Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і Літва занепакоеныя расейскімі «Іскандэрамі»


«Іскандэр» на парадзе ў Маскве

«Іскандэр» на парадзе ў Маскве

Польшча і Літва выказалі занепакоенасьць у сувязі з плянамі Расеі разьмясьціць у Калінінградзкай вобласьці ракетна-зэнітныя комплексы «Іскандэр».

У панядзелак прэм’ер-міністар Літвы Альгірдас Буткявічус заявіў, што яго паінфармавалі аб разьмяшчэньні расейскай ваеннай тэхнікі на мяжы з балтыйскімі краінамі. Ён адзначыў, што больш падрабязнай інфармацыяй будзе валодаць у аўторак.

Літоўскі міністар абароны Юозас Алекас заявіў, што чым больш мілітарызаваным стане рэгіён, тым больш неспакойна там будзе, і што сытуацыя выклікае ў яго непакой.

Міністэрства замежных спраў Польшчы таксама выказала занепакоенасьць магчымым разьмяшчэньнем ракет «Іскандэр».

У Міністэрстве абароны Расеі адзначылі, што «Іскандэры» замовілі для Заходняй вайсковай акругі краіны, але не ўдакладнілі, дзе менавіта комплексы будуць разьмешчаныя.

Масква неаднаразова сьцьвярджала, што можа адказаць на мадэрнізацыю элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Эўропе разгортваньнем ракетных комплексаў «Іскандэр» паблізу эўрапейскіх межаў, а таксама іншымі захадамі.

Разьмяшчэньне ракетных комплексаў «Іскандэр» на тэрыторыі Заходняй вайсковай акругі не супярэчыць міжнародным пагадненьням, у якіх удзельнічае Расея, — заявіў начальнік упраўленьня інфармацыі Мінабароны Расеі генэрал-маёр Ігар Канашэнкаў.

Раней газэта «Більд» напісала, што Расея ў Калінінградзкай вобласьці ля мяжы з Літвой дыслякавала ракеты «Іскандэр».

Мабільныя ракеты «Іскандэр» прызначаныя для зьнішчэньня розных наземных цэляў, у прыватнасьці ракетных комплексаў, дальнабойнай артылерыі, аб’ектаў і сыстэм ПРА і СПА. Асаблівасьцямі гэтага комплексу спэцыялісты называюць высокую мабільнасьць, утоенасьць прымяненьня і малы час, неабходны для падрыхтоўкі да пуску.

Злучаныя Штаты таксама выказалі занепакоенасьць пасьля паведамленьняў аб разьмяшчэньні Расеяй ракет малой далёкасьці ў сваім самым заходнім рэгіёне, што мяжуе з Польшчай і Літвой.

Вашынгтон заклікае Маскву не дэстабілізаваць сытуацыю ў рэгіёне, гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту. Прэсавы сакратар ведамства Мары Гарф сказала, што занепакоенасьць ЗША выклікае разгортваньне ў Калінінградзкай вобласьці мадэрнізаваных ракет «Іскандэр-М», радыюс дзеяньня якіх складае 500 кілямэтраў. Гэтыя ракеты таксама могуць несьці ядзерныя боегалоўкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG