Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мова ці кава» шукае новую назву


Выкладчыкі менскай «Мовы ці кавы» Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка

Выкладчыкі менскай «Мовы ці кавы» Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка

За няпоўны год бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова ці кава» адбыліся 30 разоў. На апошнім у гэтым годзе занятку было абвешчана, што арыгінальная назва будзе зьмененая, а стваральніца курсаў журналістка Кацярына Кібальчыч больш ня будзе займацца арганізацыяй заняткаў у Менску.

Пра гэта, а таксама пра вынікі году працы курсаў і пляны на наступны год Радыё Свабода апавёў журналіст Глеб Лабадзенка, які разам зь філёлягам Алесяй Літвіноўскай праводзіў курсы «Мова ці кава» ў Менску.

— Глеб, чаму мяняецца назва курсаў?

— Зьмена назвы — гэта ўмова Кацярыны Кібальчыч, якая зьяўляецца заснавальніцай курсаў. Рэбрэндынг зьвязаны з тым, што з новага году Кацярына адыходзіць ад арганізацыі менскіх курсаў і перадае гэтую справу мне і Алесі Літвіноўскай. Кацярына хоча, каб у далейшым было зразумела, што яна ня мае дачыненьня да гэтых курсаў, таму яна папрасіла, каб мы ўзялі для курсаў іншую назву, а таксама стварылі новую суполку ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук. На апошнім занятку мы абвясьцілі гэта студэнтам. Вялікіх пратэстаў навіна ня выклікала. І я вельмі спадзяюся, што тыя 100 чалавек, якія сёньня стала ходзяць на курсы, ходзяць туды ня дзеля назвы. На наступным занятку 13 студзеня мы са студэнтамі прыдумаем новую назву.

— Якія вынікі году курсаў?

— Вельмі прыемна, што ёсьць выпадкі, якія сьведчаць ня толькі пра колькасныя, але і пра якасныя дасягненьні курсаў беларускай мовы. Напрыклад, на апошнім у гэтым годзе занятку да мяне падышоў хлопец і сказаў, што дзякуючы курсам вырашыў з 2014 году паўсюль размаўляць толькі па-беларуску. Таксама былі студэнты, якія прызналіся, што раней ня верылі, што маладыя звычайныя людзі могуць размаўляць па-беларуску па-за адпаведнымі ўрокамі ў школе. Колькасныя паказьнікі курсаў таксама ня могуць ня радаваць. Нават цяпер, калі ўжо пачаліся эпідэміі, курсы наведвае каля 100 чалавек. А ў цёплы час хадзіла да 160 чалавек. Вялікая заслуга ў такой высокай наведвальнасьці — наяўнасьць у нас такога цудоўнага партнэра, як галерэя «Ў», якая абсалютна дабрачынна ўвесь гэты час дае нам памяшканьне для курсаў. Таксама добрую ролю адыграла падтрымка кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая на кожным занятку дае студэнтам прызы ў выглядзе цішотак, торбачак, паштовак, кніг.

— Колькі ўнікальных удзельнікаў пабывала на курсах?

— На жаль, ня маем такой статыстыкі. Але відавочна, што гэтая колькасьць у разы большая за сярэднюю колькасьць на адным занятку. Неяк запытваліся ў студэнтаў, хто быў на першым занятку. Дык толькі чалавек 10 паднялі руку. Атрымліваецца, што кожны раз дадаваліся новыя людзі. Да таго ж, вядома, на заняткі, на якіх выступаў той жа Зьміцер Вайцюшкевіч ці Вінсэнт, прыходзілі дзясяткі наведнікаў менавіта для таго, каб паслухаць музыкаў. Нехта зь іх, безумоўна, далучыўся да сталых наведнікаў. Я бачу гэта як пазытыўны момант. Няхай людзі любым спосабам чапляюцца за беларускую мову.
Тое добрае, што ёсьць на курсах, мы будзем захоўваць і надалей

— У чым сакрэт курсаў? Чаму адны і тыя ж людзі заняткі беларускай мовай у школе ці ўнівэрсытэце лічаць сумнымі і непатрэбнымі, а пасьля прыходзяць да вас і кажуць: «Беларуская мова — гэта крута і сучасна»?

— Сакрэт у тым, што гэта ня проста курсы белмовы, а курсы беларушчыны. Мы гаворым і пра выбітных беларусаў, і пра выбітную архітэктуру, і пра гісторыю, і пра літаратуру. Напрыклад, на мінулым занятку ў нас была тэма «Транспарт». У яе межах мы выйшлі спачатку на параходы, затым на «Тытанік», а сьледам — на мастачку Пальміру Мрачкоўскую, якая, паводле апокрыфу, была пасажыркай «Тытаніка» і ейны партрэт работы Янкі Кругера знаходзіцца ў Мастацкім музэі. Вось і разважайце. Ці гэта толькі курсы беларускай мовы? Натуральна, пра ўсё гэта мы гаворым па-беларуску.

— Да вас больш ходзіць філёлягаў ці людзей тэхнічных прафэсіяў?

— Ня ўсе, хто прыходзіць, — філёлягі. Таму, зразумела, і ня ўсім цікава правілы вучыць. Я нават не скажу, што ў нас гуманітарыі пераважаюць. Прыходзяць людзі абсалютна розных прафэсіяў. Але я б сказаў, што прадстаўнікі тэхнічных прафэсіяў пераважаюць.

— Ці зьмена назвы пацягне за сабой нейкія зьмястоўныя зьмены?

— Прынцыпова нічога ня зьменіцца. Кажуць, што лепшае — гэта вораг добрага. Таму тое добрае, што ёсьць на курсах, мы будзем захоўваць і надалей. Ёсьць сталыя рубрыкі, «фішкі», формы падачы матэрыялу, ад якіх мы ня маем права адмаўляцца. Разам з тым мы працуем над новымі тэмамі заняткаў, а таксама складаем сьпіс гасьцей, якія наведаюць курсы ў бліжэйшы час. Я думаю, што студэнты будуць вельмі ўражаныя, таму што будуць зоркі першай велічыні. Таму, апроч назвы і суполкі ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук, нічога ня зьменіцца. Ну што ж, цікава паглядзець, колькі людзей адсеецца празь зьмену назвы. Я спадзяюся, што гэта будзе астранамічная хібнасьць.

Давайце свае прапановы новай назвы ў камэнтарах да гэтага артыкула!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG