Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі кангрэсмэн асудзіў Расею за ціск на Ўкраіну


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, дэмакрат Эліёт Энгель асудзіў разгон дэманстрантаў у Кіеве, а таксама запалохваньне з боку Расеі ня толькі на адрас Украіны, але і ў дачыненьні да іншых дзяржаў — Грузіі ды Малдовы.

Як сказаў кангрэсмэн у інтэрвію Радыё Свабода, ягоныя продкі прыехалі ў ЗША з Украіны, ён бываў там шмат разоў і хоча, каб Злучаныя Штаты сачылі за падзеямі ва Ўкраіне і далі ўкраінцам зразумець, што яны для ЗША не абыякавыя.

Паводле ягоных слоў, у Кангрэсе ЗША разумеюць, што імкненьне ўкраінскага народа заключаецца ва ўступленьні ў Эўрапейскі зьвяз, а ня ў тым, каб яго купіла Расея і ўцягнула назад да сваіх парадкаў.

На думку Энгель, неабходна разгледзець магчымасьць мэтавых пэрсанальных санкцый супраць асоб, якія давалі альбо выконвалі загады чыніць гвалт у дачыненьні да дэманстрантаў:

«Яны павінны зразумець, што не схаваюцца, што калі чыноўнікі робяць нешта ў парушэньне правоў чалавека, яны могуць апынуцца пад пэрсанальным прыцэлам, і гэта мы і запісалі ў рэзалюцыі»,— сказаў кангрэсмэн.

Учора Эліёт Энгель, галоўны прадстаўнік Дэмакратычнай партыі ў камітэце па замежных справах Палаты прадстаўнікоў, падаў на разгляд праект рэзалюцыі ў падтрымку «дэмакратычных і эўрапейскіх імкненьняў народа Ўкраіны і яго права выбіраць ўласную будучыню без запалохваньняў і страху».

Праект прапануе заклікаць улады Ўкраіны паважаць правы грамадзян, якія выйшлі на вуліцы з-за рашэньня прэзыдэнта Віктара Януковіча адкласьці падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам і павярнуцца ў бок Расеі.

Дакумэнт таксама прапануе заклікаць улады Ўкраіны прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у гвалце ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў.

У выпадку далейшага гвалту з боку ўлады Палата прадстаўнікоў Кангрэсу можа разгледзець мэтавыя санкцыі супраць тых, хто аддае і выконвае загады аб выкарыстаньні сілы, гаворыцца ў праекце рэзалюцыі, які падтрымалі кангрэсмэны ад абедзьвюх партый у ЗША.
XS
SM
MD
LG