Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады, уводзячы падатак на ўладальнікаў аўтамабіляў, спасылаюцца на сусьветны досьвед. У якіх краінах ёсьць падатак на аўтамабіль?

ЗША

Тут транспартнага падатку як асобнага збору няма: ён уключаны ў кошт паліва (прыкладна 15 % ад цаны). То бок, чым вышэй расход бэнзіну або саляркі ў машыны, чым часьцей яна выяжджае на дарогу і чым больш адпаведна выкідвае шкодных рэчываў у атмасфэру, тым больш у выніку заплаціць яе гаспадар. Уладальнікі электрамабіляў транспартны падатак ня плацяць. Прыкладна 60% сабраных такім чынам сродкаў накіроўваецца ў фэдэральны дарожны фонд, а 40% ідуць у дарожныя фонды штатаў. Прычым усе гэтыя грошы выдаткоўваюцца выключна на будаўніцтва і рамонт аўтамагістраляў.

Вялікабрытанія

Дарожны падатак спаганяецца з уладальнікаў машын, якія працуюць на бэнзіне, дызэльным паліве і прыродным газе. Уласьнікі электрамабіляў, гібрыдных мадэляў, а таксама аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка менш аднаго літра яго ня плацяць. Памер падатку вызначаецца дзяржаўным агенцтвам, якое рэгіструе аўтамабілі і выдае пасьведчаньні кіроўцы ў залежнасьці ад аб’ёму рухавіка. Напрыклад, уладальнік аўтамабіля з 1,4-літровым рухавіком плаціць у год каля 175 фунтаў, а за пазадарожнік з маторам 3,5 л. давядзецца выкласьці больш за 300 фунтаў. Прыкладна 80% ад сродкаў, сабраных у выглядзе дарожнага падатку, ідзе на фінансаваньне дарожнай галіны. Астатняя частка — на розныя экалягічныя праграмы, зьвязаныя пераважна з паляпшэньнем якасьці паветра.

Францыя

Тут дзейнічае дзьвюхступеневая сыстэма падаткаабкладаньня аўтамабілістаў. Пры рэгістрацыі новай машыны ўладальнік плаціць аднаразовы падатак у залежнасьці ад аб’ёму і магутнасьці рухавіка. Напрыклад, за мадэль з 1,6-літровым маторам трэба заплаціць 200-250 эўра, а за аб’ём больш за тры літры — каля 1100 эўра. Сабраныя сродкі ідуць на фінансаваньне дарожнай галіны. Другая ступень — штогадовы падатак, які вылічваецца ў залежнасьці ад таго, колькі грамаў вуглякіслага газу, паводле дадзеных вытворцы, аўтамабіль выкідвае ў атмасфэру за 100 кілямэтраў. Стаўкі прагрэсіўныя — чым «бруднейшы» выхлап, тым больш давядзецца заплаціць. А вось уладальнікі машын, якія на 100 кілямэтраў выкідваюць менш за 200 грамаў СО2, ад гэтага падатку вызваленыя. Гэтыя зборы ідуць на фінансаваньне праграм па захаваньні чысьціні паветра і глебы.

Нямеччына

Пры вызначэньні памеру падатку ўлічваецца аб’ём рухавіка і чысьціня выхлапу. Незалежна ад году выпуску машыны за кожныя 100 куб. см. аб’ёму трэба заплаціць 2 эўра для бэнзінавых матораў і 9 эўра — для дызэльных. Акрамя таго, па 2 эўра штогод аўтаўладальнік павінен плаціць за кожны грам вуглякіслага газу, які выпрацоўвае яго машынай (па дадзеных вытворцы) на 100 км. Гэтым зборам не абкладаюцца гаспадары экалягічных мадэляў, якія выпрацоўваюць менш за 120 г. CO2 на 100 км. Цалкам ад выплаты транспартнага падатку вызваленыя ўладальнікі электрамабіляў.

Чэхія

У Чэхіі няма падатку на аўтамабіль для фізычных асобаў. Збор уведзены толькі для прадпрымальнікаў, якія выкарыстоўваюць свае аўтамабілі ў камэрцыйных мэтах.

Японія

Тут пры куплі новай машыны неабходна заплаціць падатак прыкладна 5 % ад яе кошту. Наступны плацёж — пры пастаноўцы аўтамабіля на ўлік. Сума разьлічваецца, зыходзячы з аб’ёму рухавіка і масы аўтамабіля. За невялікую малалітражку налічаць каля $ 54, а «кросовэр» пацягне амаль у 10 разоў болей. Пасьля такая ж сума спаганяецца з аўтаўладальніка штогод. У адрозьненьне ад многіх іншых краінаў, у Японіі сродкі ад дарожнага падатку накіроўваюцца не на будаўніцтва трас або экалягічныя праграмы, а на разьвіцьцё пэрспэктыўных распрацовак у аўтамабільнай прамысловасьці.

Кітай

Па аналёгіі з ЗША транспартны падатак уключаны ў кошт паліва (каля 20 % ад цаны). Акрамя таго, пры куплі новага аўтамабіля, выпушчанага ў КНР, уладальнік плаціць 10 % ад яго кошту. Для мадэляў замежнай вытворчасьці стаўка вышэй — 40%. Падатковыя зборы з аўтамабілістаў пералічваюцца на разьвіцьцё дарожнай інфраструктуры.

Расея

Памер транспартнага падатку залежыць толькі ад магутнасьці рухавіка. Прычым на фэдэральным узроўні ўстаноўлены толькі базавыя стаўкі падатку — рэгіянальныя ўлады маюць права самі павялічваць або памяншаць іх (максымальна ў дзесяць разоў), а таксама ўводзіць льготы для ўласьнікаў той ці іншай катэгорыі аўтамабіляў. Сродкі ад падаткаў паступаюць у фэдэральны і рэгіянальны дарожныя фонды, зь якіх фінансуецца будаўніцтва, рамонт і рэканструкцыя трас, піша аўтамабільная газэта Клаксон.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG