Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хакейны агент: Няма падставы забараняць на трыбунах бел-чырвона-белыя сьцягі


Андрэй Грум-Гржымайла

Андрэй Грум-Гржымайла

Чаму колькасьць лядовых палацаў, якая няспынна расьце, не адбіваецца на выніках беларускіх хакеістаў? Наколькі апраўданыя спадзяваньні здабыць прызавое месца на хатнім чэмпіянаце сьвету 2014 году? На якой падставе сілавікі і спартовыя функцыянэры забараняюць заўзятарам выкарыстоўваць нацыянальную сымболіку?

На гэтыя пытаньні адказаў адзіны ў Беларусі хакейны агент Андрэй Грум-Гржымайла. Зь ім пагутарыў Ігар Карней.

— Андрэй, афіцыйная прапаганда старанна фармуе вобраз Беларусі як «хакейнай дзяржавы». Як сьведчыць міжнародны досьвед, усясьветны хакейны аўтарытэт дасягаецца ня толькі тым, што шайбу ганяе першая асоба краіны, але і паўнавартасным хакейным жыцьцём: моцнымі клюбамі, кантрактамі, інфраструктурай. Дык ці хакейная Беларусь насамрэч?

— З гледзішча хакейнага агента я б сказаў, што хутчэй — «палавіністая». Перадусім з-за таго, што хакеем у нас кіруюць людзі, якія ў гэтым мала што разумеюць. Займаюць пэўныя пасады, бо гэта прадпісана нейкімі функцыямі, але ў самім хакеі практычна нічога не даганяюць. Зыходзячы з гэтага, і рашэньні ў іх атрымліваюцца, калі можна так сказаць, «квадратныя». Прыкладам, калі ў чэмпіянаце краіны хакеіст павінен атрымліваць столькі і столькі, лічаць: калі падагнаць гульцоў пад памер заробку, то будуць аўтаматычна расьці маладыя хакеісты. Але новыя імёны зьяўляюцца не ад гэтага. Маладыя таленты ідуць ад школы, ад трэнэраў. А ў нас палова трэнэраў самі ў хакей толкам не гулялі. Чаму яны могуць навучыць? Адпаведна, і моладзь не зьяўляецца. І калі раптам хтосьці адзін вырастае, пачынаюць крычаць, што гэта мы зрабілі «зорку». Паглядзіце: тыя ж браты Касьціцыны, той жа быў Руслан Салей — яны ўсяго дамагліся самі, трапілі ў НХЛ. Дзесьці загулялі, дзесьці атрымалася, але ў Беларусі ніхто іх штучна не гадаваў. У нас усё як у плянавай эканоміцы: трэба столькі маладых у камандзе, яшчэ столькі. Ды любы трэнэр, які б ён ні быў, калі малады гуляе добра, заўсёды яго паставіць у аснову. Тут не бывае нічога штучна. Ёсьць хакеіст, прагрэсуе — гэта бачна. А калі не прагрэсуе — як кажуць, ня лёс.

— Ужо аскому набілі шматлікія лядовыя палацы, якія збудавалі нават у тых раёнах, дзе хакею дагэтуль ніколі не было. Але спадзяваньні на бурны рост цікавасьці да гульні ня спраўджваюцца — колькасьць упарта не пераходзіць у якасьць. Чаму з канвэераў не сыходзяць маладыя таленты?
Маладэчне ўзьвялі лядовы палац, а там каманды няма. І ці будзе калі — невядома. Як ён выкарыстоўваецца? Пад выставы, кірмашы

— Таму што ў нас, калі будавалі гэтыя палацы, думалі так: набудуем каробак — і хакеісты ў нас, як дрэўцы ў гадавальніках, расьці будуць. Пры гэтым забыліся палацы забясьпечыць трэнэрскімі кадрамі. А калі няма кваліфікаваных трэнэраў (адпаведна, і школы), нічога ня выйдзе паводле азначэньня. Маладога хакеіста павінен вучыць спэцыяліст, які гуляў прынамсі па Саюзе ў камандзе майстроў, які праходзіў адбор, школу і г.д. А ў нас гэтых кадраў няма, у нас працуе невядома хто. Таму няма аддачы. Утрымліваць палацы — іх падпарадкавалі аблвыканкамам, гарвыканкамам — надзвычай дарагая асалода. Нельга ж у палацы тут сьвятло ўключыць, а там выключыць. Электрычнасьць павінна быць заўсёды: каб лёд падтрымліваць, тэмпэратурны рэжым. І гэта каштуе досыць сур’ёзных грошай. Зыходзячы з гэтага, атрымліваецца, што выдаткі на палац не акупляюцца зусім. У Маладэчне ўзьвялі лядовы палац, а там каманды няма. І ці будзе калі — невядома. Як ён выкарыстоўваецца? Пад выставы, кірмашы. Ну, дык можна было там і не будаваць, а выбраць для разьвіцьця хакею іншыя месцы: Горадня, Наваполацк, яшчэ некалькі цэнтраў, дзе адпачатку былі каманды, адпачатку расьлі хакеісты. А то ў нас збудавалі ў Бярозе, Пружанах, яшчэ недзе. Ды там ніколі хакею не было! Людзі, якія ў гэтых гарадах жывуць, у лепшым выпадку выбіраюцца на каньках пакатацца. Вось і ўсё. Ня самае рацыянальнае выкарыстаньне Палаца спорту.

— Што тычыцца хакейнага чэмпіянату сьвету-2014, які ўпершыню даверана праводзіць Беларусі. Шмат было спробаў дамагчыся пераносу спаборніцтваў у іншую краіну, гаварылі пра верагоднасьць байкоту і г.д. Цяпер выглядае, што першынство ўсё ж адбудзецца?

— Па ідэі, так. Ужо нават не ўяўляю, што можа памяняцца. А вось якія зборныя прыедуць на чэмпіянат — гэта ўжо пытаньне іншае. Паколькі год алімпійскі, зразумела, што ўсе паедуць на Алімпіяду. То бок усе вядучыя хакеісты выправяцца ў лютым у Сочы. Адпаведна, Нацыянальная хакейная ліга дзеля гэтага на два тыдні спыніць рэгулярны чэмпіянат. Гэтыя паўмесяца потым давядзецца даганяць. Якраз выходзіць, што тэрміны, калі распачнецца сэрыя плэй-оф, прыпадаюць акурат на наш чэмпіянат сьвету. Нават калі гэтыя зборныя прыедуць, то выступаць за іх будзе другі ці трэці склад. Хоць, зноў жа, пытаньне яшчэ падвешанае. Шмат залежыць ад таго, выйграе Расея хатнюю Алімпіяду ці не, пераможа ў выніку, скажам, тая ж Канада, Швэцыя альбо нехта іншы. Шмат што будзе залежаць ад матывацыі, жаданьня рэваншу: не ўдалося на Алімпіядзе — паспрабуем на чэмпіянаце сьвету. Зь іншага боку, гэта травень месяц: усе прафэсіяналы, якія гуляюць у НХЛ, КХЛ, у замежных лігах, будуць практычна ў адпачынках. Таму асабіста я ня думаю, што з гледзішча «зорнасьці» будзе грандыёзнае мерапрыемства, як усіх запэўніваюць. Так, паводле статусных мерак яно нармальнае. Бо, мяркуючы па тым, як распрадаюцца квіткі, думаю, што і трыбуны будуць запоўненыя, і нейкія замежныя заўзятары прыедуць. Але пытаньне ў тым, якія прыедуць зборныя? У якіх складах гульцоў?

— То бок, калі ацэньваць з пазыцыі хакейных аўтарытэтаў, можа атрымацца гэткі другарадны турнір?
Думаю, што сапраўдныя зоркі ў Менск не прыедуць

— Мяркую, што так. Думаю, што сапраўдныя зоркі ў Менск не прыедуць. Можа, нейкая адна зорка тут і «адпаліць», але наўрад ці. Яшчэ раз кажу: усе зоркі гуляюць або ў НХЛ, або, як гульцы меншай вагавой катэгорыі, у КХЛ. І калі можна не сумнявацца, што КХЛ вызваліць на гэты час усіх запатрабаваных хакеістаў, то НХЛ нікога адпускаць ня будзе. Дарэчы, яшчэ ня факт, што прыедзе той жа Міхаіл Грабоўскі, калі зыходзіць з патрэбаў нашай зборнай. Будзе «Вашынгтон» гуляць у плэй-оф — значыць, нікуды ён не паедзе. Тыя ж Касьціцыны — таксама пад вялікім пытаньнем, пакуль невядома, ці прыедуць яны на чэмпіянат сьвету. Іншымі словамі, вымалёўваецца ўсё такім чынам, што сапраўдных зорак будзе мінімальная колькасьць. Калі яны будуць увогуле.

— Нягледзячы на тое, што Беларусь сувэрэнная краіна з нацыянальнымі атрыбутамі, раскрутка чэмпіянату сьвету ідзе пераважна па-расейску. Чым у такім разе Менск візуальна будзе адрозьнівацца ад Яраслаўля ці Кастрамы? У чым «разынка» менавіта беларускага першынства?

— Пакуль я яе, шчыра кажучы, ня бачу. Сапраўды, рэкляма, шыльды, банэры — гэта або расейская, або, у меншай ступені, ангельская мова. Беларускай практычна няма. То бок замежнікі будуць успрымаць толькі на ўзроўні канстатацыі факту, што гэта Беларусь, але ня больш за тое. Нават па тых сувэнірах, якія прадаюцца ў крамах, я ня бачу, каб было хоць нешта напісана на беларускай мове. Сорам, вядома. Бо, зразумела, вельмі многім заўзятарам, якія сюды прыедуць, якраз было б цікава набыць што-небудзь аўтэнтычнае, каб было напісана менавіта на беларускай мове. Ня ў пляне нейкай таннай прапаганды, а проста каб паспрабаваць зразумець нацыянальныя традыцыі беларусаў. Нават на ўзроўні банальных магніцікаў. А паколькі ў нас гэтым ніхто асабліва не заклапочаны, атрымліваецца, што беларускамоўных сувэніраў практычна няма. У рэдкім выпадку па-ангельску, астатняе — па-расейску.
Сымбаль Чэмпіянату сьвету па хакеі зубар Волат на плошчы Свабоды ў Менску

Сымбаль Чэмпіянату сьвету па хакеі зубар Волат на плошчы Свабоды ў Менску


— Незадаволеныя грымасы ў спартовых функцыянэраў зьяўляюцца ўжо толькі ад згадкі пра бел-чырвона-белую сымболіку. Маўляў, падчас сёлетняга чэмпіянату сьвету ў Швэцыі нават мясцовая паліцыя забірала сьцягі ў «няправільных» беларусаў. Ці ёсьць крамола ў тым, што нехта вітае каманду не чырвона-зялёным, а бел-чырвона-белым палотнішчам?

— Асабіста я ня бачу тут ніякай крамолы. Дарэчы, наколькі я ведаю, у Швэцыі паліцыя ніякіх сьцягоў не забірала. Там увогуле ўзаемаадносіны сілавых структураў з грамадзянамі збудаваныя такім чынам, што паліцыя нічога з уласнай волі ня можа «прыватызаваць». Калі гэта ваша ўласнасьць, яны могуць толькі папрасіць тыя ці іншыя атрыбуты не выкарыстоўваць. То бок яны папрасілі згарнуць сьцяг, які разгортвалі ледзьве не на цэлы сэктар, але зь меншымі па памеры сьцягамі заўзелі ўсе беларусы, якія жывуць у Швэцыі, у Фінляндыі. Яны туды прыходзілі толькі з нацыянальнымі сьцягамі. Згодна з нашымі законамі, бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўваць падчас такога кшталту імпрэзаў фактычна забараняецца. Але крамолы ў тым, пад якім сьцягам заўзець, я ня бачу. Падабаецца чалавеку менавіта гэты сьцяг — няхай ім размахвае. Ён жа не крычыць нічога супрацьзаконнага: супраць прэзыдэнта, супраць існуючай улады. Падабаецца яму гэты сьцяг — ну чаму не дазволіць яго выкарыстоўваць, адразу нэрвавацца? Калі няма ні абразьлівых банэраў, ні лёзунгаў. Таму я ня бачу падставы для крымінальнага перасьледу за такія ўчынкі, пад які спрабуюць падвесьці некаторых заўзятараў.

— Іншымі словамі, і спартовыя функцыянэры, і сілавікі лічаць, што лепш «перабдзець», чым недапільнаваць?

— Думаю, што так. Таму што чалавек, пад якім бы ён сьцягам ні выступаў, не перастае быць патрыётам. Калі чалавек верыць у нейкія ідэалы, то пад якім ён сьцягам — я асабіста ня бачу вялікай розьніцы. Галоўнае — пакінуць яму права выказваць свае перакананьні. І з гэтага ня варта рабіць ніякай крамолы, нейкіх незразумелых жарсьцяў. Ёсьць — і ёсьць. Пагатоў тыя ж хакеісты да гэтага ставяцца з разуменьнем, для іх важна, каб людзі іх падтрымлівалі. І калі чалавек на трыбуне лічыць, што гэты сьцяг для яго мае прынцыповае значэньне, то няхай так і будзе. А так выглядае дакладна гэтак жа, каб ва Ўкраіне забараніць махаць жоўта-блакітным сьцягам, выказваць прэтэнзіі, чым гэта вы такім размахваеце? Там усе гэта разумеюць і ніхто з гэтага ня робіць трагедыі. Чаму ў нас гэта робяць — я не разумею.

Андрэй Грум-Гржымайла нарадзіўся ў 1965 годзе. Наведваў хакейную школу менскага «Юнацтва», гуляў на ўзроўні турніраў «Залатая шайба». Скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «электрасувязь». У часы перабудовы працаваў у камэрцыйных структурах. Пры канцы 1990-х вырашыў адаптаваць у Беларусі досьвед НХЛ, дзе кар’ерамі гульцоў займаюцца прафэсійныя агенты. На гэты момант — адзіны ў краіне хакейны агент, «закрывае» патрэбы ўнутранага чэмпіянату і супрацоўнічае з гульцамі Кантынэнтальнай хакейнай лігі. Першыя кантракты дапамог падпісаць Віктару Касьцючонку і Дзьмітрыю Баскаву. Таксама — агент Аляксандра Захаранкі, Сяргея Кароліка, Уладзіслава Клачкова, Аляксандра Бараўкова, Яўгена Курыліна, шэрагу расейскіх хакеістаў.
XS
SM
MD
LG