Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ папярэджвае...


Міжнародны валютны фонд прагназуе павольныя тэмпы росту беларускай эканомікі і цяжкую сытуацыю з плацёжным балянсам.

«Прагноз прадугледжвае захаваньне павольных тэмпаў росту і цяжкую сытуацыю з плацежным балянсам у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Рызыкі істотна зрушаныя ў бок пагаршэньня сытуацыі», — канстатуе МВФ, падсумоўваючы вынікі пятага абмеркаваньня маніторынгу беларускай эканомікі ў постпраграмны пэрыяд.

Прафэсар-эканаміст Барыс Жаліба, што да ацэнак МВФ, выказаў такое меркаваньне:

«МВФ заўсёды дае больш аб’ектыўную ацэнку стану эканомікі Беларусі, чым беларускія ўлады. У нас нарастае „валютная праблема“. Дэфіцыт валюты павялічваецца, як нарастае і адмоўнае сальда гандлёвага балянсу. Мы бачым, зь якой хуткасьцю ў нас дэвальвуецца беларускі рубель. Вычэрпваецца зьнешняя падтрымка. Апошні транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭс чакалі ў лістападзе. Зараз спадзяемся яшчэ, што атрымаем яго ў сьнежні. Але ён апошні, а ніякай новай крэдытнай праграмы ў бліжэйшай пэрспэктыве ня сьвеціць.
У 2014 год мы ўступаем так, як уступалі і ў крызісны 2011 год

У 2014 год мы ўступаем так, як уступалі і ў крызісны 2011 год. І расейцы зараз дыпляматычна ўхіляюцца ад адказу на пытаньне, калі выдзеляць апошні транш. МВФ таксама наўрад ці ў першыя месяцы 2014 году адновіць перамовы пра новую крэдытную праграму. Так што паўстае пытаньне за пытаньнем. Ідзе няспынны пошук валюты — і з боку Мінфіну, і з боку Нацбанку. Гэта і спроба разьмясьціць новыя аблігацыі, але хто іх купіць? То бок ідзе такі ліхаманкавы пошук гэтых крыніцаў. Таму я лічу ацэнку МВФ досыць аб’ектыўнай».

Эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук настроены больш аптымістычна:

«Так, МВФ кажа, што сытуацыя будзе пагаршацца, але нейкага „алярмізму“, то бок сыгналу трывогі, няма. Таму я думаю, што гэта перасьцярога перад тым, як пачаць перамовы пра атрыманьне яшчэ аднаго крэдыту ад МВФ у 2014 годзе. Якія ў нас шанцы? Калі мы прааналізуем іхнюю ацэнку, то мы бачым не рэцэсію, а хоць і невялікія, але тэмпы эканамічнага росту.

Паколькі МВФ — гэта арганізацыя бюракратычная, яна працуе ня толькі як камэрцыйная структура, якая глядзіць на рэпутацыю пазычальніка, на тое, ці ёсьць абарона правоў уласнасьці і гэтак далей. Калі палітыкі дамовяцца — а палітыкі дамовяцца тады, калі ў Беларусі ня будзе палітвязьняў — тады тэхнічныя пытаньні на пачатку 2014 году МВФ вельмі хутка можа зьняць».

Выканаўчая рада МВФ рэкамэндуе беларускім уладам зрабіць больш жорсткаю макраэканамічную палітыку, а таксама правесьці глыбокія структурныя рэформы. У прыватнасьці, прапанавана прыпыніць павышэньне заработнай платы на працягу 2014 году і рэзка скараціць дырэктыўнае крэдытаваньне зь яго поўнай паэтапнай ліквідацыяй у сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Да таго ж «узмацненьне жорсткасьці грашова-крэдытнай палітыкі дапаможа стрымаць інфляцыйны ціск і прадухіліць празьмерную карэкціроўку валютнага курсу», адзначылі ў МВФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG