне афіцыйнага Кіева спыніць інтэграцыю з ЭЗ. Толькі і ўсяго

Пасьля краху СССР Расея перажывае постімпэрскі сындром. То бок — цяжкі псыхалягічны крызіс, нават шок ад страты статусу вялікай дзяржавы, «якой усе баяліся». І цяпер, калі Масква імкнецца аднавіць гэты статус, і расейскае насельніцтва, і эліта гатовыя шмат чым ахвяраваць дзеля гэтага. Калі вяртацца да гісторыі з Украінай, то не шкада і 15 мільярдаў даляраў. І Пуціна цалкам задаволіць абяцаньне афіцыйнага Кіева спыніць інтэграцыю з ЭЗ. Толькі і ўсяго.

Дарэчы, калі казаць пра гэтую суму, то Ўкраіна магла яе атрымаць ад МВФ ці нават ад ЭЗ (толькі зь цягам часу). Але — узамен на рынкавыя рэформы, трансфармацыю эканамічнай і палітычнай сыстэмы. Перамовы Кіева зь Міжнародным валютным фондам скончыліся безвынікова, бо ўкраінскае кіраўніцтва адмовілася праводзіць пераўтварэньні, якія маглі прывесьці да незадаваленьня насельніцтва. (Кіеўскі Майдан паказаў, што насельніцтва ўсё роўна незадаволенае, праўда, зь іншых прычын). А Расея дае грошы і не патрабуе ніякіх рэформаў. Адзіная ўмова — геапалітычная ляяльнасьць.

Колькі словаў пра расейска-ўкраінскае газавае пагадненьне. У Расеі было шмат абурэньняў з той прычыны, што эўрапейскія дзяржавы не пускаюць «Газпром» у сваю газатранспартную сыстэму. Маўляў, гэта парушэньне рынкавых прынцыпаў. Дык вось, гэтае пагадненьне з Украінай паказвае, што «Газпром» — не звычайная кампанія, якая кіруецца камэрцыйным інтарэсам, а інструмэнт замежнага ўплыву Расеі. Вызначаючы цэны на газ, гэтая кампанія не прытрымліваецца ніякіх рынкавых правілаў, а ў асноўным кіруецца палітычнай мэтазгоднасьцю.

Цяпер да Беларусі. У аўторак цікава было глядзець, як у «Панараме» па БТ давалі інфармацыю пра вынікі сустрэчы ў Маскве Пуціна і Януковіча. Расказалі, што прэзыдэнты гаварылі пра стратэгічнае партнэрства, падпісалі шмат пагадненьняў. Але пра галоўнае не сказалі. Не было нават згадкі пра зьніжкі на газ і крэдыт у 15 мільярдаў даляраў.

Бо ў менскім кіраўніцтве добра разумеюць, што Беларусь займела моцнага канкурэнта ў барацьбе за расейскія рэсурсы. І адбылося гэта ў той момант, калі афіцыйнаму Менску так патрэбная эканамічная дапамога з Масквы. Сытуацыя вельмі непрыемная. І Лукашэнка прыляцеў у Сочы ня ў статусе адзінага і галоўнага саюзьніка, які выгадна прадае геапалітычную ляяльнасьць, а ў ролі дакучлівага просьбіта.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG