Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыкады ў Кіеве могуць стаяць да канца студзеня


Барыкады ў Кіеве

Барыкады ў Кіеве

Пячэрскі раённы суд Кіева абвясьціў перапынак у пасяджэньні па разглядзе пазову Кіеўскага гарадзкога савету аб ліквідацыі перашкод у карыстаньні вуліцамі, тратуарамі і пешаходнымі пераходамі шэрагу вуліц у цэнтры сталіцы Ўкраіны, у тым ліку майдана Незалежнасьці і вуліцы Храшчацік, да 28 студзеня 2014 года.

Пра гэта абвясьціла старшыня суду Вікторыя Гаркавая. Перапынак у пасяджэньні быў абвешчаны ў сувязі з сканчэньнем працоўнага дня.

Перад гэтым судзьдзя адхіліла хадайніцтва прадстаўнікоў апазыцыйнай партыі «Бацькаўшчына» аб адводзе судзьдзі.

Як заяўляў кіраўнік кіеўскай арганізацыі партыі «Бацькаўшчына» народны дэпутат Юрый Адарчанка, пазоў зьяўляецца абсурдным, паколькі, паводле яго слоў, прадугледжвае забарону карыстацца цэнтральнымі вуліцамі Кіева наогул усім.

«Кіеўскі гарадзкі савет сьцьвярджае, што ён зьяўляецца ўладальнікам дарог у горадзе, а таму як уладальнік патрабуе ад пэўных асоб спыніць карыстацца гэтымі дарогамі. Калі мы дазволім такім пазовам нават разглядацца ў судах, мы створым прэцэдэнт, які ў далейшым будзе выкарыстаны для судовага тэрору супраць грамадзян. Заўтра дзяржава зможа падаць у суд за тое, што мы дыхаем паветрам, якое належыць дзяржаве», — заявіў Адарчанка.
Заўтра дзяржава зможа падаць у суд за тое, што мы дыхаем паветрам, якое належыць дзяржаве

У Кіеве працягваюцца масавыя пратэсты з патрабаваньнем адстаўкі ўраду і аднаўленьня эўрапейскай інтэграцыі.

Прыхільнікі апазыцыі ўзьвялі на майдане Незалежнасьці і вуліцы Храшчацік у Кіеве барыкады, пратэстуючы супраць прыпыненьня працэсу эўраінтэграцыі Ўкраіны, а таксама сілавога разгону мітынгоўцаў 30 лістапада.

У намётавым мястэчку апазыцыі штодня знаходзяцца некалькі тысяч чалавек.
XS
SM
MD
LG