Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ланскую прызналі лепшым поп-выканаўцам Беларусі


16 сьнежня ў Менску на вялікім гала-канцэрце былі названыя ляўрэаты Нацыянальнай музычнай прэміі па выніках 2013 году. Не абышлося без скандалаў.

Усяго на разгляд адборачнай камісіі сёлета прыйшло (паводле зьвестак з розных крыніц) ад 300 да 360 заявак, на падставе якіх у кожнай з амаль 20 намінацыяў былі выбраныя ад 3 да 5 прэтэндэнтаў.

Лепшай песьняй мінулага году журы назвала «Падал первый снег» з музыкай Яўгена Алейніка на словы Юліі Быкавай у выкананьні Іны Афанасьевай, лепшай беларускамоўнай — «Танчыць» ад групы «ili-ili». Лепшы поп-выканаўца — Алёна Ланская, лепшы рок-выканаўца — група «Без билета».

Алёна Ланская вядомая скандалам на адборачным туры Эўрабачаньня 2012 году, калі было выяўлена фальшаваньне падліку галасоў на яе карысьць.

Грымёрка ў часе канцэрту, фота музычнага крытыка Дзьмітрыя Бескаравайнага

Грымёрка ў часе канцэрту, фота музычнага крытыка Дзьмітрыя Бескаравайнага

Лепшымі аўтарамі музыкі названыя Леанід Шырын (колішні гітарыст групы «Новае неба») і Юры Вашчук за кампазыцыю «Беларусь вялікая», лепшы аранжавальнік — Сьвятаслаў Пазьняк, а лепшым канцэртам году абвешчаны творчы рок-праект «Дым над вадой» у выкананьні Прэзыдэнцкага аркестру Рэспублікі Беларусь, заснаваны на хітах клясыкі сусьветнай рок-музыкі. Лепшым журналістам прызнаная Тацяна Мушынская (часопіс «Мастацтва»), а кампазытар Эдуард Ханок быў адзначаны прэміяй «За ўнёсак у разьвіцьцё сучаснай музыкі».

Цалкам заслужана выглядае перамога групы «Кriwi» ў намінацыі «Лепшы альбом» («Traukamurauka»), хоць на цырымоніі група зьявілася на сцэне ў няпоўным складзе, а Вераніка Круглова была змушаная «сьпяваць» пад фанаграму.

Як зазвычай, цырымонія суправаджалася рознага кшталту накладкамі. Так, падчас выступу Валерыя Дайнэкі адключылася фанаграма. Вядучыя заблыталіся зь пераможцамі ў намінацыі «Лепшы тур»: спачатку прагучала імя сьпявачкі Гюнэш, потым — Ірыны Дарафеевай. Выйшла, што ў Беларусі ў 2013 годзе адбыліся два лепшыя гастрольныя туры. Зьявіўся на сцэне зь мікрафонам у руках і першы намесьнік міністра культуры Ўладзімер Карачэўскі, які «прасьпяваў» песьню аўтарства Леаніда Шырына. «Прасьпяваў», бо і на гэты раз рэй вяла фанаграма, што немагчыма ўявіць на цырымоніях кшталту Grammy.

Прынцыпова жыўцом жадала выступіць джаз-група «Apple Tea», якая перамагае ў намінацыі «Лепшы джаз-выканаўца» другі год запар. Аднак музыкі так і не дачакаліся саўнд-чэку і пакінулі цырымонію, за выключэньнем барабаншчыка Аляксандра Сапегі. Атрымаўшы прэмію, той сказаў, што «Apple Tea» выступаць ня будзе з прычыны таго, што ён, Аляксандар, ня ў голасе. Іроніі, здаецца, так ніхто і не зразумеў.

Але найбольшым казусам цырымоніі сталася тое, што так і не былі названыя пераможцы ў дзьвюх заяўленых намінацыях: «Адкрыцьцё году» і «Лепшы прадусар», хоць прэтэндэнты на перамогу прысутнічалі ў зале.

Традыцыйна цырымонія ўручэньня Нацыянальнай музычнай прэміі праводзілася на расейскай мове.
XS
SM
MD
LG