Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя, вар’ятня, суд, воля


Пэрформанс Алеся Чаркашына ля Берасьцейскага аблвыканкаму

Пэрформанс Алеся Чаркашына ля Берасьцейскага аблвыканкаму

У Берасьці суд над апазыцыйным актывістам Алесем Чаркашыным, якога суткі пратрымалі ў вар’ятні, перанесьлі.

Алеся Чаркашына 17 сьнежня прывезьлі ў Ленінскі суд Берасьця, але суд не адбыўся. Міліцыянты завезьлі актывіста ў РАУС, дзе і адпусьцілі. Спадар Чаркашын кажа, што суд накіраваў пратакол на дапрацоўку.

Актывіст апавёў «Свабодзе», як ён правёў суткі ў псыхіятрычнай лякарні:

«Іх зацікавіў той момант, што ў мяне былі рукі ў фарбе, ланцуг і гэтак далей... Таму яны палічылі, што трэба прайсьці нейкае дадатковае абсьледаваньне. Ці сапраўды я адэкватны чалавек. Амаль суткі я там правёў. Гэта былі розныя псыхалягічныя тэсты. Там я адмовіўся ад ежы, суткі ня еў, ня піў, ніякіх аналізаў не здаваў і гэтак далей. Потым была гутарка з галоўным урачом, зь якім мы добра паразмаўлялі на розныя тэмы. Пасьля таго ён мне сказаў, што ніякіх пытаньняў да мяне няма, і праз гадзіну па мяне прыехалі міліцыянты і завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня».

Алесь Чаркашын не шкадуе, што зладзіў пэрформанс. Актывіст кажа, што, верагодна, яго пакараюць штрафам:

«Я спадзяюся, што сутак ня будзе. Спадзяюся на тое, што проста штраф дадуць».

Цяпер, кажа Алесь, у яго адзінае жаданьне — дабрацца да хаты, памыцца і паесьці.

Паплечнік Алеся Чаркашына, каардынатар БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай назваў зьмяшчэньне актывіста ў вар’ятню палітычна матываваным:

Зьміцер Шурхай

Зьміцер Шурхай

«Я лічу, што гэта такая пратэстная акцыя. Цяпер любыя акцыі пратэсту запатрабаваныя, цяпер іх няма, ніхто нічога ня робіць. І ўсялякая акцыя будзе запатрабаванай. Я стаўлюся нармальна да гэтага пэрформансу».

Палітык выказаў спадзеў, што суд над Алесем Чаркашыным усё ж не адбудзецца, а справу закрыюць.

15 сьнежня Алесь Чаркашын зладзіў пэрформанс, у часе якога прамаўляў ля ганку Берасьцейскага аблвыканкаму, адзеўшыся «прарокам», абліўшы рукі чырвонай фарбай і абвязаўшы ланцугамі. У часе пэрформансу актывіст заклікаў улады пакаяцца за свае грахі перад народам. У адваротным выпадку, казаў «прарок», краіне пагражаюць няшчасьці.

Падчас акцыі да выступоўцы выйшаў міліцыянт, адказны за ахову аблвыканкаму, але не затрымліваў актывіста і прысутных журналістаў, а вярнуўся ў будынак. Пасьля 10-хвіліннага выступу Алесь Чаркашын сышоў, але празь некалькі хвілін міліцыянты затрымалі яго ў суседнім квартале.

З пастарунку Алеся Чаркашына завезьлі ў псыхіятрычную лякарню, каб правесьці экспэртызу, наколькі ён адэкватны. Суткі актывіст правёў у вар’ятні, потым ноч — у ізалятары РАУС.
Алесь Чаркашын пасьля вызваленьня

Алесь Чаркашын пасьля вызваленьня

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG