Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня здолее «накарміць увесь сьвет»


Перадвыбарчы плякат Аляксандра Лукашэнкі ў жыце, 2005 год
Перадвыбарчы плякат Аляксандра Лукашэнкі ў жыце, 2005 год

За 11 месяцаў гэтага году вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі ў Беларусі зьменшылася параўнальна з тым жа пэрыядам летась у супастаўных коштах на 3,9%.

Такія дадзеныя зьявіліся на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, беларускія аграрыі парушаюць галоўнае заданьне, якое Аляксандар Лукашэнка паставіў аграрнаму комплексу — «накарміць увесь сьвет».

Леў Марголін
Леў Марголін
«Спад у сельскай гаспадарцы — гэта ня вынік нейкіх прыродных фактараў, — сказаў Свабодзе эканаміст Леў Марголін. — Насамрэч у нас ідзе паступовая дэградацыя сельскай гаспадаркі. Многія аграрныя прадпрыемствы, якія калісьці былі гонарам краіны, дзе кіраўнікі былі Героямі сацыялістычнай працы, цяпер проста гібеюць. Мне гэта добра вядома, паколькі я жыву ў Барысаве, на прыкладзе знакамітага калісьці саўгаса „Старабарысаў“. Ён зьмяніў ня толькі назву, але і перайшоў у разрад слабых. Гаспадарку давялі да таго, што кіраўніцтва нават само ня можа распараджацца ўласнымі грашыма без дазволу раённай адміністрацыі. Гэта і ёсьць зьвёны аднаго ланцуга, які даводзіць сельскую гаспадарку да дэградацыі.

І калі мы параўнаем наш аграрны комплекс з заходнімі, то там прыродныя фактары амаль не ўплываюць на прадукцыйнасьць працы».

Леў Марголін зьвяртае ўвагу і на тое, што сёлета ў Беларусі зьмяншаецца вытворчасьць малака. А гэта вельмі важна для эканомікі, бо сухое малако карыстаецца попытам, яго можна прадаваць далёка за межы краіны, напрыклад, у Вэнэсуэлу, Індыю, Інданэзію...

«У Беларусі некалькі гадоў таму прынялі спэцыяльную праграму павелічэньня вытворчасьці малака, — кажа эканаміст Марголін. — Згодна зь ёй павінны былі пабудаваць больш за 100 сучасных малочнатаварных фэрмаў. Меркавалася, што гэта пазбавіць малочную галіну ад сэзонных перападаў. Заплянаваная мадэрнізацыя нібыта скончылася. Праўда, грошай на яе спатрэбілася ўдвая болей, чым плянавалася. А вынік сумны — малочная вытворчасьць скарачаецца.

Нам патрэбна карэннае рэфармаваньне малочнай галіны, усёй сельскай гаспадаркі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG