Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч едзе да Пуціна, Эўрамайдан рыхтуе Народнае веча


Віктар Януковіч і Ўладзімер Пуцін 22 кастрычніка 2013

Віктар Януковіч і Ўладзімер Пуцін 22 кастрычніка 2013

Украінская апазыцыя зьбірае сёньня Народнае веча на Эўрамайдане, каб засьцерагчы прэзыдэнта Януковіча ад падпісаньня ў Маскве дамоў, якія б маглі прывесьці да ўступленьня Ўкраіны ў Мытны саюз.

Лідэр партыі «Ўдар» Віталь Клічко заявіў, што «з розных крыніц зьяўляецца інфармацыя», што прэзыдэнт Віктар Януковіч падчас візыту ў Расею зьбіраецца «здаць ўкраінскую газатранспартную сыстэму ў абмен на зьніжку на газ».

«Афіцыйнай інфармацыі пра тое, што менавіта Януковіч зьбіраецца падпісваць, пакуль няма. Але з розных крыніц вядома, што дамоўленасьці былі дасягнутыя, яшчэ калі Януковіч таемна лётаў у Маскву ў лістападзе. Гэта тычыцца атрыманьня грошай. Але ўсе мы ведаем, што проста так даваць грошы ніхто ня будзе. Ёсьць інфармацыя, што будзе зьніжка ў цане на газ у абмен на ўкраінскую трубу», — заявіў Віталь Клічко на брыфінгу ў Штабе нацыянальнага супраціву.

«Газатранспартная сыстэма — гэта стратэгічны аб’ект Украіны, і мы не дапусьцім здачы Януковічам нацыянальных інтарэсаў», — адзначыў Віталь Клічко.

Ніякіх пацьверджаньняў або пярэчаньняў гэтых слоў з іншых крыніц няма.

Украінская апазыцыя асьцерагаецца, што Віктар Януковіч можа ў Маскве таксама падпісаць дамоўленасьці аб зьмене курсу Ўкраіны на прарасейскі. У сувязі з гэтым апазыцыя склікае на 18 гадзін на майдане Незалежнасьці ў Кіеве чарговае Народнае веча.

Ва ўрадзе гэта адмаўляюць і заяўляюць, што спадзяюцца наблізіцца да новай дамоўленасьці па пытаньні цаны на газ, не ўдакладняючы, на якіх менавіта ўмовах.

Украіна вядзе перамовы з Расеяй аб прадстаўленьні ёй крэдыту на суму да 15 мільярдаў даляраў, напісала ўчора агенцтва Bloomberg са спасылкай на «двух людзей , знаёмых зь перамовамі».

Паводле агенцтва, адзін з гэтых людзей сказаў, што Ўкраіна ўжо сёлета зможа атрымаць ад Расеі крэдыт у пяць мільярдаў даляраў.

Прамых пацьверджаньняў або пярэчаньняў гэтых зьвестак зь іншых крыніц пакуль няма.

Агенцтва паведамляе, што Міністэрства фінансаў Расеі толькі пацьвердзіла, што абедзьве краіны вядуць перамовы пра ўзычэньне Ўкраіне пазыкі ад Расеі.

Таксама агенцтва прывяло словы міністра энэргетыкі Ўкраіны Эдуарда Ставіцкага, які сказаў, што ёсьць «вялікая верагоднасьць», што Ўкраіна і Расея заключаць новае пагадненьне па цане на газ у ходзе візыту прэзыдэнта Ўкраіны ў Маскву, які адбудзецца сёньня.

Памочнік прэзыдэнта Расеі Андрэй Белавусаў сёньня не выключыў, што Расея можа даць Украіне крэдыт. Паводле яго слоў, у Крамлі мяркуюць, што рашэньне аб узычэньні крэдыту можа быць прынятае ўжо сёньня.
XS
SM
MD
LG