Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьлесару-праваабаронцу забараняюць працаваць


Анатоль Паплаўны
Анатоль Паплаўны

Камічную сытуацыю перажыў у сябе на працы 14 сьнежня сьлесар-інструмэнтальшчык гомельскага прыватнага прадпрыемства «Віпра», вядомы ў горадзе праваабаронца Анатоль Паплаўны.

Мінулая субота на прадпрыемстве была аб’яўленая працоўным днём — замест пераднавагодняга 31 сьнежня, паведаміў спадар Паплаўны Свабодзе:

«Я ўбачыў аб’яву і таксама выйшаў на працу, хаця кантракт у мяне заканчваецца 27 сьнежня. Дырэкцыя вырашыла яго не працягваць. Але загаду на звальненьне пакуль няма — ёсьць толькі пісьмовае паведамленьне дырэктара Ігара Шчагельскага на звальненьне з прыпіскай: „Дзякуем за добрасумленную працу!“

Калі б я ў працоўную суботу ня выйшаў на працу, то мяне законна маглі б звольніць за прагул».

Убачыўшы Паплаўнага на працоўным месцы, начальнік інструмэнтальнага цэху Аляксандар Міроненка загадаў яму пакінуць працу. Аднак безь пісьмовага загаду Анатоль зрабіць гэта адмовіўся.

Тады начальнік цэха прынёс на подпіс акт, прычым прыйшоў разам з аховай, сурдаперакладчыцай ды інспэктаркай па кадрах. Апошняя, дарэчы, дачка дырэктара, пачала здымаць Паплаўнага на фота. Дзеля чаго — ніхто сьлесару вышэйшай кваліфікацыі не патлумачыў.

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што пасьля атрыманьня папярэджаньня на звальненьне Анатоль Паплаўны зьвярнуўся ў суд з пазовам да дырэкцыі — тая парушала працоўны кантракт, рэгулярна затрымліваючы заробак Паплаўнаму ды іншым рабочым. Рэгіянальная ўправа Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы пацьвердзіла гэты факт.

І калі яшчэ й суд установіць парушэньне кантракту з боку дырэкцыі, Анатоль Паплаўны займее права звольніцца па ўласным жаданьні, ды яшчэ з выплатай кампэнсацыі.

Наконт суботняга інцыдэнту сьлесар падаў 16 сьнежня заяву дырэктару прадпрыемства, у якой напісаў, што начальнік цэху ды іншыя асобы парушалі заканадаўства, у прыватнасьці, Працоўны кодэкс і працоўны кантракт. У іх сказана, што ніхто ня мае права перашкаджаць працаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG