Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы падпісваюцца супраць «аўтапабору», але ня супраць ураду


Першыя магілёўскія падпісанты супраць «аўтапабору»
Першыя магілёўскія падпісанты супраць «аўтапабору»

17 сьнежня ў Магілёве актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі пачалі зьбіраць подпісы за адстаўку ўраду і скасаваньне транспартнага падатку.

Яны лічаць, што галасы грамадзкага пратэсту здольныя прымусіць урад сысьці. Зьбіраць подпісы актывісты пачалі з магілёўскага аўтарынку. Як праходзіла акцыя і як выказваліся людзі пра новы транспартны падатак.

Невялікая група партыйных актывістаў наведалася на рынак, калі ён толькі пачынаў працу. Раніцой тут наведнікаў звычайна няшмат. Першымі падпісаліся гандляры аўтазапчасткамі. Актывісты гэтак тлумачылі ім неабходнасьць выказаць пратэст супраць «аўтапабору»:

«Учора ў другім чытаньні быў прыняты закон, паводле якога мы будзем абавязаныя плаціць транспартны падатак. У нас павінен быць крок у адказ. Мы зьбіраем подпісы, каб урад пайшоў у адстаўку», — даводзіў гандлярам лідэр абласной партыйнай арганізацыі Ўладзімер Шанцаў.

Мясцовыя прадпрымальнікі і гандляры падпісваліся з ахвотай, аднак ня надта спадзеючыся, што іхныя галасы неяк паўплываюць на скасаваньне дарожнага падатку і пагатоў змусяць урад скласьці паўнамоцтвы. Людзі не разумеюць, чым выкліканая неабходнасьць уводзіць новы падатак:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:45 0:00
Наўпроставы лінк

Спадар: «Вырашылі падпісацца, бо незаконна будуць браць грошы. Бэнзін і так дужа дарагі і ўвесь час даражэе. Няма сэнсу ім яшчэ раз плаціць».

Спадар: «Такі падатак уключаны ў кошт паліва. Навошта ўводзіцца яшчэ адзін падатак? Для чаго гэта? Папоўніць бюджэт дзяржаве — альбо што? Грошы куды ідуць нашы? Ніхто ж ня будзе рамантаваць дарогі! Яшчэ б прыдумалі падатак на паветра. „У гэтым месяцы вы надыхалі на 800 даляраў — аплаціце, калі ласка“».

Карэспандэнт: „Чаму вырашылі падпісацца?“

Спадар: „Далёка ня той час, каб уздымаць на столькі падаткі транспартныя. Мы ня так ужо і шмат зарабляем, каб нас параўноўваць зь нейкай краінай Эўропы“.

Карэспандэнт: „Але кажуць, што грошы пойдуць на добрыя справы — на рамонт дарог“.

Спадар: „Добрыя справы закладзеныя ў акцыз бэнзіну. Мы двойчы плацім за такія рэчы“.

Карэспандэнт: „А хто стаіць за падобнага роду ініцыятывамі?“

Спадар: «„Бацька“! Ну, а хто яшчэ стаіць! Ён нейкія свае інтарэсы лабіруе».

Спадар: «А калі ў казьне грошай не хапае, то гэта ж не віна народу. А з боку пэнсіянэраў, якія нагул не працуюць? Іх жа рабуюць! Ён не працуе і на лецішча тры месяцы езьдзіць — і што, такі падатак плаціць? За што?»

Карэспандэнт: «Людзі, на вашу думку, ці гатовыя адкрыта наважыцца на пратэст? Ці не гатовыя?»

Спадар: «У нас народ такі, што ўсе чакаюць нейкіх рашэньняў, не беручы ў гэтым удзелу. А так, вядома ж, жыцьцё мы ня выбудуем».

Карэспандэнт: «Наколькі рэальна, што ўрад падасьць у адстаўку, калі шмат людзей падпішацца?»

Спадар: «Я мяркую, што не рэальна, але спрабаваць трэба».

Спадар: «Гэтага ня будзе. Указ жа ўжо падпісалі. Ён ужо выйшаў. Наўрад ці яго нехта верне».

Карэспандэнт: «А людзі гатовыя выйсьці масава пратэставаць супраць гэтага ўказу? Былі ж пратэсты супраць падвышэньня цэнаў на бэнзін?»

Спадарыня і спадар: «У нас у краіне баяцца выходзіць. Ну, але калі шмат сабралася, то, можа, што і было б».

Карэспандэнт: «У чым праблема — няма лідэраў?»

Спадарыня і спадар: «Баяцца. Напалоханыя людзі ўсе».

Малады спадар: «Майдан у нас наўрад ці будзе. У нас урад троху іншы, мякка кажучы. І калі так будуць выходзіць, то разумееце, што перасадзяць усіх».

Спадар: «Працэнтаў трыццаць насельніцтва Беларусі магло б прыйсьці на пратэст. Астатнія будуць сядзець баяцца».

Спадар: «Адно слова супраць яго — і КДБ вас пасадзіць. А вы бачылі, колькі іх ужо сядзіць і колькі паўцякала? Журналістам таксама трэба баяцца — гэта страшны чалавек».

Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў: «Мы патрабуем: калі закон прыняты, то ўрад мусіць сысьці ў адстаўку. Альбо яны нас, альбо мы іх. Вы згодныя?»

Спадар: «Супраць, дапусьцім, падатку гэтага — то калі ласка. А супраць ураду — нас урад задавальняе. Ведама, законы ёсьць троху неабдуманыя, але што ж — за гэта яго расстраляць ці выгнаць куды-небудзь?»

Такая думка не была выключэньнем. Гэта адзначае партыйны актывіст Аляксандар Шаўцоў:

«Людзі больш падпісвалі супраць закону, чым супраць ураду. Супраць ураду баяцца падпісвацца».

Подпісы зьбіралі каля гадзіны. Перасталі, калі скончыліся падпісныя лісты. Актывісты кажуць, што супраць транспартнага падатку выказалася больш за сотню чалавек. Чаму партыйцы вырашылі ўскласьці віну за ўвядзеньне падатку на ўрад? Тлумачыць Уладзімер Шанцаў:

«Нам не патрэбны недзеяздольны ўрад, які ня ўмее зарабляць грошы, а хоча жыць за наш кошт. У нас у кожнага ёсьць сямейны бюджэт, і мы вымяркоўваем свае расходы адпаведна сваім даходам, а яны вырашылі папаўняць бюджэт за кошт нашых даходаў. Гэта абсурд. Нам не патрэбны такі ўрад».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG