Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Данькова: Апасаюся выказвацца пра сапраўдныя прычыны перасьледу майго мужа


Юры Данькоў

Юры Данькоў

На працэсе ў Маскоўскім судзе Менску з апошнім словам выступіў уладальнік аднаго зь першых беларускіх казіно Юры Данькоў, якога вінавацяць у арганізацыі прытону ды іншых злачынствах.

Юры Данькоў прамаўляў апошняе слова на працягу 15–20 хвілін. Пра гэта ведае жонка бізнэсоўца Натальля Данькова, якая праседзела гэты час пад дзьвярыма судовай залі. Падрабязнасьці прамовы мужа Натальлі Даньковай невядомыя, але за сэнс яе яна ручаецца:

Натальля Данькова

Натальля Данькова

«Нічога дакладна не вядома, але ведаю, што вінаватым ён сябе не прызнаў. Напярэдадні я напісала яму пра тое, што дзяўчаты, якія супроць яго даюць паказаньні, знаходзяцца на ўліку ў міліцыі як прастытуткі. Паводле зьвестак, на іх таксама заведзеная крымінальная справа, таму іх нельга лічыць сьведкамі. Але ня ведаю, ці дайшла да яго гэтая інфармацыя. Яму няма ў чым прызнаваць сябе вінаватым, бо нічога супрацьзаконнага ён не рабіў. Я працавала разам зь ім і ведаю ягоную дзейнасьць, і лічу, што ўсе абвінавачаньні супроць яго — прыдуманыя».

Карэспандэнт: «Магчыма, вам удалося яго пабачыць? Як ён выглядае, як пачуваецца?»

«Па-ранейшаму. Чалавек абмежаваны ў ежы, у вітамінах, у сонцы, і натуральна, што выглядае адпаведна таму, як харчуецца і ў якіх умовах там жыве».

Уладальнік славутага казіно «Данькоў-клюб» Юры Данькоў быў арыштаваны ў верасьні мінулага году і абвінавачаны паводле 7 пунктаў, у тым ліку — ува ўцягваньні ў прастытуцыю, утрыманьні прытону, нявыплаце падаткаў, падробцы дакумэнтаў ды іншых злачынствах. Суд над Юрыем Даньковым у Маскоўскім судзе Менску ішоў тры месяцы, судзілі бізнэсоўца за зачыненымі дзьвярыма. Вядома, што на судзе выступілі дзясяткі сьведак, некаторыя зь іх давалі паказаньні наконт прытону ў клюбе, нібыта арганізаванага Даньковым. Прозьвішчы гэтых сьведак не агалошваюцца. Натальля Данькова не выключае, што справу супроць яе мужа сфальшавалі, каб завалодаць будынкам у цэнтры гораду, дзе месьціўся «Данькоў-клюб», і разьмясьціць там новае казіно. Прадстаўнікі ўласьніка будынку па вуліцы Мясьнікова з Таварыства глухіх кажуць, што дагэтуль невядома, каму будзе здавацца ў арэнду былы будынак «Данькоў-клюбу».

Справу Юрыя Данькова разглядала судзьдзя Натальля Кузьняцова. Якім будзе яе прысуд Юрыю Данькову? Для сябе Натальля Данькова прыкладны адказ на гэтае пытаньне ўжо мае:

«Сумным. Такім, як запатрабаваў пракурор — 9 гадоў. Мяркую, судзьдзя на тым і спыніцца. Максымум, чаго можна чакаць, — калі здыме год ці два. Але для чалавека, які нічога незаконнага не рабіў — гэта як сьмяротнае пакараньне. Як маральнае сьмяротнае пакараньне. А чаму яго вырашылі пакараць? Ня ведаю. Дакладней, не хачу выказвацца пра гэта, каб не прынесьці яшчэ непрыемнасьцяў сабе, мужу і нашым дзецям».

У 1990-х гадах Юры Данькоў быў дэпутатам Менскага гарсавету, а на пачатку 2000-х гадоў спрабаваў стаць кандыдатам на прэзыдэнта, але не сабраў патрэбнай колькасьці подпісаў. Адна з вэрсіяў ягонага перасьледу — помста за палітычную актыўнасьць.

Таксама бізнэсмэн Юры Данькоў вядомы сваёй дабрачыннай дзейнасьцю.

Прысуд Юрыю Данькову агалосяць 23 сьнежня, паседжаньне павінна быць адкрытым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG