Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: байкот забаронены, улётка — адна на ўсіх


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў Свабодзе, што вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў будзе праходзіць з 12 студзеня па 10 лютага, а іх рэгістрацыя — з 11 па 20 лютага.

Да 27 сьнежня павінна адбыцца ўтварэньне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Выбары прызначаныя на 23 сакавіка 2014 году.

Мясцовыя выбары гэтым разам будуць мець яшчэ дзьве значныя адметнасьці. Па-першае, уводзіцца забарона (пад пагрозай адміністратыўнага пакараньня) на агітацыю за байкот выбараў. Па-другое, сродкі зь бюджэту кандыдатам у дэпутаты на агітацыйныя матэрыялы выдавацца ня будуць. Агульныя інфармацыйныя матэрыялы на ўсіх кандыдатаў цяпер будуць рыхтаваць выбарчыя камісіі.

На падрыхтоўку і правядзеньне мясцовых выбараў у бюджэт краіны на 2014 год закладзена 100 мільярдаў рублёў.

На мясцовых выбарах, якія адбудуцца 23 сакавіка 2014 году, галасаваньне будзе праходзіць выключна па месцы рэгістрацыі грамадзян. Пра гэта сёньня паведаміла на паседжаньні Цэнтральнай выбарчай камісіі яе старшыня Лідзія Ярмошына:

«Такое паняцьце, як „месца жыхарства“, будзе цалкам выключана. Сьпісы выбарцаў будуць складацца выключна па месцы іх рэгістрацыі — сталай альбо часовай. Гэта дазволіць пазьбегнуць падвойнага галасаваньня адной і той жа асобай».

Пры гэтым старшыня ЦВК прызнала, што пераход на галасаваньне па месцы рэгістрацыі можа прынесьці пэўныя нязручнасьці некаторым катэгорыям выбарцаў. У якасьці прыкладу яна прывяла тых жыхароў гарадоў, якія рэальна пражываюць у вёсках, на сваіх лецішчах і ня маюць там часовай рэгістрацыі.

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Праблема беларускіх выбараў у рэчышчы, дзе грамадзяне галасуюць, палягае нават ня ў тым, дзе яны насамрэч галасуюць — па месцы жыхарства ці па месцы рэгістрацыі, — сказаў Свабодзе юрыст і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч. — Яна палягае ў тым, што ў нас адсутнічаюць празрыстыя і зразумелыя Адзіны рэестар грамадзян і Адзіны рэестар выбарцаў, якія б фармаваліся ў адным месцы.

Такія дакумэнты, напрыклад, ёсьць ва Ўкраіне. Зь імі там можна азнаёміцца. Яны кампутарызаваныя і даюць магчымасьць пазьбягаць сытуацыі з падвойным унясеньнем адной і той жа асобы ў сьпісы выбарцаў.

У нас жа сьпіс выбарцаў (і гэта прапісана ў законе) абсалютна закрыты. Яго ня могуць бачыць ня толькі звычайныя грамадзяне, але нават і назіральнікі альбо давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты. Таму нашы сьпісы выбарцаў дазваляюць быць у руках уладаў маніпулятыўным інструмэнтам, які можа лёгка зьмяняцца, залежна ад пастаўленых канкрэтных задач. Колькасьць выбарцаў можна штучна павялічыць альбо зьменшыць.

Мы заўсёды патрабавалі, каб сьпіс выбарцаў быў празрыстым дакумэнтам, што, безумоўна, уплывае на давер да выбарчага працэсу».
XS
SM
MD
LG