Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: У Беларусі вынесены яшчэ адзін сьмяротны прысуд


Менскі абласны суд пакараў вышэйшай мерай 53-гадовага грамадзяніна Расеі Эдуарда Лыкава, якога вінавацілі ў пяці эпізодах забойства ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Вырак агучылі 26 лістапада 2013 году. Пад сьледзтвам Лыкаў з 2011-га.

Пра Лыкава вядома, што ён ня меў сталага месца жыхарства, падтрымлівае кантакты з маці, якая жыве ў Баранавічах. Сын ягоны — у Расеі, дачка — у Нямеччыне.

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда адзначае: гэты выпадак чарговым разам дэманструе, што дзяржава хавае ад грамадзкасьці факты вынясеньня сьмяротных прысудаў і іх выкананьня.

«Чыноўнікі часта кажуць, што ў Беларусі расстрэльваюць адзінкі. Але калі няма публічнай інфармацыі, каму вынесена сьмяротнае пакараньне, калі ўся гэтая інфармацыя дзяржаўнымі органамі хаваецца ад грамадзкасьці, тады складана апэляваць да лічбаў, колькі ж людзей насамрэч было расстраляна ў Беларусі ад імя дзяржавы», — заявіў Палуда.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды.

XS
SM
MD
LG